22 траўня 2024, Серада, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бабруйская пенсіянерка: Маю намер і надалей выходзіць на акцыі супраць чыноўнікаў

5
Бабруйская пенсіянерка: Маю намер і надалей выходзіць на акцыі супраць чыноўнікаў
Фота: «Радыё Свабода»

Любоў Санкевіч распавяла, чаму судовыя прыставы так настойліва спрабуюць патрапіць у кватэру, каб апісаць маёмасць.

Гісторыя 65-гадовай жыхаркі Бабруйску Любові Санкевіч стала вядомая пасля таго, як жанчына ў траўні выйшла на адзіночны пікет на плошчу Свабоды, пратэстуючы супраць адпісак чыноўнікаў. Пазней бабруйчанка ўзяла ўдзел у яшчэ адным пікетаванні, якое таксама праходзіла ў цэнтры Менска, піша «Салідарнасць».

Пакаранне з боку ўладаў не прымусіла сябе чакаць – у ліпені суд Бабруйскага раёна пакараў яе штрафам за несанкцыянаванае мерапрыемства на 20 базавых адзінак, а за паўторны ўдзел у акцыі жанчына была аштрафаваная на 30 базавых адзінак. Такім чынам, жанчына вінная дзяржаве 50 базавых адзінак, што эквівалентна суме, большай за 1000 рублёў.

Пасля таго, як пенсіянерка адмовілася выплачваць штраф добраахвотна і ў поўнай суме, да яе дадому пачалі наведвацца судовыя прыставы.

– У першы раз у канцы лістапада прыходзіла адна жанчына, а цяпер яна ўжо ў суправаджэнні яшчэ трох чалавек. Напэўна, гэта каб мяне запалохаць. Але я ім сказала, што маёй маёмасці ў кватэры няма, а тут жыве мой сын са сваімі дочкамі. І зноў адмовілася пускаць у кватэру, – распавяла яна.

Жанчына шчыра не разумее, за што яе спрабуюць пакараць беларускія ўлады – бо на плошчы яна ў абодвух выпадках правяла ўсяго блізу 20 хвілін і пры гэтым грамадскага парадку яна не парушала.

На плошчу Любоў Санкевіч выйшла праз тое, што ўжо блізу 15 гадоў не можа знайсці управы на мясцовых чыноўнікаў. З яе словаў, працуючы бухгалтарам, у 2001 годзе яна абвінаваціла ў карупцыі дырэктара Бабруйскага завода трактарных вырабаў і агрэгатаў.

– Выкрыла, што былы дырэктар завода трактарных дэталяў і агрэгатаў за кошт сабекошту купіў тры кватэры і зрабіў там еўрарамонт. У мяне ёсць пачак дакументаў, якія пацвярджаюць, што было выкрадзена 907 мільёнаў дзяржаўных грошай, – распавяла яна.

Кіраўнік дзяржпрадпрыемства тады так і не быў пакараны, затое саму жанчыну звольнілі. Не знайшоўшы справядлівасці за гады судовых разглядаў, пенсіянерка наважылася выйсці на плошчу, каб прыцягнуць увагу беларускага грамадства да праблем правасуддзя.

Таксама жанчына выказвала свой пратэст супраць дзеянняў чыноўнікаў, якія вымушаюць людзей пераплачваць грошы падчас працэдуры прыватызацыі кватэр і іншага жылля.

– Я не парушала закон падчас пікету. Гэта чыноўнікі яго парушаюць. Я не баюся сказаць, што ў нас карумпаваная ўлада – і калі б не было карупцыі ва ўладзе, то і не было і мяне на плошчы. Я б займалася гаспадаркай дома, але мяне вымушаюць нашы чыноўнікі выходзіць на гэтыя акцыі. І я буду выходзіць, – сказала Любоў Санкевіч, дадаўшы, што не дасць уладам сябе запалохаць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках