5 траўня 2024, Нядзеля, 2:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінадукацыі патлумачыла, як будзе праходзіць нацыянальны экзамен

8
Мінадукацыі патлумачыла, як будзе праходзіць нацыянальны экзамен
ФОТА: BILA.BY

Форму нацыянальнага экзамену прапануецца зрабіць змешанай.

Міністэрства адукацыі Беларусі прапрацоўвае магчымасць правядзення праз некалькі гадоў для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі незалежнай атэстацыі і нацыянальнага экзамену, паведамляе БелТА.

«Абмяркоўваецца магчымасць правядзення ў 2019-2020 годзе незалежнай атэстацыі за 9-ы клас, а ў 2021-2022 навучальным годзе - нацыянальнага экзамену за 11-ы клас», - паведамілі ў прэс-цэнтры.

У Мінадукацыі адзначылі, што пытанні ўдасканалення формаў здачы экзаменаў абмяркоўваюцца стала. Ёсць розныя пункты гледжання на тое, як павінны здаваць экзамены выпускнікі сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.

«Адна з прапаноў тычыцца змены формы - замест здачы выпрабавання пісьмова ці вусна сваім настаўнікам у сваёй школе выпускнікам будзе прапанавана здаць выпускны экзамен незалежным экспэртам. Прымаць яго будуць педагогі іншых устаноў адукацыі, - распавялі ў міністэрстве. - Гэта дасць магчымасць спецыялістам ацаніць рэальныя веды школьнікаў і гімназістаў. Такая форма будзе прапанаваная як 9-м, так і 11-м класам».

Што тычыцца незалежнай атэстацыі за 9-ы клас, то прапрацоўваецца пытанне зместу і формы такога выпрабавання.

У 2014-2015 навучальным годзе Нацыянальны інстытут адукацыі правёў эксперымент «Апрабацыя мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі вучняў пасля сканчэння навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі». Эксперымент паказаў, што такая мадэль дазволіць павысіць аб'ектыўнасць ацэнкі вучэбных дасягненняў вучняў, калі экзамен дзеці здадуць незалежнай камісіі.

«На сёння гаворка ідзе аб здачы ўсё тых жа трох прадметаў – расейскай і беларускай мовы, матэматыкі. А вось як пройдзе выпрабаванне - гэта пастанова будзе прынятая ў найбліжэйшай будучыні», - падкрэслілі ў Мінадукацыі.

Форму нацыянальнага экзамену прапануецца зрабіць змешанай. Гэта азначае, што базай застанецца цэнтралізаванае тэставанне, а да яго дадасца вусная ці пісьмовая частка выпрабавання.

У міністэрстве звярнулі асаблівую ўвагу на тое, што ЦТ змен не зведае.

«Спецыялісты прапануюць падзяліць выпрабаванне на дзве часткі. Першую здаюць тыя, хто праходзіць выпрабаванне толькі як выпускны іспыт за курс сярэдняй школы, а першую і другую разам - для тых, хто наважыць прадоўжыць навучанне ў ВНУ, - растлумачылі ў прэс-цэнтры. - Як будзе праходзіць экзамен першай часткі - яшчэ абмяркоўваецца. Адназначна толькі адно - гэта будзе форма незалежнага экзамену».

Разглядаецца прапанова ўвесці ў другой частцы выпрабавання акрамя пісьмовых адказаў вусныя, у тым ліку розныя формы, разлічаныя на выяўленне здольнасцяў абітурыента ў залежнасці ад абранай спецыяльнасці.

«Гэтую частку, магчыма, будуць распрацоўваць самі ўніверсітэты ў залежнасці ад спецыяльнасці, на якую прэтэндуе абітурыент», - адзначылі ў міністэрстве.

У другой частцы нацыянальнага экзамену заданні будуць рознымі для розных спецыяльнасцяў.

«Так, калі ўзяць такі прадмет, як матэматыка, то вельмі складана падабраць аднолькавыя заданні для абітурыентаў, якія паступаюць на прыкладную матэматыку або на юрыдычныя спецыяльнасці», - дадалі ў Мінадукацыі.

Спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў вывучаюць магчымасці правядзення такога выпрабавання.

Таксама паведамляецца, што будзе праведзенае шырокае абмеркаванне гэтых прапаноў, вывучэнне меркавання грамадскасці - настаўнікаў, педагогаў, дэпутатаў, бацькоў, дзяцей.

«Пытанне прапрацоўваецца на будучыню і ніякіх рэформаў, тым больш «рэвалюцый», самім выпускнікам як базавай (9-ы клас), так і сярэдняй (11-ы клас) прыступкі перажыць не давядзецца. Гаворка, хутчэй, ідзе аб праверцы той падрыхтоўкі, якую вядуць школы і гімназіі», - рэзюмавалі ў Мінадукацыі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках