4 траўня 2024, Субота, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы сталі больш ахвотна наведваць музеі

1
Беларусы сталі больш ахвотна наведваць музеі
ФОТА З САЙТА CHATOFF.BY

У 2015 годзе колькасць наведвальнікаў музеяў вырасла на 5% да ўзроўню 2014 года.

У Беларусі расце колькасць наведвальнікаў музеяў, паведаміў 1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Магілёве міністр культуры Барыс Святлоў.

Так, паводле ягоных словаў, у 2015 годзе колькасць наведвальнікаў музеяў вырасла на 5% да ўзроўню 2014 года, дасягнуўшы 6 млн 158 тыс. 277 чалавек, паведамляе БелаПАН.

1 кастрычніка ў Магілёве адкрыўся III Нацыянальны форум «Музеі Беларусі». Ягонай тэмай стала праца музеяў у новай крэатыўнай эканоміцы, а дэвізам: «Руйнуючы стэрэатыпы, пераадольваючы кансерватызм».

Паводле словаў Святлова, такі рост наведвальнікаў адбыўся сярод іншага дзякуючы таму, што музеі своечасова аднаўляюць экспазіцыі, прывабліваюць гледача, выкарыстоўваючы інавацыйныя падыходы.

«Музей паводле вызначэння структура досыць традыцыйная і кансерватыўная. І не трэба баяцца гэта прызнаваць. У гэтым кансерватызме ёсць і свае станоўчыя бакі, і тое, што ўступае ў супярэчнасць з патрабаваннямі часу, які неверагодна развіваецца і рушыць наперад», – адзначыла ў сваю чаргу генеральная дырэктарка Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве Зельфіра Трэгулава.

На ейную думку, сённяшні наведвальнік музея адрозніваецца ад таго, які прыходзіў 30 гадоў таму.

«Калі сёння мы не будзем прытрымлівацца павеваў часу і будзем старацца прытрымлівацца нейкіх традыцыйных, звыклых прыёмаў працы з гэтым гледачом, то мы яго страцім», – сказала Трэгулава.

У форуме ў Магілёве, паводле інфармацыі Святлова, удзельнічаюць 120 музеяў і арганізацый-партнёраў: 98 музеяў працуюць у сістэме Міністэрства культуры, 9 – Міністэрства адукацыі, па адным – міністэрстваў аховы здароўя, а таксама спорту і турызму, 11 удзельнікаў – партнёры музеяў.

«У гэты час такія форумы неабходныя для таго, каб людзі маглі сустрэцца, паглядзець тое, што робяць іхнія калегі з іншых музеяў, маглі насыціцца ідэямі і думкамі, якія падштурхнуць іх да нейкіх далейшых дзеянняў. Са свайго боку яны могуць падзяліцца ўласнымі ноу-хау. А я ўпэўненая, што нават у самым маленькім музеі ёсць рэчы, якім варта павучыцца іншым музеям», – заявіла кіраўнічка Траццякоўскай галерэі.

Паводле словаў Святлова, галоўная праблема для музеяў Беларусі – тое, што пры 3 млн 300 тыс. адзінак экспанатаў, якія ёсць у фондах музеяў, вялікая колькасць патрабуюць рэстаўрацыі, аднаўлення і ўвядзення ў экспазіцыйны зварот.

«Гэта галоўная праблема, якая існуе як для рэспубліканскіх музеяў, так і для музеяў у кожнай вобласці. Лічбы адрозніваюцца, але прыкладна на кожную вобласць прыпадае да 20 тыс. адзінак, якія патрабуюць першачарговай рэстаўрацыі», – сказаў ён.

За апошні час у Магілёўскай вобласці адкрыліся два новыя раённыя музеі, паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

У сваю чаргу генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў паведаміў наконт планаў адкрыцця ў Траццякоўскай галерэі ў 2017 годзе экспазіцыі ў межах святкавання 145-годдзя з дня нараджэння беларускага жывапісца-пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках