6 траўня 2024, панядзелак, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пустая вайсковая каса Расеі

12
Пустая вайсковая каса Расеі

У крамлёўскіх «стратэгаў» ёсць адна важная праблема - практычна пусты вайсковы бюджэт.

Расея «практычна штодня выяўляе для сябе новыя пагрозы з боку ЗША», піша палітычны аглядальнік нямецкай газеты Frankfurter Rundschau Штэфан Шоль (пераклад - inopressa.ru). Пазаўчора, да прыкладу, кіраўнік прэс-службы Крамля Пяскоў і Генштаб паскардзіліся на тое, што амерыканская сістэма ПРА ва Усходняй Еўропе пагражае расейскім спадарожнікам сувязі, ядзернаму патэнцыялу Расеі і яе бяспецы агулам. Расейскае Мінабароны штодня пагражае прадстаўнікам ЗША, што бітва за Алепа можа перарасці ў ваенны канфлікт. Таксама Расея размяшчае ракетныя комплексы «Іскандэр» у Калінінградскай вобласці, Дзярждума дэманстратыўна заяўляе пра бестэрміновую ваенную аперацыю ў Сірыі, а кіраўніцтва краіны ўслых разважае пра вяртанне закрытых у 2002 годзе вайсковых баз у В'етнаме і на Кубе.

«Але ў расейскіх стратэгаў ёсць адна праблема, а менавіта - практычна пусты вайсковы бюджэт», - падкрэслівае аўтар. Расейскае Мінфінансаў, паводле звестак газеты «Коммерсант», збіраецца ў трох найбліжэйшых гадавых бюджэтах скараціць вайсковыя выдаткі на 6% для фінансавання 31 тэрміновага нацпраекту накшталт будаўніцтва сямі новых стадыёнаў для Чэмпіянату свету ў футболе ў 2018 годзе, узвядзення ахоўных дамбаў на поўначы Расеі і мадэрнізацыі дзіцячага лагера «Артэк» у Крыме.

Так, разважае нямецкае выданне, калі верыць расейскім экспэртам, то расейскае войска ў стане выйграваць вайну даволі танна. Паводле звестак РБК, за год Расея выдаткавала на аперацыю ў Сірыі 940 млн даляраў. Для параўнання, выдаткі заходняй кааліцыі, якая змагаецца з «Ісламскай дзяржавай», склалі за два гады 9 млрд даляраў. Расейскі вайсковы экспэрт Віктар Літоўкін тлумачыць гэта тым, што «расейская эскадрылля ў Сірыі нешматлікая, а паліва і ракеты каштуюць ледзь даражэй, чым падчас вайсковых вучэнняў у Расеі, на якіх цяпер можна эканоміць». Тым больш, што пасля захопу Алепа адбудзецца пералом, і аперацыя, з ягоных словаў, «стане абыходзіцца Расеі танней».

Але ў Сірыі, прадаўжае Шоль, ёсць і сакрэтныя артыкулы выдаткаў накшталт «Групы Вагнера», якая, паводле інфармацыі, дасягае колькасці ў 2,5 тысяч чалавек. Гэтыя прафесійныя найміты - па большай частцы жаўнеры расейскага войска - таксама падтрымлівалі сепаратыстаў на Данбасе. Мінабароны зняпраўджвае той факт, што яны ваююць у Сірыі, - у адрозненне ад шматлікіх паказанняў сведак і фатаграфій у сацыяльных сетках. Паводле ацэнак РБК, яны могуць «каштаваць дзесьці 90-180 млн даляраў, прычым інфармацыі аб тым, з якой крыніцы ім плацяць, няма».

Пры гэтым Сірыя - не адзінае месца, дзе ваюе Расея. Так, з 2014 года яна надае падтрымку сепаратыстам на Данбасе, прычым не толькі вайсковую, але і эканамічную. Штогадовыя сацыяльныя выплаты Данецку І Луганску, якія знаходзяцца ў жаласным стане, складаюць, паводле ацэнак «Маскоўскага камсамольца», прыкладна 10 млрд даляраў на год.

Новая ж канфрантацыя з Захадам «абыдзецца Расеі яшчэ даражэй». Экспэрт Літоўкін звяртае ўвагу на той факт, што «дагэтуль невядома пра тое, у якую суму Расеі абышліся савецкія базы ў В'етнаме і на Кубе».

«Пры гэтым эканамічная сітуацыя ў краіне крытычная, - прадаўжае журналіст. - ВУП на 2016 год скараціўся ў параўнанні з 2013 годам амаль удвая да 1,13 трлн даляраў і стаў нават меншым, чым у «праблемнага дзіцяці Еўразвязу» Партугаліі». А з прычыны падзей на нафтавым рынку эканамічнага паляпшэння ў агляднай будучыні не прадбачыцца. Вядома ж, можа «здарыцца так, што новая халодная вайна Расеі будзе мець меншыя маштабы, чым гавораць, ці ж Крэмль будзе даваць свайму войску больш грошай, чым паказваецца ў афіцыйным бюджэце», мяркуе расейскі фінансіст Дзмітрый Лукашоў. «Але было б дзіўна, калі б выдаткі на абарону патрапілі пад скарачэнне ў той час, як паблізу граніц тлее ваенны канфлікт», - дадае ён.

«Таму хутчэй варта баяцца таго, што грамадзянскай Расеі зноў давядзецца тужэй зацягнуць паясы», - рэзюмуе Шоль.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках