5 траўня 2024, Нядзеля, 14:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельцы: Давайце назавём усё вуліцы імем Лукашэнкі

26
Гомельцы: Давайце назавём усё вуліцы імем Лукашэнкі

Жыхары Касцюкоўкі абураныя, што мясцовыя ўлады не назвалі вуліцы імёнамі Быкава і Караткевіча, праігнараваўшы іх меркаванне.

У Кастюкоўцы маглі з'явіцца вуліцы Быкава і Караткевіча. Але ўлады заявілі, што апыталі мясцовых жыхароў і тыя выказаліся супраць. У выніку замест класікаў тут «ўвекавечылі» стваральніка мясцовага цырка і неадушаўлёныя прадметы. Так у Кастюкоўцы з'явіліся Бурштынавая, Гасцявая, Яблыневая, Грушавая і вуліца Абеля.

Ініцыятыва перайменавання вуліц паўстала праз тое, што населены пункт, які раней быў прадмесцем, стаў часткай Гомеля. Для спрашчэння і упарадкавання тапанімікі пастанавілі перайменаваць вуліцы ў мікрараёне.

«Белсат» пацікавіўся ў жыхароў Касцюкоўкі, ці сапраўды мясцовыя ўлады раіліся з імі з нагоды перайменавання вуліц.

Адзін з апытаных іранічна прапанаваў назваць вуліцы імем дыктатара.

«Можа лепш, каб была вуліца Лукашэнкі? Цяпер жа ўсё Лукашэнка, дык давайце вуліцу зробім. Усе вуліцы будуць Лукашэнкі. Навошта нам Быкаў і Караткевіч? Пісьменнікі ж ужо даўно забытыя. Тут людзям есці няма чаго, якія вуліцы, якія назвы. Вядома, усе хочуць, каб была вуліца Лукашэнкі. А нумарацыя павінна быць такая: Лукашэнкі бацькі, Лукашэнкі сына, другога, трэцяга. Павінна быць рэспубліка Лукашэнкі, таму што мы ўсе залежым толькі ад яго», – іранізуе маладзён.

Іншыя жыхары прызналіся, што іх ніхто не апытваў.

«Няпраўда, а хто ў нас пытаўся? Хоць бы якую аб'яву ў клубе павесілі, пайшлі распыталі, якія вуліцы, якое імя каму падабаецца, але такога не было», – кажа жанчына.

«Ніхто не пытаўся, а Караткевіча і Быкава я паважаю, як вялікіх пісьменнікаў», – кажа яшчэ адная жанчына.

«Я вельмі абураная, што вуліцу назвалі імем Абеля. Я сама займалася ў народным цырку, была велафігурысткай, ля вытокаў стаяла. Так, ён арганізаваў цырк, але ці можна параўнаць маштабы Караткевіча і Быкава з Залезняком і Абелем?», – абураецца апытаная жыхарка.

«Ніхто ні аб чым не пытаўся. Пасялковы савет вельмі заняты», – выказваецца яшчэ адная апытаная.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках