Кастынг у пошуках самай прыгожай беларускі стартаваў у Менску
12- 13.02.2016, 16:15
- 26,981
Першы дзень адбору ўдзельніц конкурсу «Міс Беларусь-2016» стартаваў сёння ў Нацыянальнай школе прыгажосці.
У кастынгу могуць браць удзел дзяўчаты ад 18 да 24 гадоў, якія маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываюць на яе тэрыторыі (незалежна ад месца вучобы і працы), не маюць дзяцей і ніколі не былі ў шлюбе, паведамляе БелТА.
Рост дзяўчат павінен складаць не менш за 175 см. Для ўдзелу ў адборачным туры прэтэндэнткам забараняецца выкарыстоўваць дэкаратыўную касметыку, трэба мець пры сабе гумку для валасоў, купальнік, туфлі на высокім абцасе - для таго каб прадэфіліраваць перад суддзямі і паказаць сваю натуральную прыгажосць.
Тых, хто здолее заваяваць сэрцы суддзяў сваімі знешнімі дадзенымі, розумам і талентамі, чакае ўдзел у «Міс Беларусь» сёлета, а гэта, у сваю чаргу, дае магчымасць пазмагацца за званне самай прыгожай дзяўчыны краіны. І не толькі: пераможца конкурсу адправіцца на «Міс свету», а таксама атрымае магчымасць удзельнічаць у розных культурных, дабрачынных акцыях, якія пройдуць у краіне і за яе межамі.
Адбор у Менску працягнецца 14 лютага і завершыцца а 19.00.