2 траўня 2024, Чацвер, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Лукашэнка ідзе да лагічнага канца

34
Наталля Радзіна: Лукашэнка ідзе да лагічнага канца
Фота: bymedia

Скасаванне санкцый з боку ЕЗ не ўратуе рэжым Лукашэнкі ад банкруцтва.

Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» заявіла галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна.

- Цяпер дзве асноўныя падзеі, можна сказаць, у Беларусі, вакол Беларусі - гэта акцыя ў Менску і таксама пасяджэнне ў Брусэлі. Ці можам мы параўноўваць гэтыя падзеі, і якая з іх больш важная для нашай краіны?

- Найперш для Беларусі самае важнае - гэта мітынг прадпрымальнікаў, які прайшоў у Менску. Надзвычай важна, што беларусы пачынаюць пратэставаць, і няхай сёння з 200 тысяч выйшла ўсяго тысяча чалавек, але я веру, што гэта першая акцыя з імаверных магчымых, якія пройдуць у Менску.

Што да палітыкі Брусэля, якую ён сёння спрабуе праводзіць у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, то відавочна, што яна памылковая, бо здымаць санкцыі з рэжыму Лукашэнкі сёння катэгарычна нельга. Сітуацыя ў краіне не палепшылася. Мінулыя прэзідэнцкія выбары былі сфальсіфікаванымі, як і ўсе выбарчыя кампаніі фальсіфікаваліся цягам 20 гадоў. Так, былі вызваленыя палітычныя зняволеныя, але ніводзін палітычны зняволены не быў рэабілітаваны. І ўсе вязні сумлення сёння знаходзяцца пад пагрозай новага арышту. Сітуацыя з правамі чалавека не толькі не палепшылася, яна пагоршылася, бо ўлады сёння сталі рабіць рэпрэсіўныя захады не толькі супраць палітычнай апазіцыі, але і супраць усіх слаёў грамадства.

- Наталля, тое што нельга здымаць санкцыі з рэжыму Лукашэнкі еўрачыноўнікам гаварылі і беларускія апазіцыянеры, і прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, і праваабаронцы. Чаму іх голас не быў пачуты? Ці ён быў пачуты, але сітуацыя змянілася, а рыторыка засталася ранейшая?

- У гэтым выпадку еўрапейскія чыноўнікі думаюць пра свае шкурныя інтарэсы і ўважаюць за найлепшае не чуць меркавання беларускай апазіцыі, беларускіх лідараў дэмакратычных сіл, і ўвогуле беларускага народа. Сапраўды, была прынятая заява лідараў апазіцыі, якія ўсе як адзін заклікалі не скасоўваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Да гэтага заклікалі і праваабаронцы, і незалежныя журналісты, але іх не пачулі, бо гаворка ідзе пра банальную эканамічную выгаду.

Беларусь сёння - гэта такі кантрабандны хаб, які дазваляе весці гандаль Расеі з Еўразвязам у абыход санкцый, Еўразвязу з Расеяй у абыход санкцый, Украіне з Расеяй, як ні парадаксальна, таму пастанавілі што Лукашэнка сёння Захаду патрэбны нават вось такі, з крывёю на руках, але партнёр.

- Ёсць некаторыя краіны ў Еўразвязе, якія і раней запляміліся супрацоўніцтвам з Лукашэнкам, у тым ліку напрыклад Аўстрыя. Але што цікава, цяпер за скасаванне санкцый выступалі ў тым ліку і некаторыя краіны-суседкі, між іншым Польшча, якая паслядоўна падтрымлівае акурат дэмакратычную супольнасць Беларусі. Чаму тут адбылася такая змена рыторыкі?

- Мы ўдзячныя Польшчы за тую падтрымку, якую яна робіць, найперш беларускім незалежным медыям: і тэлеканалу «Белсат», і сайту «Хартыя'97», але я вымушаная сёння крытыкаваць польскі ўрад, які выступіў за змякчэнне палітыкі ў дачыненні да Лукашэнкі. Тым больш гэта дзіўна, што такую ж памылку ў свой час дапусціла партыя "Грамадзянская платформа", якая сёння знаходзіцца ў апазіцыі.

Вы памятаеце, што ў Беларусь прыязджаў міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, і памятайце чым гэта скончылася - разгонам акцыі 19 снежня 2010 года і масавымі арыштамі. Потым Сікорскі заявіў, што Лукашэнка - лузэр і саступіў у выбарах. І цяпер новы міністр Вашчыкоўскі ідзе ягоным жа шляхам. Думаю, што яму ўрэшце давядзецца казаць тое ж самае. Спадзяюся, што чарговае «пацяпленне» стасункаў ЕЗ з дыктатурай не прывядзе да такіх ахвяр, як у 2010 годзе.

- Ну вось, калі ўспомнілі падзеі 2010 года, сёння, калі рыхтаваліся да эфіру, акурат параўноўвалі сённяшнюю сітуацыю са снежнем 2010 года. Тады быў месяц, які некаторыя называлі «месяцам свабоды», «месяцам лібералізацыі», калі Лукашэнка дазволіў некаторыя вольнасці апазіцыі перад «выбарамі». У выніку, страху ў грамадстве стала менш, людзей выходзіла ўсё больш і больш, дзясяткі тысяч чалавек прыйшлі ў выбарчы вечар на Плошчу. Сёння, прынамсі, пачатак гэтага сцэнару паўтараецца. Ці значыць гэта, што сцэнар можа паўтарыцца і паводле далейшых пунктаў, нават калі ўзгадаць сённяшнюю акцыю прадпрымальнікаў? Яны ўсе заявілі, што страху ўсё менш, і мы выйдзем у наступны панядзелак, і будзем выходзіць да перамогі.

- Вы маеце рацыю, сітуацыя будзе паўтарацца, бо Лукашэнка будзе вымушаны зноў «заціснуць накруткі», інакш ён не ўтрымаецца ва ўладзе. Іншая рэч, што гэтым разам у яго можа не атрымацца. Эканамічная сітуацыя настолькі цяжкая, незадаволеных так шмат, што гэтым разам і міліцыя можа стаць на бок народа. Але тое што ён зноў паспрабуе акурат жа раскруціць вось гэты вось махавік рэпрэсій супраць апазіцыі, супраць працоўных, супраць прадпрымальнікаў, відавочна. Бо гэта дыктатар, ён не бачыць іншых механізмаў, ён не пойдзе на дыялог. Вы ж бачылі, што адбывалася напярэдадні акцыі пратэсту. Ён назваў прадпрымальнікаў бандытамі.

З гэтым чалавекам немагчыма ні пра што дамовіцца. Ён не можа пайсці на саступкі. Ён не ў стане са сваім псіхатыпам зразумець, што ён не мае рацыю і ўсвядоміць сваю памылку. Таму ў гэтай сітуацыі, я думаю, Лукашэнка ідзе да свайго лагічнага канца.

- А гэты канец наколькі працяглым будзе ў часе? Ці не адбудзецца «зацісканне накрутак» значна раней? Ці ўсё ж нейкі час ён будзе чакаць?

- Еўразвяз здымаў у свой час санкцыі з Кадафі. Дзе цяпер Кадафі? Забіты ўласным народам. Быў «мядовы месяц» Еўразвязу з Януковічам. Дзе сёння Януковіч? Скінуты Майданам і хаваецца ў Расеі. Гэтага ўсяго можна чакаць Лукашэнку.

- Наконт згаданых дыктатараў. Там адбываліся масавыя акцыі пратэсту. Пратэсты ў Беларусі змогуць набыць масавы характар?

- Безумоўна, бо развязанне ўсіх праблем беларусаў у змене гэтага рэжыму. Краіна павінна пераходзіць да новага этапу свайго жыцця, да рэформаў, да перамен. А за гэтым рэжымам нічога гэтага не будзе. Таму цалкам відавочна, што сёння трэба казаць не пра скасаванне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Сёння трэба казаць наадварот аб павелічэнні падтрымкі і дапамогі апазіцыйным сілам, незалежным медыям, праваабарончым арганізацыям. А што мы бачым сёння? Мала таго, што здымаюцца санкцыі з Лукашэнкі. Самае страшнае напраўду не зняццё гэтых санкцый, а тое, што адначасова скарачаецца дапамога дэмакратычнай апазіцыі, незалежным медыям, праваабарончым арганізацыям. Еўропа не павінна падтрымліваць дыктатара ў момант, калі ён слабы як ніколі.

- Вось у гэты момант, калі ён слабы як ніколі, ці варта нам, прадстаўнікам незалежнага грамадства, чакаць яшчэ аднаго ўдару ў спіну, напрыклад новага крэдыту ад Захаду?

- Ніякі новы крэдыт не ўратуе сёння рэжым Лукашэнкі. Вы бачыце, што эканамічная сітуацыя настолькі цяжкая, што некалькі мільярдаў еўраў з боку МВФ ці еўрапейскіх банкаў, не выратуюць сітуацыю. Гэта будуць нейкія разавыя захады, якія ніяк не паўплываюць на крызіс, які такі моцны, што сёння «праеў» усе сферы жыцця ў Беларусі, што ні расейскія, ні кітайскія, ні заходнія крэдыты не выратуюць сёння рэжым Лукашэнкі ад банкруцтва.

- Хто выратуе Беларусь? Дык гэта мы - беларусы! - Шчыра дзякую за размову.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках