27 красавiка 2024, Субота, 0:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пачатак вялікай беларускай дзяржавы

11
Пачатак вялікай беларускай дзяржавы
Навагрудскі князь Міндоўг

Зімой 1253 года, у барацьбе супраць галіцка-валынскіх князёў, заснавальнік ВКЛ Міндоўг зрабіў гістарычны для Беларусі выбар.

Многія даследчыкі пагаджаецца з тым, што Навагрудскі князь Міндоўг выйшаў з роду Маўкольда. Менавіта ягонае паходжанне з роду полацкіх князёў Рагвалодавічаў дазволіла Навагрудскаму веча (паводле «права дзедзічнага») запрасіць Міндоўга на пасаду князя. У той час толькі такое права, а не што іншае, давала гарантыю ўступлення на пасаду князя, піша spadchyna.net.

Упершыню імя Міндоўга згадваецца ў летапісах з 1219 года, дзе ён супольна з іншымі літвінскімі князямі ў якасці наймітаў галіцка-валынскіх князёў выступае супраць палякаў.

У 1237 г паводле загаду Данілы Галіцкага Міндоўг (як найміт) выступае супраць Конрада Мазавецкага. У 1245 годзе ён зноў дапамагае Данілу Галіцкаму ў ягонай міжусобнай барацьбе.

У канцы 1245 ці ў пачатку 1246 ён запрошаны куршамі для барацьбы з Ордэнам, але трывае паразу. За ім пагналіся крыжакі і ўварваліся ў ягоныя валоданні. Міндоўг схаваўся ў горадзе Руце. Хоць крыжакі і не ўзялі яго, але спустошылі зямлю. Паразу Міндоўга выкарысталі ягоныя праціўнікі і выгналі з Літвы.

«З многімі сваімі баярамі» ён павінен быў сысці ў суседні Навагрудак. Пазней Міндоўг выгнаў сваіх праціўнікаў з Літвы «варожасцю...за варожасць з імі».

Неабходнай умовай для абрання Міндоўга Навагрудскім князем стала не толькі ягонае паходжанне з полацкага княскага роду, але і пераход з паганства ў хрысціянства. У 1246 годзе Міндоўг з баярамі «прыняў веру Хрыстову ад Усходу» - прыняў праваслаўе. Гэтым актам Міндоўг як Навагрудскі князь наблізіў паспяховае ажыццяўленне важнай дзяржаўнай мэты - аб'яднанне Літвы. У 1248-49 гады, выгнаўшы з Літвы князёў Таўцівіла, Эрдзівіла і Вікінта, Міндоўг «заняў Літву», ім была «атрыманая ўся зямля Літоўская».

Узмацненне Навагрудскага княства было з трывогай успрынятае галіцка-валынскімі князямі Данілам і Васількам. Убачыўшы ў Навагрудку свайго небяспечнага канкурэнта, яны адразу ж ужываюць захады для стварэння кааліцыі супраць Навагрудскага княства, куды ўвайшлі выгнаныя з Літвы князі Таўцівіл, Эрдзівіл і Вікінт.

Сабраныя Данілам Галіцкім войскі рушылі ў трох кірунках: на Ваўкавыск, Здзітлаў і Слонім, «падышоўшы да Навагрудка і заняўшы гарадоў шмат і вярнуўшыся ў дамы свае». Гэта з'явілася цяжкім выпрабаваннем для Навагрудская княства. І ўсё ж аб'яднаныя паходы сваёй мэты не дасягнулі.

На ініцыятыву Таўцівіла зімой 1253 г галіцка-валынскія князі робяць другі паход, і праз Пінск накіроўваюцца на Літву і Навагрудак. Патрапіўшы ў цяжкае становішча, Міндоўг пачаў перамовы з магістрам Ордэна Андрэем Сцірландам. Магістр абяцаў падтрымаць яго ў барацьбе з Таўцівілам і Данілам, а Міндоўг пагадзіўся саступіць Ордэну частку зямель Жамойці і Селоны, а за каралеўскую карону перайсці ў каталіцтва.

У далёкі Рым з ордэнскімі пасламі адправіўся і баярын Міндоўга Парнус. Папа Інакенцій IV выдаў булу, у якой абвясціў, што пад пратэкцыю і заступніцтва Апостальскай сталіцы бярэ каралеўства Літоўскае і ўсе землі, якія «здабыў ад няверных, або ў будучыні можа здабыць», на права і ўласнасць Міндоўга з жонкай, сынамі і ўсім дваром.

У той жа час Таўцівіл робіць напад на горад Руту. Ордэн прыйшоў на дапамогу, і ў адной з начных вылазак Міндоўг разганяе дружыну Таўцівіла.

6 ліпеня 1253 г Міндоўг каранаваўся. Холмскі біскуп Генрых надзеў на галаву Міндоўга карону. Міндоўг шчодра аддзячыў Ордэну: падпісаў некалькі грамат, у якіх саступаў крыжакам Корсь, Яцвезь, Нальшаны, Дайнову і Жамойць. Ніводная з тых зямель не належала Міндоўгу, і ён даў слова не прэтэндаваць на іх. Міндоўг дамогся таго, каб заснаваць на сваіх землях біскупства са сваёй сталіцай, дзеля чаго даў згоду на ўласныя сродкі пабудаваць кафедру. Папа прызначыў Ліцвінскім біскупам ордэнскага каплана Хрысціяна. Апошняму Міндоўг адпісаў землі ў Жамойці, якая не прызнавала ягонай улады і якую ён саступіў Ордэну. Хрысціян не меў ніякіх даходаў і тым самым падпадаў пад залежнасць Міндоўга.

Аднак у выніку сталай агрэсіі галіцка-валынскіх князёў, Міндоўг вымушаны быў прасіць у Данілы міру. Мабыць, прапанаваныя ім умовы міру былі непрымальныя для галіцкага князя, бо той зладзіў яшчэ адзін паход «на Літву і Навагрудак».

Няўдачы Міндоўга ў вайне з Галіцка-Валынскім княствам паўплывалі на ягоныя стасункі з мясцовымі баярамі, і ў 1254 годзе ён вымушаны быў пакінуць Навагрудак, а князем выбіраюць ягонага сына Войшалка.

Аднак падмурак адной з самых магутных дзяржаваў Сярэднявечча - Вялікага Княства Літоўскага - быў ужо закладзены.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках