Бяссмертны: Перамовы ў Менску маюць нулявы вынік і сітуацыя абвастраецца
6- 11.02.2016, 10:04
- 29,632
Перамовы кантактнай групы аб урэгуляванні сітуацыі на Данбасе ў Менску ўвесь час пераходзяць на эмоцыі і носяць контрпрадуктыўны характар.
Пра гэта ў эфіры «5 канала» заявіў прадстаўнік Украіны ў палітычнай падгрупе Трохбаковай кантактнай групы Раман Бяссмертны.
«Дэстабілізацыя (палітычнай сітуацыі ва Украіне, - рэд.) досыць сур'ёзна адбіваецца і таму імгненна ў дыскусіях гэта адбілася. Так, размова ідзе, але гэтая размова носіць контрпрадуктыўны характар», - адзначыў ён.
З яго слоў, усе размовы пераходзяць на эмоцыі, таму вынік перамоваў нулявы.
«Калі ўзяць учорашні дзень, то паўдня мне распавядалі, што я павінен гаварыць у сродках масавай інфармацыі, што я не павінен гаварыць. Прычым гэта ілюстравалася вытрымкамі з інтэрв'ю з радыё, з тэлевізіі... Усё тое, што мы бачым як на лініі размежавання, так і за сталом перамоваў у Менску носіць такі контрпрадуктыўны характар.
У сувязі з тым, што палітыка бяспекі, якая з'яўляецца ключавой для пачатку нейкага дыялогу, не вырашаная, яна абвастраецца, таму вынік гэтых размоваў фактычна нулявы», - патлумачыў Бяссмертны.