6 траўня 2024, панядзелак, 1:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У судзе над Эдуардам Пальчысам абвешчаны перапынак да 24 кастрычніка

1
У судзе над Эдуардам Пальчысам абвешчаны перапынак да 24 кастрычніка

Паведамляецца, што на наступным тыдні судовы працэс можа закончыцца.

У судзе над блогерам Эдуардам Пальчысам абвешчаны перапынак да 10 гадзін 24 кастрычніка, паведаміў сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. Працэс праходзіць у Менскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме.

Са спасылкай на адваката абвінавачанага палітык адзначыў, што на наступным тыдні судовы працэс можа закончыцца, піша БелаПАН.

У дні суда над Пальчысам (14, 17-20 кастрычніка) актывісты розных апазіцыйных арганізацый прыходзілі да будынка суда з партрэтамі блогера і бел-чырвона-белымі сцягамі, каб выказаць падтрымку Пальчысу.

Супрацоўнікі міліцыі ўважаюць акцыі за незаконныя, складаючы на яе ўдзельнікаў пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. 20 кастрычніка пратаколы складзеныя на Севярынца, Змітра Дашкевіча, Максіма Вінярскага, Мікалая Дземідзенку, Уладзіміра Яроменка, Алеся Макаева, Вольгу Маёраву, Сяргея Пальчэўскага, Вольгу Нікалайчык, Віктара Кулака і Сяргея Стрыбульскага.

За пяць дзён суда ў дачыненні да актывістаў складзена ўжо амаль 50 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Актывісты маюць намер прадоўжыць акцыю салідарнасці 24 кастрычніка.

Дваццаціпяцігадовы рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы як Джон Сільвер, абвінавачваецца ў распальванні варожасці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч 1 арт 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК). У канцы жніўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыўся грамадзянскі працэс аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com. Гэтыя слуханні таксама праходзілі ў закрытым рэжыме.

Сайт 1863x.com быў створаны амаль два гады таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі ды Расеі. Стваральнік рэсурсу вёў яго на ўмовах ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з рэдактарам быў інтэрнэт, з дапамогай якога ён камунікаваў з аўтарамі і даваў інтэрв'ю. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы Беларусі ўважаюць крымінальную справу блогера за палітычную.

5 кастрычніка шэсць беларускіх арганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, выступілі з супольнай заявай, у якой прызналі Пальчыса палітычным вязнем. З іх ацэнкі, публікацыі, за якія судзяць Пальчыса, з'яўляюцца «не больш чым аўтарскім меркаваннем на шэраг гістарычных падзей і фактаў» і «не ўтрымліваюць доваў распальвання вайны, гвалту або нянавісці, не маюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя і маральнасці грамадства».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках