Пуцін прыпыніў пагадненне з ЗША аб утылізацыі зброевага плутонію
7- 3.10.2016, 12:59
- 13,863
Расея спрабуе шантажаваць свет новай гонкай ядзерных узбраенняў.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін распарадзіўся прыпыніць дзеянне пагаднення з ЗША аб утылізацыі залішняга зброевага плутонію. Гэта вынікае з адпаведнага ўказа, апублікаванага ў панядзелак, 3 кастрычніка, на афіцыйным партале прававой інфармацыі.
Згодна з дакументам, такая пастанова выкліканая «ўзнікненнем пагрозы стратэгічнай стабільнасці ў выніку недружалюбных дзеянняў» Вашынгтона ў дачыненні да Масквы.
У красавіку гэтага года Пуцін, выступаючы на медыяфоруме Агульнарасейскага народнага фронту, абвінаваціў ЗША ў «невыкананні сваіх абавязанняў у арганізацыі знішчэння зброевага плутонію». Прэзідэнт РФ «аргументаваў» свае словы заявай аб нейкай дзіўнай схеме з «растваральнікамі»: нібыта Вашынгтон змяніў у аднабаковым парадку тэхналогію ўтылізацыі плутонію, «разводзячы яго і ўтылізуючы дзесьці ў пэўных ёмістасцях».
Пагадненне аб утылізацыі залішняга зброевага плутонію павінна было практычна рэалізоўвацца ў 2009 годзе, аднак ўзніклі рознагалоссі ў аб'ёмах і крыніцах фінансавання, што затармазіла працэс. У 2010 годзе быў падпісаны дадатковы дакумент, паводле якога ўтылізацыя павінна пачацца ў 2018-м.
Дамова аб знішчэнні 68 тон зброевага плутонію, залішняга для патрэб абароны (па 34 тоны ад кожнага боку), была падпісаная Расеяй і ЗША ў жніўні 2000 года. Яна прадугледжвала перапрацоўку плутонію ў змяшанае ядзернае паліва для наступнага выкарыстання ў рэактарах.