5 траўня 2024, Нядзеля, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як немец спрабаваў прыехаць у «бязвізавую» Горадню

10
Як немец спрабаваў прыехаць у «бязвізавую» Горадню

Рэдактар нямецкага часопіса «Guter Rat» Бернд Адам напісаў, як прыехаць у Горадню, дзе ён калісьці вучыўся.

Як бэрлінец, я захапляюся любоўю гарадзенцаў да свайго прыгожага горада і яго славутасцяў. Скажу больш: я зайздрошчу. Бо мы тут, у нямецкай сталіцы, часта не заўважаем уласных вартасцяў і лаем Бэрлін дзе гэта толькі магчыма. Калі летам я прачытаў, што хутка замежнікі змогуць ездзіць у Горадню без візы, адразу стала зразумела: я прыеду!

У той жа час я прааналізаваў магчымасці і выявіў, што не ўсё так проста. Трэба пераадолець некаторыя цяжкасці. Іх роўна сем, і я апісваю іх ніжэй.

1. Горадня — «дзяржаўная таямніца»

Яшчэ ў пачатку верасня (5 і 8 чысла) я запытваў праз электронную пошту ў двух міністэрствах Беларусі, як прыехаць да вас без візы. Я пасылаў запыт не як прыватная асоба, а як рэдактар нямецкага штомесячніка. Маёй мэтай было як мага хутчэй паведаміць чытачам аб новай магчымасці падарожжаў. І сёння, праз два месяцы, я не атрымаў адказу.

2. Няма інфармацыі на нямецкай мове

Дагэтуль ніхто не пераклаў на нямецкую мову палажэнне аб бязвізавым уездзе. Пасольства Беларусі ў Нямеччыне не размясціла на сваім сайце інфармацыю аб бязвізавым уездзе на нямецкай мове. Адзіная магчымасць у нямецкамоўным інтэрнэце знайсці інфармацыю — форум для аматараў чыгункі. Нават на ангельскай «Гугл» знаходзіць не больш чым абвесткі аб бязвізавым уездзе ад жніўня 2016 года.

3. Толькі з дакументам

Каб уехаць у Горадню, неабходна ўзяць у памежніка дакумент для перасячэння мяжы. Замежны госць можа атрымаць рэгістрацыю толькі ў афіцыйна зацверджанага тураператара з Горадні. У «Гугле», на жаль, такіх тураператараў не знайсці. Але тыя, хто адкрые сайт grodnovisafree.by, знойдуць 60 патрэбных турагенцтваў. Шукаць цяжкавата. Толькі некаторыя прапануюць перайсці адразу на сваю галоўную старонку для рэгістрацыі. Сем наступных тураператараў хоць і згадваюць бязвізавы ўезд, але толькі адзін тлумачыць, як гэта зрабіць.

4. Шмат фармальнасцей

Каб атрымаць рэгістрацыю, неабходна выканаць амаль такія ж фармальнасці, як і для атрымання візы. Госць павінен адсканаваць пашпарт, аформіць медыцынскую страхоўку, абодва дакументы адправіць у турагенцтва на электронную пошту. Трэба пазначыць дату ўезду і працягласць знаходжання. Усё павінна быць у тураператара мінімум за два дні да падарожжа. Гэтыя файлы адпраўляюць на мытню і дасылаюць падарожнікам дакумент-рэгістрацыю на электронную пошту. Яго трэба раздрукаваць, каб паказаць на мяжы.

5. Без візы, але не бясплатна

Рэгістрацыя ў турагенцтве каштуе грошай: ад 20 да 45 рублёў. Кожны аператар усталёўвае свае цэны. Як жа плаціць падарожнік? Звычайнае грашовае пералічэнне у Беларусь немагчымае. Самае таннае міжнароднае пералічэнне каштуе 11,5 еўра (24,8 рублі; Postbank). Некаторыя агенцтва зразумелі праблему і прапануюць аплаціць рэгістрацыю пасля прыбыцця ў Горадню. І добрая навіна: дзве турфірмы прапанавалі аформіць рэгістрацыю бясплатна!

6. Складаныя дадатковыя ўмовы

Большасць турфірмаў патрабуе, каб госць забраніраваў дзве дадатковыя турыстычныя паслугі: напрыклад, квіткі ў музей, ежу ў рэстаране ці экскурсію. Гэта патрабуецца паводле закона, кажуць у турфірмах. Але я гэтыя патрабаванні нідзе ў інтэрнэце не знайшоў. Магчыма, праз тое, што мне не стае ведаў расейскай мовы. Але нават калі такое патрабаванне сапраўды ёсць у законе, то як чалавек, які яшчэ ні разу не быў у горадзе, можа ведаць, куды ён там пойдзе? І як быць, калі ёсць экскурсіі на расейскай або ангельскай, а госць, напрыклад, разумее толькі па-нямецку?

7. Няма магчымасці паехаць на цягніку

Польская чыгунка пусціла з верасня 2016 года цудоўны цягнік, які штодня ходзіць па маршруце Кракаў — Варшава — Горадня і назад. Гэта ідэальна, каб дабрацца з Нямеччыны ў Гародню, бо да Польшчы ёсць зручны цягнік з Бэрліна і Мюнхена. Але менавіта гэты цягнік выключылі для бязвізавага ўезду.

Пагадзіцеся, усё гэта не вельмі проста? Наколькі я ведаю ад сваіх нямецкіх калегаў, гэтыя перашкоды не так лёгка пераадолець. Калі чалавек не разумее расейскай, ён не зможа звязацца з большасцю тураператараў. Зрэшты, я патэлефанаваў некалькім нямецкім турфірмам, якія спецыялізуюцца на Усходняй Еўропе. Ні ў адной не чулі пра бязвізавы ўезд у Горадню.

Што ў выніку? Горадню, вядома, варта наведаць. Я стварыў у «Фэйсбуку» групу Grodno Visa Free, каб сабраць інфармацыю аб бязвізавым уездзе. Цяпер рыхтую сайт, каб немцы, якія амаль не ведаюць замежных моў, маглі прыехаць у Горадню.

Вядома, я прыеду ў Горадню і сам: чакаю толькі, каб дазволілі ўезд на цягніку. Як прачытаў, польскія і беларускія бакі ўжо працуюць над гэтым. Так што да хуткага!

Бернд Адам — рэдактар нямецкага часопіса «Добрая парада» (Guter Rat), Бэрлін. Летам вучыўся ў Школе расейскай мовы пры Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы. Часопіс спецыялізуецца на карысных парадах з эканамічным аналізам. Бернд піша пра пакупкі ў падарожжах, параўноўвае цэны. Марыць прыехаць у Горадню без візы і добра ўжо ў гэтым прасунуўся. Сёння Бернд нават стварыў сваю старонку аб бязвізавым рэжыме ў Беларусі на нямецкай мове.

Пераклад: «Вячэрні Гродна».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках