7 траўня 2024, aўторак, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Дзядок: Улады і надалей будуць круціцца, як вуж на патэльні

Мікалай Дзядок: Улады і надалей будуць круціцца, як вуж на патэльні
Мікалай Дзядок

Экс-палітвязень пракаментаваў прысуд Пальчысу і спрагназаваў, чым можа скончыцца суд над Кондрусем.

- Чаму, на ваш погляд, вызвалілі Эдуарда Пальчыса, бо пракурор прасіў досыць вялікі тэрмін?

- Усё банальна - уладам трэба манеўраваць паміж Захадам і Расеяй. Я і раней прагназаваў, што Пальчысу дадуць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Асудзіць яго на рэальны тэрмін - гэта значыць, атрымаць яшчэ аднаго прызнанага Захадам палітвязня, тым больш, што незадоўга да прысуду з Дзярждэпартамента ЗША адкрытым тэкстам сказалі: мы сочым за справай Пальчыса. У той жа час і апраўдаць блогера нельга было - гэта б дэвальвавала ўсю папярэднюю працу дзяржаўнай сістэмы. Таму абмежаваліся сімвалічным тэрмінам. Паводле прысудаў палітвязням можна прасачыць дзяржаўны вектар палітыкі: калі прысуды жорсткія, то гэта значыць, што ў гэты момант стасункі з Расеяй больш важныя. Калі мяккія - стасункі з Захадам больш важныя. Ну а тое, што абвясціў пракурор, наогул не мае значэння. У такіх справах пракурор, следчы, нават суддзя - ніхто. Пракурор мог хоць 10 гадоў прасіць, нікога «наверсе» гэта не цікавіць. Прысуды палітычным выносяцца на зусім іншым узроўні, - распавёў былы палітвязень Мікалай Дзядок у інтэрв'ю «Радыё Рацыi».

- Справа актывіста Уладзіміра Кондруся таксама перададзеная ў суд. Ці азначаюць прысуды Пальчысу і Дзмітрыя Паліенку, што можна чакаць такога выраку і наконт Кондруся?

- У справе Кондруся сітуацыя больш складаная, бо да яго нашмат меншая ўвага грамадскасці. І пра ступень увагі міжнародных інстытутаў да Кондруся судзіць таксама немагчыма - асабіста я яе не бачыў. Але галоўнае ў іншым - праваабаронцы прызналі Кондруся палітвязням. А гэта значыць, што калі яго асудзяць на рэальны тэрмін, уключацца міжнародныя механізмы абароны і, раней ці пазней, Захад так бы мовіць, «спытае» ў Лукашэнкі і за гэтага вязня. Гэта па-першае.

Па-другое, Кондрусь не з'яўляецца нейкім лідарам або актывістам, таму ніякага ўнутрыпалітычнага эфекту ад яго «закрыцця» ўлада не атрымае. Прасцей даць «хімію» і забыцца. Арыштавалі яго не мэтанакіравана, а, фактычна, на данос журналістаў (дарэчы, гэтаму ўчынку журналісцкая супольнасць, на мой погляд, не дала належнай ацэнкі). Калі б не данос - ён бы дагэтуль быў на волі. Проста сістэма працавала паводле інфармацыі, бо не магла не адпрацаваць. З гэтых прычын, мяркую, Кондрусь таксама атрымае «хімію» ці ўмоўны тэрмін.

- Ці можна ўважаць за рэпрэсіўную тактыку ўладаў, калі за краты не адпраўляюць, а выносяць прысуды з абмежаваннямі, даюць вялікія штрафы? І ці захаваецца такая сітуацыя надалей?

- Такую тактыку, безумоўна, можна і трэба ўважаць за рэпрэсіўную. «Хімія» (абмежаванне волі) - таксама не цукар. Чатыры парушэнні - і ты ў калоніі. Бывалыя зэкі называюць «хімію» «трамплінам у зону». Знаходзячыся на «хіміі», чалавек цалкам залежыць ад адміністрацыі, «назапасіць» парушэнняў і адправіць чалавека ў зону для супрацоўнікаў установы - лягчэй лёгкага. Акрамя гэтага, усе апошнія «палітычныя» ўжо правялі ад 6 да 9 месяцаў на Валадарцы - што ўжо само па сабе пакаранне. Не будзем забываць, што акрамя палітвязняў больш «раскручаных», ёсць менш «раскручаныя» - тры антыфашысты з Берасця, якія атрымалі тэрміны да 6-ці гадоў і цяпер сядзяць у калоніях. Антыфашыст Максім Ягнешка з Горадні атрымаў 3 гады «хіміі», 17-гадовы анархіст Андрэй Жамбурыеў - 3 гады хіміі «без накіравання», наперадзе суд над менскімі футбольнымі фанатамі-антыфашыстамі.

Усе гэтыя справы шытыя белымі ніткамі, са звычайных вулічных канфліктаў ці самаабароны. Дастаткова сказаць, што справа Жамбурыева спачатку была адміністратыўнай - «дробнае хуліганства», але калі пра яго даведаўся ГУБАЗ, з яго зрабілі «крымiнальніка». А справа пенсіянера Лапіцкага, якога накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную лякарню? А праваабаронцы Жамчужны і Бандарэнка, якія цяпер адбываюць свае тэрміны ў калоніях? Мы цяпер бачым, як у новых варунках рэпрэсіўны апарат прыстасоўваецца і прыдумляе новыя формы прэсінгу, каб не прыцягваць увагі замежных палісімэйкераў. Тыя, напэўна, думаюць, што раз у турму не пасадзілі, то можна заплюшчыць на гэта вочы - бо не ведаюць нашых рэалій. Уладзе ж галоўнае - трымаць сітуацыю пад кантролем, бо там выдатна разумеюць - толькі адпусці «стырно», і сітуацыя з палітычнай актыўнасцю народа можа выйсці з-пад кантролю.

Мой прагноз: улады будуць далей круціцца, як вуж на патэльні, але калі атрымаецца атрымаць крэдыт у МВФ ці Расеі, рэпрэсіўная палітыка зноў узмацніцца - пойдуць рэальныя тэрміны тым, хто даўно «намыліў вочы» КДБ і ГУБАЗ.

Нагадаем, 28 кастрычніка Менскі гарадскі суд прысудзіў блогера Эдуарда Пальчыса да абмежавання волі тэрмінам у 1 год і 9 месяцаў. Але ў ягоным выпадку дзень у следчым ізалятары ўважаецца за два, таму хлопцу застаецца толькі адзін месяц «хатняй хіміі». Раней праваабаронцы прызналі Пальчыса палітвязнем.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках