26 красавiка 2024, Пятніца, 5:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брутальны напад на падлетка ў Стаўбцоўскім раёне

30
Брутальны напад на падлетка ў Стаўбцоўскім раёне

Двое злачынцаў стралялі з пнеўматыкі ў 13-гадовага школьніка.

«Усю ноч пасля гэтага Улад уздрыгваў: «Не біце мяне, ці не страляйце». Зараз яму лягчэй. Два тыдні прайшло з таго вечара. З панядзелка, лекар дазволіў, вернуцца ў школу, хоць дагэтуль праз моцныя гематомы з хаты амаль не выходзіў», - распавядае Аляксандр Паўлавіч. Ён - тата 13-гадовага падлетка, у якога 8 кастрычніка стралялі з пнеўматыкі і збівалі двое хлопцаў.

Злачынства адбылося ў адной з вёсак Стаўбцоўскага раёна. Назву населенага пункта бацька пацярпелага просіць не ўказваць, піша tut.by.

На календары была субота, на гадзінніку 21.30, Улад з аднакласніцай вяртаўся дадому са школьнай дыскатэкі.

- іх было чацвёра - Улад і дзяўчынкі. Адну з дзяўчынак трэба было правесці ў бок бара: тут, ля ўстановы, гэтыя двое да іх і прысталі. Аднаму 19 гадоў, другому - 25. Паклікалі дзяўчынак. Дзеці праігнаравалі, працягнуўшы ісці. Хлопцам гэта, відаць, не спадабалася, яны дагналі кампанію, вырвалі з яе Улада і кулаком ударылі па твары. Дзяўчынкі спалохаліся і наўцёкі, сын вырваўся - і таксама бегчы, але не за ўсімі, а дадому.

На зброю казалі: «Гэта запальнічка, хочаш дакажам?» - І стрэлілі дзіцяці ў пераноссе. Куля прайшла побач з вокам, але яны не супакоіліся. Ля бара, недалёка ад якога гэта ўсё здарылася, ёсць возера, а побач з ім востраў, туды яны Улада і пацягнулі: адзін за капюшон, другі - за руку.

- І ніхто не бачыў?

- А каму бачыць? Дзяўчынкі разбегліся. Чаму яны не патэлефанавалі ў міліцыю, не паведамілі каму-небудзь з дарослых? Растлумачыць не могуць. Можа, паніка, можа, страх. А больш нікога побач не было.

- Але чаму Улад не закрычаў?

- Яны папярэдзілі: крыкнеш - будзе толькі горш. Па дарозе на востраў яны спыталі, колькі Уладу гадоў і ў якім класе вучыцца. Сын адказаў: восьмы клас, 13 гадоў. Ён у нас высокі - займаецца валейболам. Мабыць, яны не паверылі. Востраў - месца бязлюднае. У той вечар тут было цёмна, што адбываецца - у вёсцы не відаць і не чуваць. Тут іх фантазія разгулялася. Цягалі Улада па зямлі, крычалі: патопім! Наштосьці зноў пыталіся пра ўзрост. Паставілі на калені, білі нагамі. Потым павалілі, адзін сеў на ногі, другі трымаў рукі. Засунулі пісталет у рот і двойчы выстралілі... Цяпер, калі аналізую тое, што адбылося, думаю: у зброі, мабыць, было мала газу - гэта Улада і выратавала. Інакш кулі ўпіліся б яму ў скуру, і незразумела, якімі б сталі наступствы, а так ён змог іх выплюнуць. Пасля запыталіся, што Улад зрабіў для нашай вёскі і што гатовы прапанаваць ім за сваё жыццё. Сказалі раніцой прынесці ім пяць тысяч даляраў.

- Адкуль у дзіцяці такія грошы?

- Я не ведаю. Мы хоць і з адной вёскі, але я з гэтымі хлопцамі раней ніколі не перасякаўся. Потым даведаўся, той, якому 19, вучыцца ў Менску, любіць у нас у вясковым бары пасядзець. 25-гадовы - жанаты, дачку гадуе. Як ён на такое пайшоў, я наогул не разумею.

- А Улад іх ведаў?

- Толькі 19-гадовага, вясной разам у секцыю па футболе хадзілі. Не скажу, што яны сябравалі, але і непрыязнасці паміж імі не было. Ды і бачыліся ў апошні раз у траўні на трэніроўцы.

У нейкі момант ва Улада зазваніў тэлефон, на тым канцы слухаўкі - старэйшы брат. Яны далі яму адказаць, а потым адзін з іх выхапіў тэлефон і выкінуў у возера. Навошта? Яны так толкам і не патлумачылі.

- Улад паспеў сказаць брату, што здарылася?

- Не, баяўся, што яго зноў пачнуць біць і толькі адказаў: «Хутка прыйду». Потым аднаму з нападнікаў патэлефанавала дзяўчына, хлопцы вывелі Улада на праезную частку і папярэдзілі, каб праз дзесяць секунд яго тут не было.

Аляксандр Паўлавіч у той дзень працаваў дапазна. Бліжэй да дзесяці гадзін за мужам заехала жонка. Бацькі не бачылі, як сын вярнуўся дадому.

- Пад'язджаем, да машыны падбягае старэйшы, Дзяніс: «Тата, ідзі паглядзі, што з Уладам, я не ведаю, што рабіць». Думаў, яны паміж сабой пасварыліся. Я ў хату, клічу Улада, ён спускаецца з другога паверха, а ўвесь твар сіні: вока не відаць, вусны ў крыві, лабавая частка распухлая.

Выклікалі міліцыю, а пасля паехалі ў Стоўбцы ў бальніцу. Уладу зрабілі здымак, знялі пабоі, праверылі, каб не было страсення галаўнога мозгу, і далі накіраванне да хірурга.

- Пераломаў у яго няма. Толькі на вялікім пальцы правай рукі расколіна, мабыць, моцна стукнуўся, калі абараняўся. Зараз палец у гіпсе. Два тыдні Улад прасядзеў дома.

- А што з гэтымі хлопцамі?

- Іх затрымалі ў той жа вечар. Аднаго ў хаце, другога на дарозе. Мы калі ў бальніцу прыехалі, іх прывезлі на агляд. У аднаго, здаецца, было 1,4 праміле алкаголю ў крыві, у іншага 1,7. Малодшы на допытах ва ўсім прызнаўся, старэйшы сцвярджаў, што памятае часткова. З ім сыну ладзілі вочную стаўку.

- А пісталет у іх адкуль?

- Не ведаю, зброю пакуль так і не знайшлі, куды яны яе падзелі, не гавораць. Вёска ў нас спакойная, ніхто не можа паверыць, што такое адбылося. Да мяне падыходзілі іх родныя, перапрашалі. Ну, а якія тут цяпер словы. Дарую я ім, хай ім год спішуць, але ім з тым, што зрабілі, жыццё жыць.

- Вы настроены змагацца, каб пакаранне было максімальным?

- Цяжка адказаць, усё будзе залежаць ад Улада. Ад таго, што ён скажа ім на судзе. На вочнай стаўцы старэйшы з тых, хто нападаў прасіў у сына прабачэння, але той нічога не адказаў.

- Як думаеце, яны ўсвядомілі, што зрабілі?

- Не ведаю, мы бачыліся толькі са старэйшым, ён плакаў, паўтараў: «Прабачце, не разумею, што на мяне найшло». Хто ведае, можа, гэта шчыра, а можа, ахоўная рэакцыя.

Падазраваным прад'яўлена абвінавачанне ў злосным хуліганстве, учыненым з ужываннем зброі, яны пад вартай. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках