5 траўня 2024, Нядзеля, 2:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку даводзіцца шукаць кадры ў турме

92
Лукашэнку даводзіцца шукаць кадры ў турме
ФОТА: Віктар Талочка

Чаму на адказныя пасады вяртаюць «карупцыянераў»?

Эканаміст Барыс Жаліба і юрыст Алег Волчак разважаюць пра новую практыку вяртання з месцаў пазбаўлення волі на новую адказную працу экс-чыноўнікаў, асуджаных за карупцыю.

Лукашэнка вынайшаў новы беларускі ровар. Так характарызуе сітуацыю з памілаваннем, вызваленнем і прызначэннем на кіруючыя пасады былых дзяржчыноўнікаў, асуджаных за карупцыю, прафесар эканомікі Барыс Жаліба. Прафесар мяркуе, што кадравы рэзерв дзейнай улады кончыўся настолькі, што даводзіцца даставаць новых кіраўнікоў прама з турмы, паведамляе «ЕўраБеларусь».

- Беларускія ўлады ўзялі новую моду: былыя высокапастаўленыя чыноўнікі, асуджаныя за карупцыю, падпадаюць пад памілаванне, іх датэрмінова вызваляюць і зноў прызначаюць на кіруючыя пасады. Чым, на ваш погляд, выкліканая новая кадравая палітыка?

- Сітуацыю можна ахарактарызаваць як новы беларускі ровар. Першым гучным прэцэдэнтам стала вызваленне былога кіраўніка канцэрна «Белнафтахім» Аляксандра Бароўскага і прызначэнне яго дырэктарам МАЗа. Народ смяяўся ў інтэрнэце на ўсю моц, і правільна рабіў. Памятаю карыкатуру на гэты конт, якая з'явілася ў БелГазеце: паказаная зона, у цэнтры якой стаіць вартаўнічая вышка, побач з зонай праязджае МАЗ з Бароўскім за стырном, а вартавы на вышцы выказвае яму пашану.

Зараз гэтая практыка знайшла працяг. Вызвалілі намесніка Генпракурора Аляксандра Архіпава і прызначылі старшынём калгаса ў Менскім раёне. Такая палітыка падрывае аўтарытэт саміх папраўчых устаноў і губляе аўтарытэт улады ў вачах народу. Прэзідэнт вызваляе высокіх чыноўнікаў з месцаў пазбаўлення волі, робячы вельмі рацыянальна: падчас эканамічнага крызісу гэтыя людзі, якія маюць інтэлект, могуць яго прыкласці ў справе - падняць адсталыя калгасы, напрыклад. Гэта звышрацыянальна, такой практыкі не знайсці нідзе ў свеце, нават у Расеі.

- Які з былога намесніка Генпракурора Архіпава атрымаецца старшыня калгасу?

- Намеснікам генпракурора, не маючы нічога за душой, проста так не станеш; у чалавека багатая юрыдычная практыка, ён можа разабрацца (магчыма, я недаацэньваю сельскую гаспадарку: на бульбу і на лён я шмат гадоў ездзіў яшчэ за савецкім часам), зарыентавацца ў сельскай гаспадарцы і нават паправіць справы ў канкрэтна ўзятым калгасе. Але гэта заганная практыка; напэўна, кадравы рэзерв старшыняў калгасаў і дырэктараў саўгасаў вычарпаўся настолькі, што даводзіцца выцягваць кадры прама з турмы.

Калі чалавек ад прыроды кемлівы, падкаваны, адукаваны (не абавязкова ў гэтай вобласці), ён можа зарыентавацца. Такі прагматызм прысутнічае. Той жа Бароўскі спачатку кіраваў канцэрнам «Белнафтахім», але сканчаў цяперашні БДТУ, паводле адукацыі хімік. Праца ў канцэрне супадала з яго базавай адукацыяй. Затым хіміка Бароўскага адправілі дырэктарам МАЗа - і ён завод крышку прыўзняў, прадпрыемства перажывала ўздым. Цяпер для МАЗа зноў надышлі чорныя дні. Кіраўнік высокага рангу, ведае асновы мэнэджмэнту, мае вялікі досвед, менавіта таму Бароўскаму ўдалося падняць завод, ён апынуўся на сваім месцы.

Больш за тое, яшчэ трэба разабрацца, за што пацярпеў Бароўскі; думаю, не ўсё было справядліва.

- Калі на кіруючыя пасады прыцягваюцца асуджаныя, значыць, на волі не засталося кваліфікаваных спецыялістаў?

- Такую выснову можна зрабіць цалкам справядліва. Лукашэнка тасуе кадравую калоду, якая зусім замаслілася: усюды мільгаюць адны і тыя ж асобы, а ўвесці ва ўрад новых прагрэсіўных людзей, якія не цалкам падзяляюць яго ўстаноўкі, баіцца. Калі спецыяліст пісьменны - няхай працуе! Нават Пуцін прызначаў ва ўрад людзей, якія на ўсе 100% не глядзелі яму ў рот. Возьмем таго ж міністра фінансаў Аляксея Кудрына, які не сышоўся з прэм'ерам Мядзведзевым, палаяўся з ім. Але ж у Расеі ёсць самастойныя прынцыповыя міністры! А ў нас такіх няма: праз тэлевізар паказваюць безаблічную шэрую масу, што канспектуе следам за Лукашэнкам. Людзей якія думаюць, спрачаюцца мы не бачым ні ва ўрадзе, ні ў парламенце, хоць менавіта ў спрэчцы нараджаецца ісціна. Адсюль і цяперашнія «дасягненні» Беларусі.

***

Пра прычыны і наступствы «новай кадравай палітыкі» разважае кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

- Людзі, якіх улада дастае з турмы і ставіць на кіруючыя пасады, правераныя сістэмай. Цяпер на іх можна будзе спісаць усе прамашкі, калі ў эканоміцы наступіць поўны крах. Чыноўнікі не з'яўляюцца спецыялістамі ў той сферы, на якую іх кідаюць, такім чынам, ужо праз адсутнасць прафесійнага досведу яны не змогуць са стратных гаспадарак стварыць канкурэнтныя прадпрыемства. Проста ўлада не мае кадраў, каб ставіць новых мэнэджараў для кіравання эканомікай.

Усе прадпрыемствы ўжо ляжаць на дне, з'яўляючыся банкрутамі, а зараз з'явіліся былыя карупцыянеры, якім не трэба плаціць вялікіх ганарараў, бо за праяўленую ласку гатовыя кіраваць такімі прадпрыемствамі практычна бясплатна. Улада разумее, што ўжо нічога нельга выправіць на прадпрыемстве, так хай новых дырэктараў-старшыняў цяпер раздзіраюць работнікі за нявыплачаны заробак.

Як можна ставіць на кіруючыя пасады былых чыноўнікаў, замешаных у карупцыйных злачынствах? Бо ў прысудах карупцыйных спраў утрымліваецца прамая спасылка: «... з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў»? Паводле закона працаваць на кіруючых пасадах ім строга забаронена. Тым больш, што ўсе яны прыцягваліся да адказнасці за хабар, за расходаванне бюджэтных грошай у асабістых мэтах, за прыпіскі, падробку дакументаў... Ці стануць яны законапаслухмянымі кіраўнікамі? Канечне не.

Мне цікава, як былы намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Архіпаў будзе кіраваць калгасам, калі ў яго наогул няма паняцця, што такое сельскагаспадарчае прадпрыемства, няма спецыяльнай адукацыі?

Гэтыя кіданні паказваюць, што ўлада проста не ведае, што ёй рабіць падчас жорсткага эканамічнага крызісу, а каб прадпрыемствы канчаткова не сталі, ставіць на чале іх карупцыянераў.

- Да чаго прывядзе такая кадравая палітыка»?

- МВФ дакладна «ацэніць» прызначэнне былых карупцыянераў і не дасць крэдыт, бо будзе не ўпэўнены, што ўлады выкарыстоўваюць сродкі паводле прызначэння.

Такую палітыку я называю «карусель карупцыянераў». Карупцыянер ніколі не стане дармаедам, бо сістэме заўсёды будуць патрэбныя людзі, гатовыя зноў пайсці ў турму, калі нешта пойдзе не так. Карупцыя на месцах набудзе яшчэ большы размах, бо карупцыянера, як і ваўка, колькі ні кармі, а ён усё ў лес глядзіць.

Адновяцца новыя схемы са старымі прыяцелямі ў выкарыстанні бюджэтных сродкаў у карыслівых мэтах. Сістэма кіравання дзяржавы цалкам дыскрэдытаваная такімі пастановамі не толькі ў вачах выбарца, але і ў вачах следчых, якія ўклалі масу працы ў выкрыванне злачынцаў, а іх вызваляюць і зноў ставяць на кіруючыя пасады. Следства разумее, што працуе ў кошык, а не на спыненне арганізаванай злачыннасці.

Гэта будуць не апошнія прызначэнні. Вяртанне былых карупцыянераў ва ўладу працягнецца.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках