2 траўня 2024, Чацвер, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Вайцюшкевіч: Забароненыя ў Беларусі артысты і палітыкі павінны заставацца сабой

Зміцер Вайцюшкевіч: Забароненыя ў Беларусі артысты і палітыкі павінны заставацца сабой
Зміцер Вайцюшкевіч
Фота: charter97.org

Для гэтага важна натхняцца прыкладам творчых людзей і дысідэнтаў з Усходняй Еўропы.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя» распавёў вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч, каментуючы прэзентацыю ў Варшаве свайго новага альбома «Камета», складзенага з перакладаў песень іконы чэшскай музыкі Яраміра Нагавіцы:

- Мне вельмі спадабаўся і сам аўтар, і яго біяграфія. У яго няпростыя песні: яны і пра смерць, і пра старасць. Так пачалася праца. Нешта зрабілі. Вельмі цудоўныя пераклады Воранава і Хадановіча. Яны гучаць абсалютна натуральна і па-беларуску, а таксама вельмі актуальныя для Беларусі. Яшчэ адна прычына - гэта тое, што Ярамір Нагавіца - вядомы ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы. Шмат дзе ў свеце. А ў Беларусі пра яго ніхто не ведаў. Таму мы зрабілі такі альбом, каб пра яго даведаліся ў Беларусі.

- Магчыма, вы нешта асабістае ў яго творчасці знайшлі?

- Моманты, калі чалавек знаходзіцца ў пэўным пошуку. Напрыклад, дарослы мужчына, які ўжо пачаў сядзець, задае сабе пытанні. Напрыклад, пра смерць. Разумею, што і ў больш раннім узросце людзі задаюць сабе такое пытанне, але ў гэтага 40-гадовага мужчыны разважанні вельмі кранальныя. У Чэхіі Ярамір Нагавіца - як Акуджава ў Савецкім Саюзе, у Расеі, які, можа, і не меў голасу, але пісаў вельмі кранальныя песні і глыбокія, кранальныя вершы.

- А ў палітычным, сацыяльным кантэксце чым ён блізкі беларусам?

- Гэта чалавек, які меў праблемы з арганізацыяй канцэртаў, таму што ён быў забаронены ў камуністычныя часы. Я таксама ўжо амаль 10 гадоў у Беларусі пад забаронай. Няма магчымасці нармальнай працы і сустрэчы з беларускай аўдыторыяй. Немагчыма выказацца. Таму такія паралелі праводзяцца даволі проста. Гэта варта вывучаць. Каб артыст у Беларусі (не толькі Вайцюшкевіч), але кожны, хто ў «чорным» спісе (Міхалок, Вольскі, беларускія паэты, палітыкі і іншыя), не меў забароны на прафесію, заставаўся самім сабой у гэтых цяжкіх абставінах.

- Над чым цяпер працуеце?

- У гэтым годзе будзе 70-гадовы юбілей майго пастаяннага суаўтара, таксама забароненага паэта і выканаўцы. Бо так, як чытае вершы Уладзімір Някляеў, у Беларусі мала хто чытае свае вершы. Я рыхтую яму на восень такі падарунак - праект з 10-11 амаль незнаёмымі песнямі. Думаю, варта гэтага чалавека з няпростым лёсам проста аддзячыць. Ну, і калі гэта атрымаецца, будзе праца над паэзіяй Максіма Танка.

Новы альбом «Камета» ў хуткім часе можна будзе паслухаць у горадзе Острава, дзе Вайцюшкевіч і Нагавіца ўпершыню сустрэнуцца асабіста і праспяваюць разам. Канцэрт плануецца на 2 красавіка.

Фота: charter97.org/Іван Мяжуй
Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках