18 траўня 2024, Субота, 16:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ: Баскіна затрымалі ў аэрапорце пры спробе вылецець з краіны

38
КДБ: Баскіна затрымалі ў аэрапорце пры спробе вылецець з краіны
Валерый Вакульчык
ФОТА З САЙТА NN.BY

Кіраўнік «Сервалюкса» Яўген Баскін і ягоны фінансавы дырэктар былі арыштаваныя ў менскім аэрапорце пры спробе ўцёкаў з Беларусі.

Старшыня КДБ Валерый Вакульчык пацвердзіў інфармацыю аб затрыманні кіраўніка СЗАТ «Сервалюкс» Яўгена Баскіна, фінансавага дырэктара і іншых супрацоўнікаў кампаніі.

Ён таксама паведаміў, што 15 сакавіка затрыманыя 15 службовых асоб групы кампаній «Сервалюкс» і «Экамол Агра». Затрыманыя падазраюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме. Шкода, выяўленая толькі за суткі следства, ацэньваецца ў 370 млрд рублёў, сказаў Вакульчык.

З ягоных слоў, Баскіна і ягонага фінансавага дырэктара затрымалі ў менскім аэрапорце - яны спрабавалі схавацца за мяжой, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, інфармацыя пра затрыманне кіраўніка групы кампаній «Сервалюкс» Яўгена Баскіна і некалькіх іншых супрацоўнікаў з'явілася ўвечары 14 сакавіка.

Сваякі аднаго з затрыманых звярнуліся да магілёўскага праваабаронца Барысу Бухеля з просьбай аб дапамозе ў пошуку адваката. «Яны сказалі, што ўчора затрыманыя Баскін і яшчэ тры-чатыры чалавекі. Усіх павезлі ў Менск, арыштаваў КДБ, машыны былі з менскімі нумарамі, распавялі сваякі», - паведаміў Бухель.

Баскін уваходзіць у лік самых паспяховых беларускіх бізнэсоўцаў. Створаная ім група «Сервалюкс» з'яўляецца найбуйнейшым аператарам і вытворцам у АПК, у яе склад уваходзяць птушкафабрыкі, мяса-і малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, камбікормавыя заводы, малочна-таварныя фермы, раздробныя сеткі і іншыя падраздзяленні. Кампанія вядомая такімі брэндамі, як «Пятруха», «Браты Грыль», «Гарлачык».

ЗАТ «Экамол Агра» з 2007 года ўваходзіць у групу «Сервалюкс». З'яўляецца адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі ў вытворчасці камбікорму.

Варта адзначыць, што «Сервалюкс» фігуруе ў крымінальнай справе «сенатара» Ганны Шарэйкі, гендырэктара Віцебскай бройлернай фабрыкі. Гэта справа цяпер разглядаецца ў Вярхоўным судзе Беларусі. Менавіта ў групу «Сервалюкс» уваходзіць прадпрыемства «Экамол» - беларускі канкурэнт замежных пастаўшчыкоў кармоў на фабрыку.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках