14 траўня 2024, aўторак, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Паўднёвай Карэі запатрабавалі імпічменту прэзідэнткі

3
У Паўднёвай Карэі запатрабавалі імпічменту прэзідэнткі
Фота: Reuters

Скандал вакол Пак Кын Хе разгарэўся пасля таго, як журналісты знайшлі планшэт з дакументамі, сярод якіх былі тэксты прамоў прэзідэнткі.

Апазіцыя Паўднёвай Карэі пачала збор подпісаў за імпічмент прэзідэнткі Пак Кын Хе, якую абвінавачваюць у датычнасці да карупцыйнага скандалу, паведамляе расейская служба BBC.

«Прэзідэнтка Пак павінна сысці як мага хутчэй», - заявіла журналістам кіраўніца апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі Чху Мі Э.

З паведамленняў паўднёва-карэйскіх СМІ, прэзідэнтка Пак Кын Хе наважыла не прымаць удзел у прызначаным на аўторак пасяджэнні Нацыянальнага сходу - парламента краіны.

Між тым апазіцыя надумала выклікаць на парламенцкія слуханні кіраўнікоў сямі найбуйнейшых карпарацый Карэі, у тым ліку Samsung Electronics і Hyundai Motors.

Раней пракуратура абвінаваціла памочніцу прэзідэнта Чхве Сун Сіль у тым, што яна незаконна прымушала буйны бізнэс уносіць шматмільённыя ахвяраванні ў два звязаныя з ёй няўрадавыя фонды. 20 лістапада Чхве Сун Сіль былі выстаўленыя афіцыйныя абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай і перавышэнні паўнамоцтваў.

У адпаведнасці з канстытуцыяй, пракуратура не можа выставіць крымінальныя абвінавачанні дзейнай прэзідэнтцы, бо яна мае недатыкальнасць, аднак установа заявіла аб датычнасці Пак Кын Хе да карупцыйнага скандалу.

«Пасля некалькіх тыдняў інтэнсіўнага расследавання скандалу, што скалыхнуў краіну, следчыя прыйшлі да высновы, што Пак Кын Хе была непасрэдна замяшаная ў ім», - цытуе агенцтва Ёнхап прадстаўніка паўднёва-карэйскай пракуратуры.

Скандал вакол прэзідэнткі Пак Кын Хе разгарэўся пасля таго, як журналісты аднаго з кабельных каналаў знайшлі ў смеццевым баку гатэля планшэт з сакрэтнымі дакументамі, сярод якіх былі тэксты прамоў прэзідэнткі. Пазней прэзідэнтка прызналася, што ў першыя гады на пасадзе раілася са сваёй сяброўкай Чхве Сун Сіль пры падрыхтоўцы да выступаў, і выбачылася перад грамадзянамі краіны.

Пасля таго як стала вядома пра гісторыю з сяброўкай прэзідэнткі, па краіне пракацілася хваля пратэстаў, удзельнікі якіх патрабавалі адстаўкі кіраўніцы дзяржавы. Дэманстранты заяўляюць, што ў Пак Кын Хе «няма нават базавых якасцяў для кіравання краінай».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках