4 траўня 2024, Субота, 23:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вітаўтас Кершанскас: ЕЗ не пакідае па-за ўвагай пытанне правоў чалавека ў Беларусі

5
Вітаўтас Кершанскас: ЕЗ не пакідае па-за ўвагай пытанне правоў чалавека ў Беларусі
Вітаўтас КЕРШАНСКАС
ФОТА: LRT.LT

Нягледзячы на зняцце санкцый, ЕЗ ніколі не забывае пра складаную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Пра гэта заявіў у размове з charter97.org аналітык літоўскага Цэнтра ўсходне-еўрапейскіх даследаванняў Вітаўтас Кершанскас. З ягоных слоў, пытанне зняцця санкцыі ў дачыненні да Беларусі ЕЗ спела даўно, цяпер толькі належным чынам склаліся абставіны.

- Чаму ЕЗ не прадаўжае санкцыі ў дачыненні да Беларусі, бо сітуацыя па сутнасці не мяняецца?

- Дыскусія пра эфектыўнасць санкцый ідзе з самага пачатку іх увядзення і вылучаюцца два пануючыя погляду. Прыхільнікі стратэгіі стрымлівання прытрымліваюцца пазіцыі, што санкцыі абмяжоўваюць развіццё дзяржавы і прымушаюць кіроўны рэжым адступіць. Стратэгія ўцягвання кіруецца перадумовай, што разам з «палкай» павінна быць і «моркаўка», а рэжым будзе схільны раскрыцца, бачачы, што супрацоўніцтва нясе карысць яму самому. Аднак асноўнае правіла палітыкі санкцый, якое дазваляе саступіць, гэта адсутнасць альтэрнатывы. У выпадку з Беларуссю, Лукашэнка заўсёды мог разгарнуцца да Расеі тады, калі супрацоўніцтва з ЕЗ спынялася, а гэта асабліва стрымлівае эфектыўнасць санкцый.

Лукашэнка выканаў асноўную ўмову ЕЗ: былі вызваленыя палітычныя зняволеныя, а летась так званыя выбары прэзідэнта, хоць іх дакладней было б назваць спектаклем, прайшлі без праяваў гвалту. Таксама была прызнаная важная роля Менска ў выпадку рэгіянальнага супрацоўніцтва, маючы на ўвазе перамовы, якія праходзілі тут, з нагоды вайны ва Украіне. Паколькі сярод чальцоў ЕЗ пануюць настроі аб тым, што санкцыі не працуюць і каб прыпыніць гравітацыю Беларусі ў сферу ўплыву Расеі, трэба іх зняць, то такіх дзеянняў Лукашэнкі хапіла, каб была прынятая пастанова аб зняцці санкцый. Я б сказаў, што гэта доўга спеўшае дзеянне, для рэалізацыі якога склаліся спрыяльныя ўмовы.

- Беларускі рэжым парушае правы чалавека. Гэта больш не актуальна для ЕЗ?

- У высновах Рады ЕЗ аб сітуацыі ў Беларусі звяртаецца ўвага на дрэнную сітуацыю ў краіне з правамі чалавека, у той жа час адзначаецца, што Менск аднавіў супрацоўніцтва і дыялог ЕЗ і Беларусі з нагоды правоў чалавека, а наступная сустрэча плануецца ўжо гэтай вясной. Брусэль заўсёды звяртае ўвагу на сітуацыю з правамі чалавека, таму казаць, што гэта перастала быць важным, было б няправільна. Хутчэй, такі больш мяккі погляд на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі можа быць звязаны з агульным пераглядам палітыкі ЕЗ Усходняга партнёрства: прытрымліваюцца погляду, што адзіная палітыка ў дачыненні да ўсіх удзельнікаў праграмы не адпавядае рэальнай сітуацыі, таму супрацоўніцтва будзе паглыбляцца на двухбаковай аснове. Гэта дазваляе Менску хоць бы збольшага гуляць з ЕЗ і падрэдагаваць двухбаковыя планы.

- Як можна прагназаваць далейшае развіццё стасункаў ЕЗ і Беларусі?

- Трэба зразумець прынцып дзеяння аўтарытарнага рэжыму: усе дзеянні Лукашэнкі арыентаваныя на ўтрыманне на пасадзе прэзідэнта, захаванне ўлады. Калі яму больш выгадна супрацоўнічаць з Масквой, ён павернецца да яе, а калі сітуацыя асабліва дрэнная, адбываецца разварот на Захад. Таму спадзявацца на нейкія прынцыповыя дэмакратычныя перамены ў Беларусі не трэба. У першую чаргу трэба чакаць павелічэння інтэнсіўнасці эканамічнага супрацоўніцтва, якое асабліва неабходнае для захраслай, нерэфармаванай эканомікі Беларусі. А палітычны парадак будзе залежаць не толькі ад двухбаковых працэсаў ЕЗ і Беларусі, але і развіцця рэгіёну, стасункаў з Расеяй.

- Як трэба ацэньваць пазіцыю Літвы ў дачыненні да Беларусі?

- Я думаю, што ўрад Літвы збольшага быў вымушаны заняць цяперашнюю пазіцыю наконт агульных настрояў у ЕЗ, жадання зняць санкцыі і таксама спадзявацца на больш цеснае супрацоўніцтва з боку Лукашэнкі. Без сумневаў, Літва, як паслядоўны прыхільнік дэмакратычных каштоўнасцяў ва ўсходнім суседстве, апынулася ў двухсэнсоўнай сітуацыі.

І ўсё ж не хапае канкрэтных дзеянняў у прыпыненні будаўніцтва Астравецкай АЭС, альбо ж таго, каб прымусіць беларускія ўлады зрабіць гэта, прытрымліваючыся міжнародных стандартаў. Са здыманнем санкцыі Літва страціла аргументы ў гэтым пытанні і застаецца спадзявацца толькі на добрую волю Лукашэнкі, што малаімаверна. Пытанне Астравецкай АЭС было неабходна падымаць на ўзроўні Еўропы, звязаўшы гэта са здыманнем санкцыяй. Хоць бы ўдалося дасягнуць запісу ў высновах Рады ЕЗ радкоў, якія заклікаюць Беларусь да супрацоўніцтва ў гарантаванні бяспечнага развіцця ядзернай энэргетыкі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках