12 траўня 2024, Нядзеля, 2:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзевяць курортаў, дзе адпачываў Лукашэнка

35

Пакуль беларускі дыктатар катаецца на лыжах у Сочы, журналісты ўспомнілі дзе яшчэ ён любіць адпачываць.

31 студзеня дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з адпачынкам у Сочы. Трэба адзначыць, што амаль заўсёды цягам года Лукашэнка знаходзіць некалькі магчымасцяў для адпачынку - звычайна ў лютым і верасні. «Наша Ніва» ўзгадала, у якіх месцах адпачываў дыктатар.

Сочы (Расея)

Самы дарагі курорт Расеі. Адпачываць там камфортна, як зімой, так і летам. Для Лукашэнкі гэта самы папулярны маршрут, асабліва ў той час, калі можна пакатацца на лыжах. Ля Сочы ў Чырвонай Паляне ў Лукашэнкі ёсць рэзідэнцыя, пабудаваная на тэрыторыі гатэля «Беларусь». Пры будаўніцтве былі выселеныя многія жыхары навакольных вёсак. Зусім побач знаходзіцца рэзідэнцыя Уладзіміра Пуціна «Бачароў ручай».

Вось як апісвала рэзідэнцыю Лукашэнкі «Новая газета»: «Перад будынкам - плошча з фантанам, зялёны газон, праз які цягнецца выбрукаваная пліткай дарожка. Непасрэдна да двухпавярховага будынку рэзідэнцыі вядзе мармуровая лесвіца. Такім жа мармурам аздобленыя сцены».

У Чырвоную Паляну Лукашэнка часцей за ўсё прыязджае з вялікай кампаніяй: бізнэсоўцы, чыноўнікі, спартоўцы. Раней у Сочы прыязджалі і папулярныя беларускія спявачкі. Бывала, што хакейная каманда дыктатара таксама «сумяшчала» знаходжанне ў Сочы з адпачынкам Лукашэнкі.

Зэефельд (Аўстрыя)

Самы скандальны адпачынак дыктатара адбыўся зімой 2002 года, калі ён адправіўся ў Аўстрыю. Пасля васьмі гадоў пасля адпачынку была абвешчаная выдаткаваная на гэта сума - 200 тысяч еўраў. Прычым фінансавалася паездка ў абыход аўстрыйскага заканадаўства. Люкс Лукашэнкі каштаваў 700 еўраў за суткі. Разам з правадыром знаходзілася яшчэ 17 чалавек. Напрыклад, сыны Віктар і Дзмітрый жылі разам у адным нумары. Разам з Лукашэнкам там таксама знаходзіліся лекарка Ірына Абельская, стары сябар Уладзімір Канаплёў, кіраўніца справамі прэзідэнта Галіна Жураўкова, памочнік Уладзімер Макей, прэс-сакратарка Наталля Пяткевіч, ахоўнік Андрэй Уцюрын, спецназавец Мікалай Карпянкоў.

З афіцыйных дакументаў можна было даведацца, што Лукашэнка падчас адпачынку ў Аўстрыі атрымаў невялікую траўму сцягна. Верталёт хуткай дапамогі перавёз дыктатара ў мясцовую клініку. Такса за хвіліну палёту: 66 еўраў, усяго машына налятала на 7260 еўраў. Пасля гэтым адпачынкам яшчэ доўга цікавілася аўстрыйская пракуратура. Справа ў тым, што ўвесь адпачынак Лукашэнкі аплачваў тагачасны кіраўнік алімпійскага камітэта Аўстрыі Хайнц Юнгвірт.

Замак Брдо (Славенія)

У 2004 годзе прэс-служба Лукашэнкі афіцыйна яшчэ не паведамляла пра адпачынак дыктатара. Да апошняга паездку ў Славенію трымала пад сакрэтам тагачасная прэс-сакратарка Наталля Пяткевіч. У Славенію лідара Беларусі запрасіў бізнэсовец Янэз Шкрабец, які вёў актыўную дзейнасць на постсавецкай прасторы. Замак Брдо - гэта гасцінічны комплекс службы дзяржаўнага пратакола Славеніі, але спыніцца там можа кожны ахвотны. Супрацоўнікі гатэля казалі, што Лукашэнка расплачваўся сам гатоўкай. Прэзідэнцкі нумар там каштаваў 850 даляраў.

Чымбулак (Казахстан)

У канцы 2004 года Аляксандр Лукашэнка тыдзень катаўся на лыжах на курорце Чымбулак у Казахстане. «Там лёгка застаць целаахоўнікаў прэзідэнта ў лыжных касцюмах, якія катаюцца па схілах і якія прыглядаюць за паводзінамі адпачывальнікаў», - пісала ў тыя дні «Комсомольская правда». Хутчэй за ўсё, Лукашэнка спыняўся ў гатэлі пры гэтым курорце, люкс у ім каштаваў 364 еўраў на суткі. Разам з Лукашэнкам у Казахстане адпачывала і хакейная каманда. У таварыскай гульні з ветэранамі Алматы дружына кіраўніка Беларусі ўзяла верх - 11:4.

Капаонік (Сербія)

Адзін з самых маштабных адпачынкаў Лукашэнка правёў у пачатку сакавіка 2009 года. Як паведамлялі сербскія СМІ, з аэрапорта Ніш да курорта Капаонік беларускую дэлегацыю дастаўлялі 50 аўтамабіляў. А ўсяго эскорт кіраўніка Беларусі складаў 150 чалавек. «Разам з ім былі дзеці з сем'ямі, ахова, кухары, нянечкі дзяцей», - распавядалі ў гатэлі «Гранд». Гэтая гасцініца пазіцыянуе сябе, як «месца для тых, хто хоча сумясціць актыўны адпачынак з раскошай і камфортам».

Цахкадзор (Арменія)

Дзіўна, але праз пару дзён пасля вяртання з Сербіі Лукашэнка накіраваўся ў Арменію, дзе зноў жа сумясціў афіцыйныя сустрэчы з катаннем на лыжах на курорце Цахкадзор у 50 кіламетрах ад Ерэвана. Там ён спыніўся ў пяцізоркавым гатэлі Multi Rest House - тады гэта быў самы сучасны гатэль на курорце. Адказваючы на пытанні журналістаў у Цахкадзоры, Лукашэнка трымаў на каленях малога Колю.

Альпы (Швэйцарыя)

Адна з найбольш таямнічых паездак дыктатара адбылася ў лютым 2010 года - у Швэйцарыю. Афіцыйныя крыніцы паведамлялі, што гэты дзяржаўны візіт будзе сумешчаны з кароткачасовым адпачынкам. Праз некаторы час афіцыйнае выданне Еўразвязу «EUobserver» паведаміла, што ў Швэйцарыю Лукашэнка ездзіў для аперацыі на прастаце.

ААЭ

З усіх цёплых краін Лукашэнка аддае перавагу Аб'яднаным Арабскім Эміратам. За апошнія гады ён двойчы пабываў там у таемных адпачынках. Увосень 2014 года арабскія тэлеканалы паказалі кадры аб тым, як дыктатар наведвае мячэць імя шэйха Зайда ў Абу-Дабі. Разам з ім была вялікая дэлегацыя: бізнэсоўцы Юрый Чыж, Аляксандр Шакуцін, хакейны трэнер Міхаіл Захараў, тэнісны трэнер Сяргей Цяцерын, кіраўнік федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў, памочнік у пытаннях бяспекі Віктар Лукашэнка. А таксама невядомыя маладыя жанчыны ў чорнай вопратцы з капюшонамі.

Венесуэла

У сакавіку 2010 года былі прадэманстраваныя кадры, на якіх Аляксандр Лукашэнка, седзячы на пляжы Атлантычнага акіяна, дае інтэрв'ю журналісту газеты «Diario La Nacion». «На пляжы голым я яшчэ нікому інтэрв'ю не даваў», - сказаў Лукашэнка. Гэта было ў час паездкі ў Венесуэлу.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках