4 траўня 2024, Субота, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кавалеўскі: Палітыка Клінтан адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі

4
Кавалеўскі: Палітыка Клінтан адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі
Хілары Клінтан

Клінтан разумее нашу сітуацыю і аддае вялікую ўвагу пытанням каштоўнасцяў – дэмакратызацыі і правоў чалавека.

Пасля дэбатаў у панядзелак паміж Хілары Клінтан і Дональдам Трампам іхнія шанцы на перамогу засталіся прыкладна роўнымі.

Хто з дваіх кандыдатаў у прэзідэнты ЗША больш выгодны для Беларусі, «Белсату» тлумачыць Валер Кавалеўскі з Беларуска-амерыканскага задзіночання.

– Калі параўнаць першы раўнд дэбатаў – чым ён адрозніваецца ад другога і трэцяга? І што, уласна кажучы, чакаць ад наступных?

– Першы раўнд быў вельмі важным, а таксама вельмі нервовым і для саміх кандыдатаў, і для іх прыхільнікаў, бо было невядома як ён пройдзе: кандыдаты – вельмі розныя па тэмпераменце, стылю і кваліфікацыях. Клінтан добра валодае фактурай, але Трамп вельмі ўдала выступае на такіх мерапрыемствах. Таму была інтрыга ў тым, як такія розныя фігуры з сабой сыдуцца, як будуць узаемадзейнічаць, якая ідзе дынаміка.

Аказалася, што падрыхтаванасць Клінтан згуляла вельмі важную ролю: Трамп быў скаваны і не мог выступаць упэўнена з такім бязмежжам формаў і эпітэтаў, якія ён дазваляе сабе ў звычайных умовах, ён не мог карыстацца сваімі метадамі. Было відавочна, што Клінтан яго пераўзыходзіць: тут пытанні і стылю, і манераў, і рэакцыі на рэмаркі апанента.

Клінтан з самага пачатку пачала разгойдваць Трампа дробнымі, але трапнымі ўколамі, калі яна звярталася да ягонай біяграфіі і да папярэдніх выказванняў – яна дэманстравала, што ў чалавека недастаткова кваліфікацый, недастаткова маральнага бэкграўнду.

– Наколькі катастрафічнай для Амерыкі будзе перамога Трампа?

– Людзі, якія маральна рыхтуюцца да перамогі Трампа, кажуць, што ў Амерыцы ёсць сістэма балансаў, якая стрымлівае і ўраўнаважвае выканальную ўладу. Заканадальная ўлада не дазваляе прэзідэнту быць занадта ўплывовым. Але мы бачым, што Трамп таксама можа пераходзіць пэўныя межы ў сваіх пастановах, падыходах і рыторыцы. Ён нават цяпер пераходзіць межы дзейных законаў. У прэзідэнта дастаткова паўнамоцтваў, каб прымаць уласныя пастановы нават насуперак Кангрэсу. Напрыклад, калі Кангрэс у адпачынку, прэзідэнт можа прымаць пастановы без ухвалення заканадальнага органа.

Я бачу значную пагрозу ў тым, што Трамп можа быць абраны: ЗША – эканамічны, палітычны і ваенны лідар у свеце, і падобныя змены ў канфігурацыі ўлады, змены ў падыходах да міжнародных праблемаў могуць мець сур'ёзныя наступствы для ўсяго свету.

– А для саміх Штатаў? Ці можа здарыцца новая Вялікая дэпрэсія, калі, напрыклад, Трамп абмяжуе прыток у краіну мігрантаў?

– Думаю, гэта можа здарыцца, але сістэма, вядома, будзе супраціўляцца – Трампу будуць супрацьстаяць Кангрэс, грамадзянская супольнасць, палітычныя партыі.

У саміх рэспубліканцаў няма адзінства і згоды з тым, што кажа Трамп – яны проста хочуць, каб да ўлады прыйшоў рэспубліканец, які пераключыць парадак дня на больш кансерватыўныя тэмы. Яны зусім не згодныя з тым, што трэба будаваць сцены або выганяць з краіны ўсіх мусульманаў і нелегальных мігрантаў.

Ёсць і эканамічныя прычыны: фондавыя рынкі маюць у Штатах вялікае значэнне, і як яны адрэагуюць на магчымае абранне Трампа, на ягоныя ідэі і пастановы, якія ён будзе прасоўваць, – гэта складанае пытанне. Калі іх рэакцыя будзе адмоўнай, гэта можа паўплываць на гатоўнасць Трампа ў рэалізацыі сваіх ідэй.

– Хто з дваіх кандыдатаў больш адпавядаў бы на пасадзе прэзідэнта нацыянальным інтарэсам Беларусі?

– Хілары Клінтан значна больш ведае Беларусь. Яна была ў Беларусі разам са сваім мужам, прэзідэнтам Білам Клінтанам у 1994-м годзе. Яна мела дачыненне да беларускага пытання – і да заканадаўства, і да ініцыятыў, – калі яна была сенатарам і пасля, калі яна была дзяржсакратаром Злучаных Штатаў.

Яна разумее нашу сітуацыю і аддае вялікую ўвагу пытанням каштоўнасцяў – дэмакратызацыі, правоў чалавека, пра дэфіцыт якіх у Беларусі яна ведае.

У адрозненне ад Клінтан, для Трампа гэта не тэма: у яго няма ніякага досведу ў міжнародных адносінах і ён не разумее фундаментальных прынцыпаў вядзення знешняй палітыкі. Ён скептычна выказваецца пра ролю NATO як гаранта стабільнасці ў Еўропе.

Вельмі важна тое, што ён па-сяброўску ставіцца да дыктатарскіх рэжымаў, камплементарна выказваецца пра Уладзіміра Пуціна і скептычна – пра Украіну. З невядомых прычынаў ён адмовіўся сустракацца з Пятром Парашэнкам, калі той быў у ЗША на Генеральнай асамблеі ААН – гэта істотны сігнал. Ён ужо казаў пра тое, што будзе гатовы прызнаць расейскую анэксію Крыма як законную. У асяроддзі Трампа даволі шмат людзей, якія маюць наўпростыя інтарэсы ў Расеі, і, як сцвярджаюць некаторыя СМІ, могуць знаходзіцца пад пэўным расейскім уплывам.

Палітыка, якую збіраецца праводзіць Хілары Клінтан, больш адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі.

– Змог бы Трамп тэарэтычна пасябраваць з Лукашэнкам?

– Тэарэтычна ўсё магчыма. Думаю, што калі б Лукашэнка скарэктаваў сваю ўнутраную і вонкавую палітыку, правёў пэўныя палітычныя рэформы, ён мог бы сустрэцца ўжо і з Абамам – не цяпер, калі тут засталіся лічаныя дні да заканчэння ягонага тэрміну, але тады, калі ён кіраваў Амерыкай. (Год таму Лукашэнка сустрэўся з Абамам, але для пратаколу: прыём у Абамы адбыўся 29 верасня і быў прысвечаны кіраўнікам дэлегацый на 70-й Генеральнай Асамблеі ААН. – Заўвага.)

Калі б Лукашэнка правёў у краіне пераўтварэнні, былі б шанцы сустрэцца і з Хілары Клінтан. Як мы бачым, прэзідэнты амаль усіх постсавецкіх, нават аўтарытарных, краінаў, як Казахстан ці Азербайджан, сустракаюцца з амерыканскімі прэзідэнтамі. Гэта адбываецца часта і рэгулярна, і не з'яўляецца чымсьці незвычайным. Гэта для нас – сенсацыя, а для іншых краін – норма.

– Які Ваш асабісты прагноз паводле выніках выбараў?

– Пакуль цяжка сказаць – дынаміка складаная. Тое, што першыя дэбаты прайшлі на карысць Клінтан, дадае ёй станоўчай дынамікі. Трамп зрабіў некалькі сур'ёзных памылак – асабліва, калі сказаў, што тое, што ён можа пазбягаць аплаты федэральных падаткаў азначае, што ён вельмі разумны. Гэтыя памылкі цяпер актыўна выкарыстоўваюцца ў СМІ і ў прэзідэнцкай кампаніі Клінтан.

Тое, што ў першым раўндзе перамагла Клінтан, вельмі ёй дапаможа прадаўжаць гэта наступ і перамагаць. Ёй неабавязкова цяпер рызыкаваць у нейкіх момантах, а дастаткова прытрымлівацца таго класу, якім яна ўжо валодае.

Пра вынікі выбараў сказаць цяжка – кандыдаты робяць памылкі, могуць усплыць нейкія новыя факты і інш. Расейскія хакеры хваліліся тым, што пакажуць новыя паперы, якія кампраметуюць Клінтан. Гэта значыць, магчыма ўсё. Бакі не здаюцца і спрабуюць падарваць аўтарытэт адно аднаго, таму вельмі рана казаць, як пройдуць выбары. Да іх засталося шэсць тыдняў – цяпер будзе нашмат больш падзей, рытм будзе павялічвацца з кожным днём.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках