1 траўня 2024, Серада, 2:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы выявілі невядомую істоту ля берагоў Каліфорніі

2
Навукоўцы выявілі невядомую істоту ля берагоў Каліфорніі
© ФОТА: SHERLOCK ET AL. / MARINE BIODIVERSITY RECORDS 2016

Акіянолагі знайшлі ля берагоў Каліфорніі загадкавую істоту, падобную да святлівай цацкі-спружыны.

Апошні раз такую жывёліну бачылі ў Ціхім акіяне больш як стагоддзе таму, гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Marine Biodiversity Records, паведамляе РИА «Новости».

«Калі наш батыскаф усплыў, ён прынёс з сабой гэтую незвычайную хрыбетную істоту, якая выявілася жывой і абсалютна непашкоджанай. Мы адразу ж прэпаравалі яе і падрыхтавалі для транспартавання ў Смітсанаў музей. Мы не ведалі, што гэта за істота, і толькі калі зірнулі на яе, зразумелі, што мы знайшлі Bathochordaeus charon, загадкавы гатунак апендыкулярый, апісаны больш як стагоддзе таму», — заявіў Робэрт Шэрлак з Даследчага інстытута Мантэрэй-Бэй у Мос-Лендынгу.

Апендыкулярыі падобныя да мініяцюрных апалонікаў, іх памеры зазвычай не перасягаюць некалькіх мілімэтраў. Яны жывуць у асобных мяккіх «ракавінах», праз якія праганяюць ваду, чысцячы яе ад планктону ды іншых «ядомых» дамешкаў.

У 1899 годзе нямецкі біёлаг Карл Чун<, вывучаючы флору і фаўну паўднёвай Атлантыкі, знайшоў у водах акіяну незвычайна вялікую апендыкулярыю. Яе мудрагелісты вонкавы выгляд прывёў навукоўца да высновы, што гэта рэдкі глыбакаводны арганізм. З гэтай прычыны Чун назваў істоту Bathochordaeus charon, у гонар Харона, персанажа грэцкай міфалогіі, які перавозіў душы памерлых праз раку Стыкс.

За дзесяцігоддзі пошукаў ніхто з даследчыкаў не выявіў больш ніводнага прадстаўніка гэтага гатунку жывёлін. Некаторыя навукоўцы нават разважылі, што Чун памыліўся, апісваючы злоўлены ім загадкавы арганізм.

Праз стагоддзе Шэрлак і ягоныя калегі высветлілі, што Чун меў рацыю. Даследчыкі здалелі вылавіць ля берагоў Каліфорніі незвычайную апендыкулярыю, падобную да апісанага нямецкім біёлагам арганізму. Экспертыза ДНК паказала, што злоўленая імі "марская пачвара" належыць да гатунку Bathochordaeus charon.

Пакуль навукоўцы не ведаюць, ці жывуць Bathochordaeus charon і ў Ціхім і Атлантычным акіяне. Таксама няма звестак аб тым, як менавіта прадстаўнікі такога рэдкага гатунку змаглі б распаўсюдзіцца ў двух акіянах. У кожным выпадку, высноўвае Шэрлак, Чун мог бы ўважаць сябе за цалкам апраўданага перад абліччам навукі і гісторыі, калі б ён дажыў да нашых дзён.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках