Беларуская мытня не прапусціла аўтобус з украінскімі кнігамі
5- 12.02.2016, 18:28
- 13,350
Некаторыя з кніг удалося правезці ў асабістых рэчах выдаўцоў.
Аўтобус са 175 выданнямі, якія планавалі прэзентаваць у экспазіцыі Украіны, беларуская мытня не пусціла ў Беларусь, паведаміла «Радыё Свабода» намесніца начальніка ўправы выдавецкай справы Дзяржкамтэлерадыё Украіны Таццяна Белавус.
«Дзякуй Богу, хоць неяк мы запоўнілі наш стэнд толькі таму, што дырэктар нашага дэпартамента выдавецкай справы і прэсы Аляксей Кананенка, дырэктар выдавецтва «Балтыяс друк» Віргініюс Троле, прадстаўнікі «Навуковай думкі» і я - усе мы везлі свае кнігі ў багажы, і нам удалося правезці гэтыя выставачныя асобнікі.
Асноўны аўтамабіль з кнігамі быў затрыманы, хоць усе дакументы былі аформленыя - з пячаткамі, з паведамленнямі, што кнігі вязуцца на Менскі міжнародны кніжны кірмаш для экспазіцыі на нацыянальным стэндзе Украіны. Але беларуская мытня іх развярнула. Матывацыя была наступная: маўляў, «тут занадта шмат выданняў, гэта для камерцыйнага ўвозу» - а мы везлі 175 найменняў кніг. Там былі кнігі гісторыі Украіны, мастацкія, навуковыя выданні - усе вельмі нейтральныя. Мы спецыяльна адбіралі гэтыя кнігі, там не было нічога такога, што магло б скампраметаваць Украіну ці Беларусь. Як патлумачылі мне людзі, якія суправаджалі груз, беларускія мытнікі пастанавілі, што яны могуць чамусьці пашкодзіць нашым стасункам, і іх «адправілі» назад, ва Украіну.
Я сама ўжо была ў Менску, мне патэлефанавалі а 4 гадзіне раніцы. Калі б кнігі везлі ўдзень, у працоўны час, мы б маглі з кімсьці з афіцыйных асоб звязацца, патэлефанаваць, растлумачыць.
Праўда, у мінулым годзе было, у прынцыпе, тое ж самае, але мы звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі Беларусі, з якім у нас добрыя стасункі. Тады мяжу самаход перасякаў аб 11 раніцы. Мы звязаліся з Мінінфармам, яны тэрмінова напісалі ліст у Дзяржаўны мытны камітэт, і аўтамабіль прапусцілі. У гэтым годзе аўтамабіль быў на мяжы а 4 раніцы, натуральна, я не магла звязацца з Міністэрствам інфармацыі, і самаход развярнулі. На выставе ў нас атрымаўся прыгожы, але даволі сціплы стэнд».
На Нацыянальным стэндзе Украіны пераважна дарагія сувенірныя выданні ў скураных вокладках, ілюстраваныя кнігі мастацтва, якія выдаўцы проста пабаяліся адправіць у агульным аўтамабілі, а прывезлі самі ў багажы.
«А ў тым самаходзе, што не прапусцілі праз мяжу, былі прадстаўленыя дзяржаўныя выдавецтвы - «Либидь», «Веселка», «Дніпро» ды іншыя. Былі кнігі сучасных пісьменнікаў, везлі мы і кнігі Сяргея Жадана ды іншых аўтараў. Спіс быў вельмі змястоўны, разнастайны, мы адбіралі кнігі з любоўю. Тым больш, у гэтым годзе Сяргей Жадан - адзін з самых імаверных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую прэмію ў літаратуры», - кажа Таццяна Белавус.
Але, з ейных слоў, карысць ад выставы усё адно ёсць - дамовіліся аб перавыданні дзіцячай кнігі «Неймовірна смакота про веселого кота» ў перакладзе на беларускую мову.
А вось сумніўнага зместу кнігі з Расеі бесперашкодна трапілі на Менскі кірмаш - «Кіеў Капут» Эдуарда Лімонава прадаецца за 70 тысяч. Ёсць тут і «Невядомы Лімонаў». Нядорага прадаецца і «Бітва за Крым. Ад супрацьстаяння да вяртання ў Расею» Аляксандра Шыракарада.
У Мытным камітэце Рэспублікі Беларусь інцыдэнт пакуль не каментуюць.
Раней сайт charter97.org паведамляў, што на XXIII Менскім міжнародным кніжным кірмашы беларускія дзяржаўныя выдавецтвы не прадставілі ніводнай кнігі нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.