27 красавiка 2024, Субота, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тымчук аб перадачы Беларусі С-300 з РФ: Гэта вяртанне да халоднай вайны і гонкі ўзбраенняў

Тымчук аб перадачы Беларусі С-300 з РФ: Гэта вяртанне да халоднай вайны і гонкі ўзбраенняў
ДЗМІТРЫЙ ТЫМЧУК
ФОТА: LIGA.NET

Расея насычае Беларусь сваёй зброяй такім чынам, каб яе фармальна не было ў чым папракнуць.

Тое, што (Расея перадала Беларусі тры дывізіёны ракетных комплексаў C-300) - гэта вяртанне да халоднай вайны і гонкі ўзбраенняў, мяркуе каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў», народны дэпутат ад «Народнага фронту» Дзмітрый Тымчук.

Такое меркаванне ён выказаў у каментары выданню «Гордан».

«Па сутнасці, гэта гонка ўзбраенняў. Хоць на Захадзе некаторыя крычаць, што Расея - іх сур'ёзны хаўруснік, але тое, што адбываецца, можна назваць вяртаннем да халоднай вайны. Палітычныя заявы заходніх лідараў трэба аддзяляць ад рэальных вайскова-палітычных крокаў, а генералы Пентагона з самага пачатку падзей у Крыме і на Данбасе лепш за ўсіх разумелі, што за працэсы пачаліся», - распавёў Тымчук.

На ягоную думку, Расея хоча паказаць сваю вайсковую моц такім чынам, каб яе не было ў чым папракнуць.

«Расея паступае вельмі хітра. З аднаго боку, яна дэманструе сваю вайсковую перавагу, бо размяшчэнне сістэм узбраення, назапашванне войскаў на нашых межах - гэта ваенна-палітычны ціск, сродак шантажу. З іншага боку, Расея спрабуе не абвастраць сітуацыю там, дзе гэта ёй не трэба, памятаючы пра санкцыі. С-300 - гэта сучасная сістэма СПА, з яе дапамогай можна выконваць сур'ёзныя задачы аховы паветранай прасторы, але гэта абарончая сістэма», - адзначыў экспэрт.

«Якім чынам С-300 можа пагражаць Украіне? Ну хіба што збіваць паветраныя мэты, якія знаходзяцца ў нашай паветранай прасторы, але на досыць невялікай глыбіні. Тут асабліва вінаваціць Расею няма ў чым. Калі б яна аператыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр» пачала размяшчаць, тады гэта была б пагроза», - дадаў Тымчук.

Нагадаем, што 9 лютага ў Беларусь з Расеі прыбылі тры дывізіёны ракетных комплексаў C-300. Са словаў камандуючага вайскова-паветранымі сіламі і супрацьпаветранай абаронай Беларусі Алега Двігалёва, два дывізіёны ракетных комплексаў прыбылі з Хабараўска і паступяць на ўзбраенне 377-га зенітна-ракетнага палка ў Полацку, трэці дывізіён «прымаюць у Барысаве», а пастаўка чацвёртага чакаецца ў сакавіку - ён прыбудзе з Нарыльска разам з камандным пунктам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках