27 красавiка 2024, Субота, 1:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канцэрт «Акіяна Эльзы» ў Берасці прайшоў з аншлагам

Канцэрт «Акіяна Эльзы» ў Берасці прайшоў з аншлагам

Выдатна, калі песні ды ідэі збліжаюць.

Прагрымеў канцэрт «Акіяна Эльзы» ў Берасці...Ён пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі, гарэў, выбухаў і...сумаваў. Падчас песні «Колі закінчиться війна» Святаслаў Вакарчук, здавалася, ледзь стрымліваў слёзы. І адвярнуўся ад публікі, каб іх ніхто не бачыў. Украінскія сцягі ды вышыванкі таксама былі. Некаторыя прыехалі на канцэрт з Польшчы. Сусветны тур, абвешчаны гуртом, пачаўся менавіта з горада над Бугам 3 снежня, піша a target="_blank" href=http://www.vb.by/culture/music/okeanelzi_koncert_brest.html>vb.by.

Ужо на мінулым канцэрце «А.Э.» здавалася, што берасцейскі Лядовы дварэц не змесціць больш гледачоў. Памыляліся. На гэты раз ён быў проста гумовым. Вакарчук і гурт прыбылі з вялікім спазненнем. Святаслаў папрасіў прабачэння, сказаў, што позна вылецеў з Львова, позна прыляцеў - і такі вынік. Але паабяцаў адпрацаваць і не падмануў. Дзве гадзіны драйву і любімых хітоў публіцы гурт забяспечыў.

Як заўсёды, «Я не здамся без бою», «Абдымкі», «І я на небі» і многія іншыя прывялі публіку ў экстаз, па-іншаму не скажаш. Хоць былі і тыя, хто стаяў у здзіўленні - нерухома, і не танцуючы. Злавіў сябе на думцы, што канцэрт і сапраўды проста сустрэча з артыстам, аднадумцамі, якія любяць тыя ж песні, што і ты. Гук Лядовага дварца пры ўсіх ягоных вартасцях не мог перадаць чысціні выканання, таго, што адчуваеш, слухаючы кампазіцыі «сам-насам». Магчыма, камусьці і незразумелая такая вялікая папулярнасць і любоў да «А.Э.». Таму што калі няма гэтага ўнутры, калі няма ў сэрцы, то наўрад ці зразумееш...

Кажуць, у папулярнасці адзін крытэрый: ці выказвае той, хто на сцэне, твае думкі ці не? І адсюль усё пачынаецца. «А.Э.» выказвае. Прычым шмат гадоў не губляе актуальнасці.

Журналістаў строга папярэджвалі: ніякай палітыкі. Але Украіна сёння - гэта ўжо палітыка. Не пра канцэрт, вядома, будзе сказана. Велізарны сіне-жоўты прапар у зале, дзяўчаты ва ўкраінскіх вышыванках і нават з вяночкамі на галаве...Усё гэта неяк асабліва ўспрымаеш цяпер, калі там вайна.

Але не будзем пра сумнае. Святаслаў Вакарчук размаўляў па-ўкраінску і быў зразумелы ўсім і кожнаму. Пашкадаваў, што няма «білоруського прапора» падчас песні «Стіна», якую прысвяціў украінска-беларускаму сяброўству. Кінуў «біколор» у залу, а ў адказ атрымаў вялікі букет руж!

На біс музыкі таксама выйшлі і спявалі яшчэ хвілін дваццаць. У канцы «А.Э.» падняў усіх, нават самыя закуткі трыбун. Цяжка растлумачыць гэты феномен. Але Вакарчук быў на грэбні папулярнасці заўсёды. Значыць, кожны і ў розны час знаходзіць у ягоных песнях нешта сваё. А гэта ўжо прыкмета...чагосьці большага, чым проста папулярная песня. Будзем сачыць за ўсясветным турам!

Прыводзілі ў захапленне сувеніры, што прадавалі пасля канцэрта. Напрыклад, вязаныя шапачкі са словамі з вядомых песень гурта: «я да цябе», «хітрая кішка» і многія іншыя. Тут жа сустрэў студэнтак ва ўкраінскіх вышыванках. Разгаварыліся. Дзяўчаты расказалі, што самі з Украіны, вучацца ў Любліне ва ўніверсітэце і безумоўна наважылі ехаць у Берасце на канцэрт. «Гэта нават бліжэй, чым у Варшаву», - прывялі свой довад фанаткі. І, будучы першы раз у Берасці, наважылі шпацыраваць усю ноч, пайсці ў крэпасць і па Савецкай, да самага ранішняга цягніка.

Выдатна, калі песні ды ідэі збліжаюць. Нягледзячы на мову і адлегласці. І да новай сустрэчы, «Акіян Эльзы»!

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках