6 траўня 2024, панядзелак, 19:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-пракурор Архіпаў: Пра калонію нічога не памятаю, суму заробку не ведаю, наперадзе пасяўная

41
Экс-пракурор Архіпаў: Пра калонію нічога не памятаю, суму заробку не ведаю, наперадзе пасяўная
Аляксандр Архіпаў

Былога намесніка генпракурора Беларусі Аляксандра Архіпава пасля датэрміновага выхаду з калоніі нечакана кінулі «падымаць» гаспадарку ў Смалявіцкім раёне.

«Чаго вы зацікавіліся мной? Мной не трэба цікавіцца, я працую і ўсё», - так спачатку адрэагаваў былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў на званок журналіста «Радыё Свабоды».

— Як справы ў гаспадарцы, якую вы ўзначалілі? Прачытаў на сайце сельгасуправы Смалявіцкага раёну, што там ў вас вакансія галоўнага агранома ды іншыя. Знайшлі ўжо чалавека?

— Усе спецыялісты на месцы, і галоўны аграном — усе. Не ведаю, у вас, пэўна, недакладная інфармацыя. А што ёсць, дык гэта раздутыя кадры, якія непатрэбныя нам. А так тут нармальная гаспадарка, добрыя працаўнікі, усё круціцца-верціцца.

— І якая ў вас галоўная задача цяпер? Чым найперш збіраецеся ў гаспадарцы заняцца?

— У нас наперадзе пасяўная. Галоўнае своечасова пасеяць і сабраць ураджай. Накарміць жывёлу і атрымаць малачко і мяса.

— А які ў вас будзе заробак, калі можна пра гэта даведацца?

— Не ведаю. Я працую без году тыдзень і што, я мушу цікавіцца заробкам? Але мяркую, як ва ўсіх калгаснікаў, гэтак і ў мяне — ні больш ні менш. А з улікам гаспадаркі, дык можа і меншы заробак, чым у суседзяў.

— Дык усё ж вам дасталася моцная гаспадарка, сярэдняя ці слабенькая?

— Мне цяжка пакуль адказаць, паглядзім. Я ж не ведаю патэнцыялу людзей. Пакуль усе працуюць добра, стараюцца. А за два дні разабрацца цяжка.

— Але ж вы не адмысловец у сельскай гаспадарцы, вы ж юрыст. Як вы будзеце разбірацца?

— Ну і што? Я прывяду вам сотні прыкладаў, калі не адмыслоўцы ў сельскай гаспадарцы сёння ўзначальваюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Паспяховыя і багатыя людзі, з Беларусі. А я большасць жыцця працаваў на раёне, на зямлі. І ведаю, што адбываецца ў сельскай гаспадарцы не на слых.

На пытанне наконт калоніі, у якой яму давялося адбываць пакаранне, новы дырэктар гаспадаркі «Пятровічы» адказваць асабліва не жадаў:

— Нічога жахлівага са мной не было, гэта такі жыццёвы шлях. Але досыць пра гэта. У мяне там было нармальнае жыццё, як у іншых. Нават працаваў там. А ў якой калоніі я быў, дык ужо і забыўся. Навошта мне памятаць? У мяне цяпер новае жыццё. Працаваць на новай працы на карысць нашай радзімы.

— Якую мэту вы ставіце перад сабой? Вярнуцца ў выніку ў пракуратуру ці прысвяціць сябе гаспадарчай дзейнасці?

— Не, буду займацца сельскай гаспадаркай. Мне не гэтак мала гадоў, што яшчэ магу нечым заняцца іншым, я сваё ўжо адхадзіў. Паўтараю, што буду працаваць на карысць сваёй краіны.

— Гэта добра. Але ў вас ёсць мэта заслужыць давер, вярнуць сваё чэснае імя?

— А яно ў мяне засталося чэсным, як і было. І застанецца.

— Але ж суд вас прызнаў вінаватым у злачынстве, у тым ліку ў атрыманні хабару.

— Гэта вам падаецца, што... Насамрэч самы галоўны суддзя для мяне гэта я сам. Калі я ведаю, што я прыстойны чалавек, дык і ўсе іншыя гэта ведаюць, а што там пішуць...

— Ці ёсць у вас крыўда на Аляксандра Лукашэнку? Ён мог бы вас і не саджаць за краты, а абмежавацца звальненнем.

— Не, я гэтага чалавека паважаў і буду паважаць. Ды і пры чым тут Лукашэнка? Не ён даваў загад мяне асудзіць, гэта поўнае трызненне. А тое, што ён пра мяне казаў — што з таго? Такую інфармацыю яму паклалі на стол. Наадварот, Аляксандр Рыгоравіч быў аб’ектыўным ва ўсіх учынках адносна мяне. Таму ніякіх крыўдаў у мяне няма, ні на каго. Калі хто быў вінаваты ў маёй сітуацыі, дык вінаваты я сам.

— На Уладзіміра Канаплёва таксама не крыўдуеце? Гэта ж ён вас уцягнуў у тую гісторыю.

— Паўтараю, ні на каго не крыўдую. Пытанняў ні да каго няма. У мяне і ў сям’і засталося ўсё добра. Там у мяне таксама ўсе людзі моцныя, якія любяць Беларусь і будуць на яе працаваць.

Паводле звестак з Пракуратуры Беларусі,Аляксандр Архіпаў вызваліўся на падставе памілавання, якое падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Адбываў пакаранне Аляксандр Архіпаў, паводле крыніцы ў Дэпартаменце пакаранняў МУС, у віцебскай калоніі «Віцьба-3», дзе адбываюць тэрміны шмат якія высокапастаўленыя чыноўнікі Беларусі, асуджаныя за карупцыю.

Былы генпракурор Беларусі летась быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і да канфіскацыі маёмасці за атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Паводле выраку суду, Аляксандр Архіпаў дапамог пазбегнуць адказнасці кіроўцу, які збіў чалавека. За гэта былы намеснік генпракурора атрымаў злітак золата і бутэльку дарагога каньяку. Разам з ім быў асуджаны былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Канаплёў, якога суд прызнаў вінаватым ў неданясенні аб злачынстве і аштрафаваў на 135 мільёнаў рублёў. Суд над Аляксандрам Архіпавым і Уладзімірам Канаплёвым быў закрытым.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках