26 красавiка 2024, Пятніца, 3:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абмежаванні на замежныя пасылкі. Ідэя-фікс стала рэальнасцю

19
Абмежаванні на замежныя пасылкі. Ідэя-фікс стала рэальнасцю
Фота: БелТА

Дзяржаўны мытны камітэт будзе правяраць кошт тавараў з-за мяжы ў інтэрнэце.

Не даражэй за 22 еўры і не цяжэй за 10 кг

Калі раней цягам аднаго месяца без выплаты мыт з-за мяжы можна было атрымліваць пасылкі з таварамі для асабістага карыстання на суму 200 еўраў і вагай 31 кг, то цяпер агульны кошт тавараў не павінен перасягаць 22 еўры, а агульна вага - 10 кг, нагадваюць «Беларускія навіны».

Калі ліміт кошту за месяц будзе перавышаны, то давядзецца заплаціць мыту 30% ад перавышэння сумы. Да прыкладу, калі вам прыйшла пасылка з таварам коштам 42 еўры, то за «лішнія» 20 еўра давядзецца заплаціць мыту 6 еўраў. Акрамя таго, за кожную такую пасылку будзе спаганяцца мытны збор сумай 5 еўраў.

За кожны кілаграм звыш ліміту спаганяецца мыта 4 еўры. Дзве мыты адначасова (за «лішнія» еўры і кілаграмы) не выплачваюцца - толькі большая сумай. Мыта і збор выплачваюцца ў беларускіх рублях пры атрыманні пасылкі на пошце.

Правяраць кошт тавару мытныя органы будуць зыходзячы з інфармацыі коштаў, якая маецца ў іх.

«Плюс у інтэрнэце мы можам з вамі паглядзець, колькі каштуе тая альбо іншая рэч», - паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце.

Указ №40 падпісаны 11 лютага і ўвойдзе у дзеянне праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання. Калі пасылка прыйдзе да моманту ўваходжання ў дзеянне, то на яе будуць распаўсюджвацца старыя правілы.

Дзеянне дакумента закране ўсе замежныя пасылкі, у тым ліку ад сваякоў. У той жа час пасылкі з краін Еўразійскай эканамічнай саюза не падлягаюць мытнаму кантролю.

У ДМК тлумачаць, што пэўным указам велічыня бязмытнага ўвозу аналагічная норме, якая выконваецца ў шэрагу краін Еўрапейскага Звязу. Хоць, вядома, дзіўна, што ў гэтым пытанні Беларусь наважыла раўняцца на ЕЗ, а не на сваіх партнёраў у Еўразійскім саюзе, дзе нормы бязмытнага ўвозу значна больш ліберальнейшыя за беларускія.

Памяншэнне нормы бязмытнага ўвозу тавараў у міжнародных паштовых адпраўленнях у ДМК тлумачаць значным ростам камерцыйных партый. У мінулым годзе звыш 250 тысяч грамадзян Беларусі атрымалі ад 10 да 100 і больш пасылак з замежных інтэрнэт-крам.

«Як паказаў наш аналіз, гэтыя тавары ўвозіліся для камерцыйнага выкарыстання. У параўнанні з 2013 годам колькасць камерцыйных партый тавараў, што ўвозяцца з інтэрнэт-крам, павялічылася ў шэсць разоў», - паведаміў журналістам намеснік старшыні ДМК Уладзімір Арлоўскі.

Пры гэтым, сцвярджае ён, у мінулым годзе больш за 90% грамадзян Беларусі наогул не атрымлівалі міжнародных пасылак, і змены закрануць толькі тых, хто займаўся камерцыйным увозам тавараў пад выглядам тавараў для асабістага выкарыстання.

Ідэя-фікс Мясніковіча

Упершыню ідэю абкладаць падаткам закупы ў замежных інтэрнэт-крамах яшчэ ўлетку мінулага года агучыў былы прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

«Міжнародныя паштовыя адпраўленні растуць як лавіна, аднак фактычна не даюць «Белпошце» нейкіх істотных даходаў... Прычым гэтыя пасылкі прыходзяць з замежжа не толькі для асабістага карыстання фізічнай асобы, але там утрымліваюцца цэлыя партыі тавараў, якія потым рэалізуюцца, прадаюцца на рынках , у іншых месцах», - казаў Міхаіл Мясніковіч.

Акрамя таго, на думку экс-прэм'ера, кошт пасылак нярэдка наўмысна заніжаецца.

«Яны ацэньваюцца за 5, 10 даляраў... Хоць сапраўдны фактычны кошт зусім іншы ... Я не супраць таго, каб куплялі гэта, але ідзе проста падробка фактычнага кошту. Гэта дазваляе сыходзіць ад мыт, выплат і гэтак далей», - адзначаў Міхаіл Мясніковіч.

У свой час Нацыянальны банк даручыў камерцыйным банкам разгледзець тэхнічную магчымасць збірання дадатковага збору з фiзiчных асоб на этапе аплаты тавараў банкаўскай карткай. Фінансавыя ўстановы апавясцілі рэгулятар пра тое, што не маюць такой тэхнічнай магчымасці.

«Я мяркую, што гэта няправільны падыход. Буду на гэтым намагаць. Бо, калі мы прыходзім у краму, на касе прабіваюць ПДВ, і праграмнае забеспячэнне спрацоўвае. Кожны пакупнік выплачвае падатак. У нас ёсць рэгістрацыя на кожную пасылку. Пры яе ўручэнні цалкам можна гэтае пытанне развязаць», - казаў у лістападзе мінулага года экс-прэм'ер.

На ягоную думку, замежныя пасылкі «абрынулі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасці».

Паводле звестак ДМК, колькасць пасылак з таварамі з-за мяжы ў мінулым годзе вырасла амаль удвая. Так, калі ў 2014 годзе ў Беларусь паступіла 6,3 млн паштовых адпраўленняў з таварнымі ўкладаннямі, то ў 2015 годзе - 11,8 млн. Асноўную дзель з іх складаюць пасылкі з таварамі, набытымі ў інтэрнэт-крамах Кітая, Ганконга і ЗША.

Самымі папулярнымі таварамі ў беларусаў з'яўляюцца адзенне і абутак, мабільныя тэлефоны, планшэты, калонкі, навушнікі, карты памяці, GPS-навігатары ды іншыя.

«Перастань купляць тавары даражэйшыя за 22 еўрф»

Мянчук Андрэй нядаўна купіў у замежнай інтэрнэт-краме некалькі флэш-назапашвальнікаў. На AliExpress яны каштуюць удвая танней, чым у Беларусі. Акрамя таго, ён таксама заказваў дэталі для свайго ноўтбука, якіх няма ў Беларусі.

«Цяпер будзе менш камфортна, бо мы звыклі ўсякую дробную тэхніку замаўляць у Кітаі. Горш за ўсё, напэўна, будзе мамам, якія замаўляюць для дзяцей адзенне ды іншыя рэчы. Я асабіста проста перастану купляць на AliExpress тавары на суму большую за 22 еўры», - кажа суразмоўца.

Ён лепей паедзе ў Вільню па патрэбны тавар або замовіць яго на Маскву або Кіеў і папросіць перадаць з правадніком.

«А тыя людзі, якія робяць на гэтым бізнэс, будуць проста замаўялць тавары на Маскву і прывозіць адтуль. Тым больш што ў нас няма мытні, і ў Расеі безмытна можна замаўляць тавары на суму да тысячы еўраў», - мяркуе Андрэй.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках