26 красавiка 2024, Пятніца, 8:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Вольскi: ОК, усё ОК

8
Лявон Вольскi: ОК, усё ОК
ФОТА: NOVYCHAS.BY

Гісторыя пра легенду беларускага року Лявона Вольскага.

Журналісты «Радыё Свабода» знялі 17-хвілінны фільм пра рок-караля Беларусі, легендарнага музыку Лявона Вольскага.

Вернасць сваім прынцыпам, пераслед з боку ўладаў, роля ў жыцці музыкі ягонай жонкі Ганны, непаўторная энэргетыка свабоды пасля развалу СССР – усім гэтым Лявон Вольскі, ягоныя калегі і ягоная дачка Адэля Вольская дзеляцца з журналістамі.

«Героем я сябе не адчуваю. Але я адчуваю за сабой пэўную цвёрдую пазіцыю, якую я не збіраюся парушаць. Гэта значыць я магу дазволіць сабе некаторыя творчыя пераўвасабленні, але генеральная лінія заўсёды застаецца адна, і я не збіраюся яе мяняць», – апавядае Лявон Вольскі.

«Усё пачалося з таго канцэрта, “прысвечанага” 10-годдзю кіравання Лукашэнкі (канцэрт 21 ліпеня 2004 года – рэд.). Там з даволі вострымі песнямі выступілі мы, “Палац”, “Нейра Дзюбель” – усе, каго потым забаранілі. Чамусьці забаранілі яшчэ і “Краму”, хоць яе не было на канцэрце. Тады ўжо пачаліся сапраўдныя ганенні», – кажа музыка.

«Я думаю далучыцца да бацькі і яму дапамагаць. Але з іншага боку я яго прашу падумаць над тым, каб з'ехаць у іншую краіну. Гэта значыць працаваць для Беларусі, але з іншага боку. Самі разумееце, якая сітуацыя цяпер у Беларусі», – падзялілася з журналістамі Адэля Вольская.

«У свой час мы адчувалі сябе першапраходцамі, рабінзонамі беларускага року. Тыя адчуванні, той тып стасункаў паміж людзьмі ўжо не паўторацца, але няма сэнсу настальгаваць, трэба ісці далей», – успамінае музыка.

«Ганна калісьці выцягнула мяне з такога багемнага існавання, якое не прадугледжвала шырокай папулярнасці, нейкага шырокага распаўсюджвання маіх думак, якія маглі б быць цікавымі для людзей. Яна падняла мяне на абсалютна іншы ўзровень», – дзеліцца Лявон успамінамі пра заўчасна памерлую жонку Ганну Вольскую.

«Развал Савецкага Саюза ўскалыхнуў вельмі многае. Ён даў людзям у душы асаблівую энэргетыку, усяліў пачуццё, што жыццё можа быць іншым. Што яшчэ наша пакаленне зможа пабудаваць сваю ўласную краіну і зажыць па-сапраўднаму», – апавядае Віктар Шаблінскі, канцэртны дырэктар NRM у 2000 – 2009 гады, і музыка згаджаецца з ім.

Фільм сканчаецца выкананнем знакамітай песні «ОК, тут усё ОК».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках