29 красавiка 2024, панядзелак, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

4000 расейскіх атлетаў не змогуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах

30
4000 расейскіх атлетаў не змогуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах

Гэта першы выпадак у гісторыі, калі праз допінг ад спаборніцтваў адхіляюць цэлую нацыянальную федэрацыю.

Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) размясціла на сваім афіцыйным сайце спіс расейскіх спартоўцаў, якім забаронена выступаць на міжнародных спаборніцтвах на перыяд, пакуль Усерасейская федэрацыя лёгкай атлетыкі застаецца дыскваліфікаваная. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Усяго ў пераліку больш за 4 тысячы лёгкаатлетаў, уключаючы лідараў каманды Расеі - Алена Ісінбаева, Кацярына Конева, Дар'я Клішына ды іншыя. Акрамя таго, у чорным спісе IAAF - самі фігуранты допінгавых скандалаў: Валерый Борчын, Сяргей Кірдзяпкін, Сяргей Бакулін, Уладзімір Канайкін ды іншыя.

У мінулым годзе ў сярэдзіне лістапада Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый спыніла на нявызначаны тэрмін сяброўства Усерасейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі праз скандал з ужываннем допінгу. Гэта значыць, што расейскія лёгкаатлеты наўрад ці змогуць узяць удзел у Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Бразіліі, як і ў іншых спаборніцтвах пад эгідай гэтай міжнароднай арганізацыі. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі праз допінг ад спаборніцтваў адхіляюць цэлую нацыянальную федэрацыю.

Пастанова была ўхваленая пасля таго, як камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва апублікавала вынікі расследавання, якое паказала, што расейскія лёгкаатлетычныя і антыдопінгавыя органы спрыялі выкарыстанню спартоўцамі забароненых допінгавых прэпаратаў і хавалі такое выкарыстанне. Агенцтва тады заклікала дыскваліфікаваць за гэта расейскую лёгкаатлетычную асацыяцыю. Апраўданыя радыкальныя крокі, калі пад пагрозай галоўныя старты ў жыцці кожнага спартоўца - Алімпійскія гульні?

Барыс Тасман - адзін з самых дасведчаных беларускіх спартыўных аналітыкаў, які шмат гадоў займаецца тэмай допінгу ў спорце. На ягоную думку, калі допінг ператвараецца ў норму, іншых варыянтаў проста не застаецца.

«Гэта нават не пытанне – ці апраўданыя захады ці не. Яны апраўданыя стоадсоткава. Іншых варыянтаў няма і быць не можа. І ўсе расейскія зоркі, якія цяпер хорам крычаць, што да гэтай гісторыі не маюць ніякага дачынення, проста хлусяць, і яшчэ як. Яны ўсе ў павязаныя, яны ўсё выдатна ведаюць, што рэальна адбываецца. Калі ты ва ўсім гэтым жывеш, то не можаш чагосьці не ведаць. Не буду называць пайменна, бо не ведаю, як рыхтуецца тая ж Ісінбаева, на яе грашыць не буду. Але тое, што і яна, і яе трэнер, і ўсе вакол гэтым прасякнутыя - простая канстатацыя факту. Таму такія захады абсалютна апраўданыя. Пакуль расейцы кардынальна не зменяць сістэму падрыхтоўкі спартоўцаў, карысці не будзе. Разам з тым правільна кажуць тыя, хто сцвярджае: да Алімпіяды ў Рыа такое немагчыма не тое што выкараніць, а нават паспрабаваць паварушыць. Неабходна надзвычай працяглы час, каб механізм хоць бы перазапусціць. А калі заплюшчыць вочы, пашкадаваць, пусціць іх на Алімпіяду, то ўсё будзе прадаўжацца і далей. Зробіш палёгку, а яны гэта ўспрымуць як «перамогу». Інакш у Расеі і быць не можа - паглядзіце, якія ў іх лідары, пра што яны гавораць, паслухайце іх рыторыку. Усе замяшана на грошах», - мяркуе Барыс Тасман.

Як удакладняе кіраўніцтва Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый, спіс расейскіх атлетаў, якім забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай арганізацыі, складзены на падставе звестак Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (САДА). Таксама адзначаецца, што цяперашняя версія не канчатковая і можа карэктавацца. Цяпер у чорным спісе IAAF 4027 лёгкаатлетаў з Расеі.

Спартыўныя спецыялісты ў розных краінах небеспадстаўна разлічваюць, што адсутнасць расейцаў на Алімпійскіх гульнях у Бразіліі дасць магчымасць раскрыцца маладым, таленавітым і, галоўнае, «чыстым» атлетам. Такія надзеі агучваюцца і ў Беларусі, якая апошнім часам сядзіць на бедным медальным пайку і не можа пахваліцца асаблівым поспехам у барацьбе з «допінгавымі» канкурэнтамі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках