26 красавiка 2024, Пятніца, 15:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эдуард Пальчыс: На допытах у ФСБ казаў, што я агент КДБ

8
Эдуард Пальчыс: На допытах у ФСБ казаў, што я агент КДБ
Эдуард Пальчыс

Былы палітвязень даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту charter97.org.

Эдуард Пальчыс, як высветлілася, не толькі блогер і стваральнік сайта 1863x.com. Не толькі таямнічы Джон Сільвер, якога два гады спрабавала ідэнтыфікаваць беларуская інтэрнэт-супольнасць. Не толькі асуджаны за экстрэмізм, экстрадаваны ўцякач, былы студэнт гістфаку, палітвязень. Эдуард – яшчэ і кінаман. Яго любімы фільм – «Пачатак» Крыстафера Нолана. Там грань паміж сном і явай, праўдай і выдумкай, жыццём і фантазіямі часам такая зыбкая, што яе немагчыма ўбачыць, - зусім як у беларускай рэчаіснасці, калі не разумееш, гэта начны кашмар ці рэальнасць. Эдуард любіць добрае кіно, і мы спрабавалі знайсці ў кінематографе асацыяцыю з яго гісторыяй. Нічога не знаходзілася, піша Ірына Халіп.

- Хоць бы вызначы жанр. Трылер? Баявік? Дэтэктыў? Фантастыка? Можа, прыгодніцкі фільм – ты ж усё-такі Джон Сільвер?

- Не. Па жанры ўсё, што здарылася, - дурная камедыя. У кожным СІЗА большасць гісторый зняволеных пачыналіся фразай: «Ну, бухнулі мы і пайшлі...» І нібыта як лагічны фінал. А я ўсё планаваў, прычым доўга. Пяць месяцаў я старанна планаваў запуск сайта так, каб захаваць інкогніта, каб ніхто і ніяк не змог мяне звязаць з Джонам Сільверам, - і быў арыштаваны. Ва Украіне я пяць месяцаў планаваў таемнае вяртанне дадому – і быў арыштаваны. Увогуле, дурная камедыя атрымалася.

- Дарэчы, ты застанешся Джонам Сільверам або не?

- Ведаеце, і тое, і іншае не ідэальнае. Калі я быў Джонам Сільверам, мяне абвінавачвалі ў тым, што я баязлівец і не хаджу на акцыі. Цяпер, калі інкогніта больш няма, абвінавачваюць у тым, што я піяруся.

- Твой сайт чакаюць вялікія сістэмныя змены?

- Наогул, я збіраюся «краўдфандзіць» сайт, каб прыцягваць і іншых аўтараў, прыцягваць моладзь з маленькіх гарадоў – такіх жа, як я сам. Хай напішуць дзесяць дрэнных артыкулаў, адзінаццаты ўжо цалкам можа аказацца добрым. І хацелася б мець магчымасць плаціць ім хоць бы невялікія ганарары. Акрамя таго, зменіцца дызайн сайта, я паспрабую разнастаіць інфармацыйны змест. Вядома, і лексіка, і падача матэрыялаў таксама зменяцца, каб ужо ніякія эксперты не змаглі нічога зрабіць. Атрыманы досвед будзе выкарыстаны.

- А ў цябе, дарэчы, доступ да ўласнага сайту застаўся?

- Вядома, не! Затое ёсць доступ у следчага, у КДБ, у экспэртаў, напэўна,... увогуле, што б там ні з'явілася – я да гэтага не маю дачынення. А следчы, самі разумееце, усё так уважліва вывучаў, што, напэўна, натхніўся – і, вядома, ад яго цяпер можна чакаць чаго заўгодна.

- Нядаўна ты сказаў, што першы артыкул будзе прысвечана памяці Паўла Шарамета. Ты сустракаўся з ім, калі з'ехаў ва Украіну?

- На жаль, толькі адзін раз. Ён запрасіў мяне выпіць гарбаты. І мне вельмі шкада, што я правёў з гэтым выбітным чалавекам толькі пяць гадзін. Прычым у яго пастаянна званіў тэлефон, і ён паралельна дапамагаў нейкім беларусам, якія трапілі ў складаную сітуацыю ва Украіне. Потым я даведаўся, што ён там дапамагаў усім беларусам, якія да яго звярталіся, і асабліва беларускім байцам АТА. Дапамагаў, нягледзячы на ўласную каласальную занятасць. Да майго прыезду ў Кіеў мы не былі знаёмыя, але Павел Шарамет падтрымліваў мяне яшчэ да крымінальных спраў. Гэта ж інтэрнэт-супольнасць, і ён мяне «рэтвіціў». А я нікога не ведаў – ні журналістаў, ні палітыкаў, - і мне было вельмі прыемна, што Шарамет мяне падтрымлівае.

- Ты пісаў дыпломную працу на гістфаку пра спецслужбы. Якія менавіта?

- Я яе, праўда, не дапісаў, але курсу з трэцяга я працаваў над гісторыяй спецслужбаў часоў Другой сусветнай вайны. Я вывучаў спецслужбы хаўруснікаў і СССР, іх найбуйнейшыя спецаперацыі і гэтак далей.

- А калі ты сутыкнуўся з расейскімі і беларускімі спецслужбамі асабіста, у цябе не ўзнікла асацыяцый з тваім дыпломам? Ты пазнаваў метады?

- Метады заўсёды і ўсюды аднолькавыя па сваёй сутнасці: выкарыстанне, падман, перагуляць матч. Яны заўсёды былі і будуць, гэта ідзе з старажытных часоў. Праца спецслужбаў заўсёды грунтуецца на чалавечай псіхалогіі: табе штосьці абяцаюць, цябе чымсьці чапляюць на псіхалагічны кручок. І чалавек, знаходзячыся ў крызіснай сітуацыі, гатовы ў гэта паверыць. У гэты час яны цябе выкарыстоўваюць і спрабуюць табой круціць, як ім хочацца.

- Манера стасункаў ФСБ і КДБ адрозніваецца?

- Спачатку са мной працавалі аператыўнікі, а яны і ў Афрыцы аператыўнікі. Адзін і той жа стыль. Адзін дробнага выгляду опер у Бранску мне спіс з 20 пунктаў абвясціў, што са мной зробяць у турме. Гідкі тып. Я нават думаў пра ўцёкі: быў там момант, яшчэ на вакзале, калі мяне пакінулі з задрамаўшым паліцыянтам. Думаў: вось зараз пабягу, і хай ловяць. Страляць яны не маюць права, я яшчэ не пад канвоем. Не паспеў... А ўжо потым, у СІЗА, са мной працавалі, уявіце сабе, жанчыны - такія карэктна- мяккія. Аператыўнікі ўсе аднолькавыя, а нейкія суперпрафесійныя псіхолагі да мяне і не прыходзілі. А кадэбэшнікі – так, прыходзілі яшчэ ў псіхіятрычную лячэбніцу, калі я праходзіў экспэртызу.

Наогул больш за ўсё мяне дзівіла несувымернасць выдаткаў. Я выдаткаваў 15 даляраў на дамен і 25 на хостынг. Усяго 40. А ўсе гэтыя суды, канвоі, праслухоўванне, следства, аператыўныя распрацоўкі – гэта ж шалёныя грошы! У іх свая атмасфера, у кожнай структуры свой свет, які немагчыма зразумець, калі ты там не працуеш. А яшчэ ўсе сілавікі адзін аднаго баяцца, стукаюць адзін на аднаго, падстаўляюць адзін аднаго. Гэта ў іх такая быццам бы здаровая канкурэнцыя. Калі туды патрапіць нармальны чалавек, ён усё роўна будзе працаваць паводле законаў сістэмы і рабіць нейкія жудасныя з чалавечага пункту гледжання рэчы. Затое будзе лічыцца добрым работнікам. Яны так і супакойваюць сумленне, калі тое раптам прачынаецца: хай мы творым суцэльную мярзоту, затое добра робім сваю працу. Пазбіваць крымінальную справу і абвінавачванне з нічога – гэта для іх сведчанне прафесіяналізму, а не самавольства. Паняцці маралі і справядлівасці ў гэтай сістэме адсутнічаюць.

- Калі цябе арыштавалі ў Расеі, у інтэрнэт-супольнасці з'явілася версія, быццам цябе выманілі з Украіны ў Расею.

- Гэта вельмі блізка да праўды. Я пакуль яшчэ не магу распавесці ўсё. Распавяду пазней, калі сам сёе-тое дазнаюся. Але гэта сапраўды была пастка. Потым я спрабаваў перайграць фсбшнікаў – казаў, што мой сайт створаны беларускімі спецслужбамі, а сам я агент КДБ, і наогул мая задача была сустракацца з беларускімі апазіцыянерамі і за імі сачыць. Лаяў «Хартыю», «Радыё Свабода». А яны спрабавалі мяне вербаваць як агента КДБ.

- Грошы не прапаноўвалі?

- Да гэтага не дайшло: мяне «раскусілі» раней.

- А чаму ты не спрабаваў аспрэчыць экстрадыцыю? Бо ў Расеі не было ніякай крымінальнай справы, у прынцыпе можна было паспрабаваць выйсці з турмы там.

- Нягледзячы на значна лепшыя ўмовы ўтрымання ў расейскіх СІЗА, я хацеў вярнуцца дадому. Пазней, калі я сядзеў у Жодзіна, мяне пыталіся: «Ты чаго ўсміхаешся?» А я проста чуў за дзвярыма размову ахоўнікаў. Яны неслі нейкую ахінею, але з беларускім акцэнтам, ці на «трасянцы». І я радаваўся.

- А кнігі табе дапамагалі перажыць усё гэта? І, дарэчы, турэмныя бібліятэкі ў розных СІЗА адрозніваюцца?

- Вялікі плюс СІЗА на Валадарскага, што там дазволена перадаваць кнігі. У Жодзіна пішаш заяву - і добра, калі хоць бы раз у месяц табе кнігі з турэмнай бібліятэкі памяняюць. А турэмнае чытво адно і тое ж: сёння Данцова, заўтра Гюго, паслязаўтра «Унесенные ветром». Але ў Расеі часам трапляліся нечаканыя кнігі. У Бранску мне аднойчы наогул выдалі з бібліятэкі выданне «Ліберальнага клуба» - пра перавагі лібералізму, эканамічныя рэформы. У нас ва ўніверсітэце такіх кніг не было, а тут такое маштабнае структурнае даследаванне.

- Табе турма што-небудзь дала?

- Мабыць, так. Добра, вядома, што ўсё абышлося дзевяццю месяцамі, але я шмат чаму навучыўся. Там за два дні чалавек правяраецца. І да таго ж, калі сядзіш з прадпрымальнікам, аўтаслесарам, дальнабойнікам – пазнаеш яго свет. Такі міні-універсітэт. Я сядзеў з прадпрымальнікам, якога перавялі ў СІЗА на Валадарскага пасля паўтара гада у СІЗА КДБ. Сярод «эканамічных», дарэчы, вельмі шмат мужных і прынцыповых людзей. Гэты мой сукамернік паспеў пасядзець і з Чыжом, і з Япрынцавым. Ён вельмі добра адгукаўся пра Япрынцава: казаў, што сукамернікі яго паважалі. А яшчэ Япрынцаў выйшаў на свабоду за тры дні да пачатку суду над гэтым прадпрымальнікам і сказаў: «Я прыйду да цябе на суд праз тры дні». І прыйшоў, хоць, напэўна, яму было чым заняцца пасля года ў СІЗА. А вось да Чыжа, казаў мой сукамернік, стаўленне было дрэннае не толькі ў зняволеных, але і ў саміх супрацоўнікаў СІЗА. Таму што нават яны не маглі зразумець, як можна за спіной уласнага партнёра, з якім дзяцей разам хрысцілі, напісаць на яго данос. Япрынцаў усё ўспамінаў, дарэчы, гэтыя хрэсьбіны. Не злаваў нават, напэўна, – проста здзіўляўся: як ён мог?

- Чаму, калі цябе толькі выпусцілі з «псіхушкі» пасля экспэртызы, ты не правёў прэс-канферэнцыю, не раскрыў інкогніта? Тады, можа, і не дайшло б да ўцёкаў і ўсяго, што за імі рушыла ўслед.

- Калі мяне затрымлівалі, я не мог паверыць, што гэта праз блог. У маім уяўленні гэта было абсалютнай дурасцю. Тым больш што гэта было за некалькі месяцаў да выбараў. Спачатку я думаў: можа, шукаюць зброю, нацыяналістычнае падполле спрабуюць «накрыць»? Потым са здзіўленнем зразумеў, што гэта праз сайт. Спачатку чакаў, што яны гэта ўсё спыняць на стадыі і следства, каб пазбегнуць шуму, - палітвязняў у гэты час выпускалі, а супраць мяне распачыналі другую справу. Але я не люблю стандартных хадоў. Таму палічыў за лепшае не раскрыць інкогніта, а з'ехаць ва Украіну і працягваць працаваць над сайтам. Вы хацелі яго закрыць? Дык вось не, ён будзе працаваць.

- Ты пражыў ва Украіне пяць месяцаў. Наколькі Украіна цяпер адрозніваецца ад Беларусі?

- Ва Украіне я сумаваў па беларускаму парадку, а тут я сумую па украінскай свабодзе. Вось калі аб'яднаць нашыя чыстыя вуліцы і ўкраінскую свабоду – атрымаецца мегадзяржава. Хоць, вядома, любая свабода лепш за любую несвабоду. Я сядзеў у Жодзіна з украінцам. Ён казаў: «Я раней крытычна ставіўся да ўкраінскай рэальнасці, але ўжо лепш украінскі бардак, чым ваш парадак. Раней я прыязджаў, і мне так падабаліся гэтыя чыстыя вуліцы!» Ва ўкраінцаў свая праблема: Майдан зрабіла эліта, і многія сышлі ў добраахвотніцкія атрады. Хтосьці загінуў, хтосьці ваюе. А астатнім не стала іх запалу, каб усё давесці да канца. І пачалася звычайная ўкраінская гетманшчына, з каралямі ў кожнай вобласці. Але ўкраінская палітыка – зусім асобнае паняцце. Там трэба жыць гадамі, каб разумець, што адбываецца.

- А быў момант за ўвесь гэты час, калі табе было па-сапраўднаму страшна?

- У Бранску я адчуў у момант затрымання, быццам апускаюся на дно. Наогул гісторыкам лягчэй: яны заўсёды памятаюць, што бывала і горш. А пачытаеш Варлама Шаламава і думаеш: да канібалізму сёння не дайшло – і добра.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках