27 красавiка 2024, Субота, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў «бітве за ўраджай» гінуць дзеці

83
Чаму ў «бітве за ўраджай» гінуць дзеці
Фота: tut.by

Трагедыя ў Маладзечанскім раёне выклікала шмат пытанняў.

Гібель 13-гадовай школьніцы выклікае шмат пытанняў, пошук адказаў на якія вядзе далёка за межы бульбянога поля пад Маладзечна. Але пачнём мы менавіта адсюль.

Як на ўборцы бульбы аказалася 13-гадовая школьніца? Бо артыкул 89 Кодэкса аб адукацыі забараняе прыцягваць вучняў да выканання работ, не прадугледжаных вучэбнай праграмай і планам выхаваўчай работы ўстановы адукацыі, піша «Салідарнасць».

Больш таго тут назіраецца і парушэнне Працоўнага кодэкса, які дазваляе падпісанне працоўнай дамовы з асобамі, якія дасягнулі 14 гадоў толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля). Пры гэтым гаворка ідзе аб выкананні лёгкай працы, што не прычыняе шкоды здароўю і не парушае працэсу навучання.

Будзе занадта проста зваліць усё на настаўнікаў, якія дзяжурылі на поле, і на кіроўцу грузавіка. Хоць рашэнне аб прыцягненні да працы школьнікаў у абыход закона прымалі не яны.

А цяпер выйдзем за рамкі таго, што здарылася пад Маладзечна і паспрабуем адказаць на пытанне, чаму такое наогул магло адбыцца.

У дыскусіях пра тое, ці варта адпраўляць школьнікаў на ўборку ўраджаю, нярэдка сустракаецца такі аргумент: за аказаную дапамогу гаспадаркі разлічваюцца таннымі гароднінай, што дазваляе школам сур'ёзна зэканоміць свой бюджэт.

Такая наша рэальнасць. Акрамя аплаты за карыстанне падручнікамі (прывітанне Канстытуцыі, якая гарантуе бясплатную адукацыю), пабораў на рамонт і іншых ахвяраванняў, бацькам даводзіцца адпраўляць сваіх дзяцей прыбіраць бульбу, каб школа магла зэканоміць. Так можа пашукаць больш цывілізаваныя спосабы эканоміі дзяржбюджэту?

Яшчэ адно пытанне. Чаму трэці дзесятак гадоў сельгаспрадпрыемствы, атрымліваючы шматмільённыя дзяржаўныя субсідыі, дагэтуль не навучыліся прыбіраць ураджай ўласнымі сіламі? Хтосьці можа ўявіць сабе такую сітуацыю ў той жа Польшчы ці Літве?

Наўрад ці. У нас жа, у штогадовым змаганні ў «бітве за ўраджай», дзіцячая праца на палях стала негалоснай нормай. І гэта пытанне да ўсіх нас. Бо маўчанне большасці з нас, хутчэй за ўсё, успрымаецца ў якасці згоды.

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках