5 траўня 2024, Нядзеля, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэс-асацыяцыі: Сертыфікацыя тэхнікі ўдарыць па спажыўцам

12
Бізнэс-асацыяцыі: Сертыфікацыя тэхнікі ўдарыць па спажыўцам

Сертыфікацыя бытавой тэхнікі будзе мець шэраг негатыўных наступстваў.

Гэта таксама прывядзе да ўшчамлення інтарэсаў канчатковых спажыўцоў. Такое меркаванне БелаПАН выказалі кіраўнікі беларускіх бізнэс-асацыяцый, каментуючы нядаўнюю пастанову ўрада аб абавязковай сертыфікацыі да 1 лютага 2017 года практычна ўсёй бытавой тэхнікі, якая паступае ў Беларусь.

Прынятая пастанова Дзяржстандарт тлумачыць тым, што ўвядзенне абавязковай сертыфікацыі бытавой тэхнікі паводле патрабаванняў энергаэфектыўнасці «будзе спрыяць забеспячэнню прысутнасці на рынку краіны энергаэфектыўнай прадукцыі з дакладнымі заяўленымі характарыстыкамі».

Кіраўнікі бізнэс-саюзаў лічаць гэтую аргументацыю сумнеўнай. «Орган стандартызацыі кажа, што ўвядзенне сертыфікацыі будзе спрыяць павышэнню энергаэфектыўнасці тавараў, якія прысутнічаюць на беларускім рынку. Аднак на наш пытанне, як і чым мы будзем вымяраць гэты прагрэс, адказу няма», — адзначыў старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.

На яго думку, станоўчыя вынікі ад увядзення абвешчанай сертыфікацыі цьмяныя, тады як адмоўныя — цалкам відавочныя.

«Бізнэс у гэтым рашэнні бачыць абмежавальныя бар'еры на шляху руху тавараў у рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці, і орган стандартызацыі абавязаны з такім пунктам гледжання лічыцца», — лічыць Швец.

Ад ўвядзення сертыфікацыі ў канчатковым рахунку выдаткі ляжуць на спажыўца, дадаў ён.

«Усе дадатковыя выдаткі бізнэсу будуць закладзеныя ў цану спажывецкіх тавараў. Сёння хіба час правакаваць іх падаражанне? Пытанне рытарычнае, а калі казаць аб увядзенні нацыянальнай сертыфікацыі — пастанова непрапрацаваная, прынятая без уліку ўсяго комплексу наступстваў», — сказаў Швец.

Прадстаўнікі бізнэс-асацыяцый, якія аб'ядноўваюць пастаўшчыкоў бытавой тэхнікі, прагназуюць прыкметнае зніжэнне асартыменту тавараў, якія ўвозяцца, бо эканамічнага сэнсу праводзіць сертыфікацыю тавараў, якія паступаюць невялікімі партыямі, не будзе.

«Калі гаворка ідзе, напрыклад, аб буйнагабарытнай бытавой тэхніцы або эксклюзіўных мадэлях тэхнікі, то кошт выпрабаванняў можа істотна паўплываць на іх цану, і пастаўшчыкам па гэтай прычыне будзе больш выгадна звузіць асартыментны пералік, чым прадаваць усю наменклатуру тавараў», — распавёў генеральны дырэктар Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Ананьеў.

Калі прынятую пастанову аб увядзенні сертыфікацыі не скасуюць, многія пастаўшчыкі бытавой тэхнікі будуць вымушаныя прыбраць тавары з паліц крам, лічыць ён.

«Іншае імавернае наступства — рост шэрага рынку, то ёсць тавары, якія не маюць сертыфікатаў, могуць з'явіцца ў продажы ў інтэрнэт-крамах», — адзначыў Ананьеў.

Па-трэцяе, з ягоных слоў, калі пастаўшчыкоў замежных тавараў, якія ўвозяць іх з Расеі, прымусяць праходзіць нацыянальную сертыфікацыю ў Беларусі, расейскі бок можа прыняць меры ў адказ.

«У цяперашнім выглядзе пастанова аб увядзенні сертыфікацыі нясе шмат негатыўных наступстваў як для ўнутранага рынку Беларусі, так і для беларускага экспарту. Вельмі імаверна, што ў дачыненні да беларускіх вытворцаў могуць быць прынятыя сіметрычныя рашэння з боку Расеі, што можа ўдарыць па экспарце айчыннай бытавой тэхнікі», — прагназуе Ананьеў.

Беларуская бізнэс-супольнасць прапануе альбо цалкам скасаваць пастанову аб сертыфікацыі, альбо выключыць з яе пункты, якія датычацца бытавой тэхнікі і электронікі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках