3 траўня 2024, Пятніца, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп, нафта і Расея

10
Трамп, нафта і Расея
ФОТА: HOSPITALITY-LAB.COM

Энэргетычная палітыка новага прэзідэнта ЗША забяспечыць крах расейскаму палітычнаму рэжыму.

Экспэрты ва ўсім свеце будуюць прагнозы аб тым, што з перадвыбарных абяцанняў новага прэзідэнта Злучаных Штатаў можа стаць часткай ягонай эканамічнай праграмы. Бо амерыканцы, якія галасавалі за Трампа, чакаюць паляпшэння свайго ўласнага становішча. І прэзідэнту неабходна будзе зразумець, як гэтага дамагчыся не на словах, а на справе – інакш ягоная папулярнасць стане раставаць, як на дражджах і ўжо праз два гады пасля абрання ён рызыкуе атрымаць дэмакратычны кангрэс. А з ім і крах усякіх сваіх сур'ёзных планаў, піша вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў для выдання kontrakty.ua.

Трамп павінен дзейнічаць ужо сёння. Рашуча, планамерна, упэўнена. Але што ён абярэ? Сапраўды зніжэнне федэральных падаткаў – а іх плацяць зусім не ўсе амерыканцы, у асноўным забяспечаныя – дапаможа бедным? Ці сапраўды можна знізіць падаткі і пры гэтым захаваць існыя сацыяльныя праграмы? Ці будзе расці эканоміка?

На ўсе гэтыя пытанні сёння няма дакладнага адказу ні ў кога, нават у Трампа. Многае будзе залежаць ад складу эканамічнага блока каманды новага прэзідэнта і ад таго, як кіраўнік дзяржавы дамовіцца з элітай Рэспубліканскай партыі. Але адно не пакідае сумневаў – Трамп застанецца прыхільнікам дэрэгулявання здабычы нафты. І ў гэтым ягоная пазіцыя цалкам супадае з пазіцыяй Рэспубліканскай партыі. Тут не будзе ніякіх нечаканасцяў. Так што здабыча нафты ў Злучаных Штатах будзе расці. Будзе расці і экспарт нафты з ЗША. Будуць зніжацца падаткі на «нафтанку». Будуць будавацца новыя трубаправоды. А значыць – будзе зніжацца кошт.

А цяпер уявім сабе, што ў дадатак да гэтага Трамп насамрэч пачне ўзводзіць бар'еры для кітайскай прадукцыі. Гэта не можа не паслужыць штуршком да паслаблення кітайскай эканомікі. Ва ўсякім выпадку вытворчасць у КНР упадзе - а, значыць, краіне трэба будзе менш нафты. Можа пацярпець і амерыканская эканоміка – а гэта значыць, што менш нафты трэба будзе самой Амерыцы.

А цяпер проста ўявіце, што пры гэтым будзе з Расеяй.

Мы можам колькі заўгодна доўга гадаць, аб чым Трамп можа дамовіцца з Уладзімірам Пуціным і як ён будзе ставіцца да Украіны. Але нашы галоўныя праблемы звязаныя зусім не з магчымасцю расейска-амерыканскіх дамоўленасцей і з узроўнем амерыканскай падтрымкі Украіны. Мы маглі ў гэтым пераканацца цягам апошніх двух гадоў. Адміністрацыя Абамы асуджала анэксію Крыму і вайну на Данбасе. Але сышлі расейскія войскі? Спынілася агрэсія? Ці, можа быць, хтосьці мяркуе, што Пуціна спыніла б смяротная зброя?

Не, Пуціна можа спыніць толькі ягоны ўласны крах. Не важна, аб чым ён будзе дамаўляцца з Трампам. Важна, што энэргетычная палітыка новага прэзідэнта Злучаных Штатаў забяспечвае крах расейскага палітычнага рэжыму. А я ўжо не раз пісаў, што гарантыяй украінскай стабільнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці можа быць толькі гэты крах. Нічога больш.

Нам патрэбныя не дружалюбныя Злучаныя Штаты – яны далёка і ў іх шмат сваіх праблем. Нам патрэбна неагрэсіўная Расея – яна побач і ёй трэба заняцца ўласнымі праблемамі.

Вось чаго трэба чакаць ад прэзідэнта Дональда Трампа.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках