5 траўня 2024, Нядзеля, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дом выбітнага беларускага пісьменніка пусцілі на дровы

10
Дом выбітнага беларускага пісьменніка пусцілі на дровы
МІХАСЬ ЛЫНЬКОЎ

У Старым Сяле стаяў дом, у якім нарадзіўся Міхаіл Лынькоў - аўтар папулярнага апавядання для дзяцей «Міколка-паравоз».

Але цяжка знайсці гэта месца без мясцовага жыхара.

«Тут стаяў дом, я яго яшчэ памятаю - добры вясковы дом. Пляц быў абгароджаны. Я не ведаю, хто загадаў усё гэта знішчыць. Але знішчылі спачатку дом, а пасля калодзеж», - распавядае «Белсату» Аляксандр Содзікаў, тутэйшы жыхар.

Чаму зруйнавалі дом?

Высветлілася, што хату народнага пісьменніка, аўтара славутага «Міколкі-паравоза» знішчылі камунальныя службы. Хата пайшла на дровы. Што стала прычынаю?

«Прэзідэнт сказаў, каб ацяплялі жыллё, палілі ў печах дровамі. Вось таму ўсе старыя дамы, што стаялі ў Старым Сяле, у тым ліку Лыньковых, згарэлі ў кацельных», – дадаў Аляксандр Содзікаў.

Як распавялі мясцовыя жыхары, хата Лынькова была на балансе магілёўскай чыгункі. На ёй нават вісела шыльда ў гонар пісьменніка. Але ў адзін дзень яго не стала – і гэта, на жаль, не адзіны прыклад такога стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны ў краіне.

Закапалі ўсю памяць пра Міхася Лынькова

«Я лічу, што з гэтай хаты можна было зрабіць музей Міхася Лынькова. Хата была трывалая», – мяркуе Наталля Уласава, настаўніца матэматыкі.

У старасельскай школе хочуць стварыць мемарыяльны музей Лынькова. Але ці не запозна схамянуліся?

Няма ж нічога, ні мэблі… Зусім мала матэрыялаў

Але захавалася яшчэ старая школа, у якой вучыўся Лынькоў. Цяпер яна належыць жыхарцы Рагачова Даніце Галомзік, якая калісьці працавала ў Старым Сяле. Гэтая жанчына гатова перадаць будынак пад музей. Вось і ўсё, што сведчыць пра Лынькова ў ягонай роднай вёсцы. Усё менш застаецца тут людзей, якія могуць паказаць мясціны, звязаныя з жыццём класіка нашай літаратуры.

Сёлета ў Рагачове праходзіў Дзень беларускага пісьменства. Але і гэтая падзея не стала нагодай, каб аднавіць хату Міхася Лынькова ў Старым Сяле. Магчыма, наступнае пакаленне вяскоўцаў ужо не пакажа мясцін, дзе жыў класік.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках