7 траўня 2024, aўторак, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Крычаўскім цэментным заводзе аварыя, пацярпелі людзі

14
На Крычаўскім цэментным заводзе аварыя, пацярпелі людзі
Фота: «Радыё Свабода»

Аб надзвычайным здарэнні паведамілі працоўныя. Адміністрацыя зняпраўджвае сам факт аварыі.

На Крычаўскім цэментным заводзе, як заяўляюць яго рабочыя, здарылася аварыя. Падчас прафілактычных работ з вышыні абрынуўся вялікі аб'ём гарачай цэментнай масы. Некалькі чалавек апякліся. Кіраўніцтва прадпрыемства адмаўляе факт надзвычайнага здарэння, паведамляе «Радыё Свабода».

Са словаў рабочых, аварыя адбылася ў ноч з 15 на 16 сакавіка, калі абсталяванне чысцілі ад наліплай гарачай сыравіны на вышыні 60 м.

«Адбыўся абвал гэтага матэрыялу з металічнай ёмістасці. Тэмпература масы дасягала 700 градусаў. Не вытрымалі люкі, і гэты матэрыял пасыпаўся на зямлю, руйнуючы ўсё на сваім шляху, - распавядае адзін з рабочых. - Застаецца пытанне, чаму надумалі праводзіць гэтую працу ўначы. Магчыма, таму, што ўдзень гэта месца даволі ажыўленае, а такое здарэнне ўсё ж дапускалася».

Людзі, якія праводзілі прафілактыку, апякліся, кажа працаўнік завода, але ўсе засталіся жывыя. Аварыя, на ягоную думку, была выкліканая дрэннымі разлікамі тых, хто адказваў за правядзенне гэтай працы.

Суразмоўца кажа, што ўначы на прадпрыемстве не было фельчара, і хуткую дапамогу выклікалі з райцэнтра, які знаходзіцца ад завода ў дзясятку кіламетраў. Са словаў рабочага, два ягоныя калегі цяпер у лякарні.

«Наступствы аварыі хутка ліквідавалі ўдзень. Людзей сагналі, каб прыбраць масу, якая абрынулася, каб і следу не засталося. Мы паспелі зрабіць фота аплаўленых пластыкавых дзвярэй. З таго, як яны пашкоджаныя, можна прагназаваць тэмпературу матэрыялу, які абрынуўся на зямлю. Дзверы ўжо замянілі. Гэта ўваход у цэнтральны пульт кіравання. Кіраўніцтва прадпрыемства прасіла рабочых не выдаваць тое, што адбылося на прадпрыемстве», - сказаў працаўнік цэментнага завода, які пажадаў, каб яго імя не называлася.

У адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюць факт здарэння. «Такога на заводзе не было», - заявіў прадстаўнік адміністрацыі.

У лякарні таксама не хочуць даваць інфармацыю, ці паступалі з цэментавага завода людзі. Гэта могуць паведаміць толькі сваякам.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, усяго пацярпелі пяць чалавек, двое застаюцца ў лякарні.

Новы цэментнымі завод на чыгуначнай станцыі Каменка, што пад Крычавам, запусцілі 16 жніўня 2013 года. Будавалі яго на кітайскія грошы.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках