19 траўня 2024, Нядзеля, 1:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Флэшмоб у Менску: студэнты патрабуюць самакіравання

14

Студэнты менскіх ВНУ запісалі відэаролік, дзе яны танцуюць ля ўваходаў у свае ўніверсітэты.

Такім чынам яны спрабуюць звярнуць увагу Міністэрства адукацыі на рэформы ў акадэмічнай сфэры, паведамляе «Радыё Свабода».

«Што мы можам зрабіць у такіх варунках, калі Міністэрства адукацыі і слухаць не хоча простых студэнтаў або незалежныя студэнцкія арганізацыі? Толькі танцаваць!» - гаворыцца на сайце кампаніі StudWatch.

Як распавяла Саша Кузьміч, танцы тут разглядаюць як крэатыўны спосаб распаўсюджвання інфармацыі аб праблемах студэнтаў.

«Здаецца, такога ў Беларусі яшчэ не было, - кажа Кузьміч. - Налепкі, улёткі - гэта сумна. А вось танцы - гэта весела, іх немагчыма дыскрэдытаваць, і да такога хочацца далучыцца».

У дзвюххвілінным роліку тузін студэнтаў танцуюць ля сваіх універсітэтаў - БДУ, БДУІР, МДЛУ ды іншых. Субтытрамі да роліка прапісаныя патрабаванні, якія выстаўляюць студэнты: акадэмічная свабода, свабода аб'яднанняў, празрыстасць бюджэту, сучасныя тэхналогіі, скасаванне платных пераздач і сапраўднае студэнцкае самакіраванне.

«Гэта рыхтуе глебу для асэнсаванага дыялогу аб рэформах, - кажа Кузьміч. - Самі танцы, вядома, нічога не вызначаць, але варта закрануць тэму рэформаў у вышэйшай адукацыі, якія павінны адбывацца».

На звычайныя звароты студэнтаў адміністрацыя не звяртае ўвагі, і таму Studwatch наважыла звярнуць увагу на неразвязаныя праблемы танцамі. Кампанія заклікае іншых студэнтаў працягваць флэшмоб і выкладваць «рэфармісцкія» танцы ў сацсетках.

«Стаць такімі вядомымі, як IceBucketChallenge, малаімаверна, але будзе выдатна, калі шмат студэнтаў выйдзе, - кажа Кузьміч. - Ці можна будзе паспрачацца са сцвярджэннем, што жыццё ёсць толькі ў Менску. У рэгіёнах шмат годных ВНУ, дзе вучацца сумленныя студэнты, таму я больш за ўсё чакаю відэа менавіта адтуль».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках