17 траўня 2024, Пятніца, 4:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ: Чыж з хуткасцю 220 км/г накіроўваўся ў бок заходняй мяжы

103
КДБ: Чыж з хуткасцю 220 км/г накіроўваўся ў бок заходняй мяжы
ЮРЫЙ Чыж (злева) і Валерый Вакульчык

Гендырэктар «Трайпла» Юрый Чыж 11 сакавіка ўцякаў у бок літоўскай мяжы, а потым выехаў на берасцейскую трасу.

Пра гэта паведаміў журналістам 15 сакавіка старшыня Камітэта дзяржбяспекі Беларусі Валерый Вакульчык, паведамляе tut.by.

«У пятніцу, 11 сакавіка, былі атрыманыя довады датычнасці да злачынства самога Чыжа. На ягоныя загады ў Расеі была створаная фірма, якая не вяла гаспадарчую дзейнасць. Заснавальнік - грамадзянін РФ, ён жа памочнік і кіроўца Чыжа. «Трайпл» перадаў ёй права на таварны знак. Штомесяц «Трайпл» пераводзіў ёй вялікія сумы ў выглядзе платы за таварны знак. Потым гэтыя грошы пераводзілі ў гатоўку. Дырэктар кампаніі, ён адзіны супрацоўнік, атрымліваў гатоўку і перадаваў так званаму «касіру» «Трайпла». Той - Чыжу. Такіх фірмаў было досыць шмат», - сказаў Вакульчык.

Паводле версіі КГБ, гендырэктар «Трайпла» Юрый Чыж выводзіў грошы з Менска праз фіктыўную кампанію, створаную ў Маскве.

З ягоных слоў, Чыж, даведаўшыся, што ідуць следчыя дзеянні ў офісах «Трайпла», з хуткасцю 220 км/гадзіну рушыў у кірунку дзяржмяжы. «Быў задзейнічаны план перахопу. Ехаў на Захад, у бок літоўскай мяжы, потым на берасцейскую трасу», - сказаў Вакульчык.

Вакульчык падкрэсліў, што для затрымання Чыжа санкцыі Лукашэнкі не патрабуецца.

«Пастанова прымалася вельмі хутка, я ведаў, што не магу ўжыць захады для затрымання без падстаў, з другога боку разумеў, што могуць з'явіцца падставы для прыцягнення да адказнасці. Пастанову прымаў я. Я выразна ведаю пазіцыю Лукашэнкі - недатыкальных няма», - сказаў ён.

«Калі хтосьці патрапіў у кадр з Лукашэнкам ці гуляў з ім у хакей, то ніякіх проферэнцый няма. У іх хутчэй асаблівая адказнасць. Яны павінны яе несці ўдвая і ўтрая. Трэба быць крышталёва чыстым перад законам», - сказаў ён.

«Я ведаю, што ў выпадку нядбайнасці з майго боку сам мог апынуцца на месцы Чыжа. Але ўсё павінна быць пацверджанае довадамі», - дадаў ён.

Як паведамляў раней сайт charter97.org, у мінулую пятніцу быў затрыманы ўладальнік «Трайпла», набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Юрый Чыж.

Сёння стала вядома аб тым, што ў Магілёве быў затрыманы сябар Юрыя Чыжа, кіраўнік кампаніі «Сервалюкса» Яўген Баскін і чацвёра ягоных падначаленых.

Напісаць каментар 103

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках