27 красавiка 2024, Субота, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За данос на суддзю віцебцу пагражае пяць гадоў калоніі

21
За данос на суддзю віцебцу пагражае пяць гадоў калоніі
ФОТА З САЙТА JOINFO.UA

Мужчына напісаў заяву аб вымагальніцтве ў яго суддзёй $2 000 у якасці хабару за спрыяльнае развязанне ёю пытання.

Управа Следчага камітэта Віцебскай вобласці закончыла расследаванне крымінальнай справы паводле факту загадзя хлуслівага даносу аб учыненні злачынства суддзёй.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Віцебскай вобласці Інай Гарбачовай, падчас следства выяўлена, што 37-гадовы жыхар Віцебска пасля вынясення суддзёй суда Кастрычніцкага раёна законнай пастановы аб канфіскацыі ў даход дзяржавы ягонага аўтамабіля «Шэўрале-Круз» наважыў паведаміць у праваахоўныя органы пра нібыта учыненае суддзёй злачынства. Мужчына напісаў заяву аб вымагальніцтве ў яго суддзёй 2 000 даляраў у якасці хабару за спрыяльнае развязанне ёю пытання аб вяртанні канфіскаванага аўтамабіля.

Камітэтам дзяржаўнай бяспекі была праведзеная праверка, матэрыялы якой сведчылі пра тое, што довады, выкладзеныя ў заяве, не адпавядаюць рэчаіснасці. Пэўна ведаючы, што ніякага злачынства суддзя не ўчыняла, заяўнік беспадстаўна абвінаваціў яе ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.430 КК (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду, шляхам вымагальніцтва). У выніку праверкі стала відавочна, што ў абароне правоў і законных інтарэсаў у разгляданай сітуацыі мае патрэбу не заяўнік, а суддзя, якая падпала пад наўмысны агавор.

Для дачы прававой ацэнкі матэрыялы праверкі былі перададзеныя ў Генеральную пракуратуру і паслужылі падставай для распачынання крымінальнай справы паводле факту загадзя хлуслівага даносу. Для далейшага расследавання крымінальная справа была перададзеная ў УСК Віцебскай вобласці.

Следствам быў праведзены значны аб'ём працы: прызначаныя і праведзеныя шматлікія судовыя экспэртызы, у тым ліку почырказнаўчая і судова-псіхіятрычная, агляды, праверкі паказанняў на месцы ды іншыя следчыя дзеянні, якія дазваляюць аднавіць падзеі. З мэтай выяўлення сапраўдных матываў абвінавачанай асобы праведзеныя допыты і вочныя стаўкі. Выяўлена, што абвінавачаны наважыў агаварыць суддзю ў надзеі, што пры правядзенні праверкі паводле ягонай заявы прынятая суддзёй пастанова аб канфіскацыі аўтамабіля будзе перагледжаная.

Жыхару Віцебска выстаўленае канчатковае абвінавачанне паводле ч.2 арт.400 КК (свядома хлуслівы данос аб учыненні злачынства, спалучанае з абвінавачваннем у асабліва цяжкім злачынстве). З моманту затрымання да сёння ўжытая да абвінавачанага мера спынення не змянялася. Ён утрымліваецца пад вартай.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Застаецца дадаць, што гэты артыкул КК прадугледжвае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, улады матывуюць беларусаў за грошы «здаваць» карупцыянераў. Пастанова № 101 была прынятая саветам міністраў Беларусі 5 лютага.

Яна прадугледжвае выплаты грамадзянам у выпадках: «падачы інфармацыі, прадметаў і дакументаў, якія спрыялі б выяўленню карупцыйнага злачынства; звестак пра месцазнаходжанне асобы ў вышуку, якая ўчыніла карупцыйнае злачынства; інфармацыі пра месцазнаходжанне грашовых сродкаў ды iншай маёмасцi, атрыманых у выніку ўчынення карупцыйнага злачынства; прыянне прадухіленню або кампенсацыі шкоды, учыненай карупцыйным злачынствам; іншага прыяння органам крымінальнага пераследу, што мела значэнне для процідзеяння карупцыйным злачынствам».

Калі гаворка ідзе пра цяжкае ці асабліва цяжкае злачынствы, сума выплат складзе да 50 базавых адзінак, менш цяжкім - да 30 базавых адзінак (базавая адзінка цяпер складае 210 тысяч рублёў).

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках