17 траўня 2024, Пятніца, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі хаваюць рэальнае беспрацоўе

39
У Беларусі хаваюць рэальнае беспрацоўе
ФОТА З САЙТА VESTIFINANCE.RU

Цяперашняя сістэма ўліку беспрацоўных абсурдная.

Нізкі ўзровень беспрацоўя ўлады Беларусі называюць дасягненнем эканамічнай мадэлі краіны. Але сістэма ўліку беспрацоўных не адлюстроўвае рэальнасць, мяркуюць апытаныя «Нямецкай хваляй» экспэрты.

Паводле афіцыйных звестак на канец снежня 2015 года, колькасць зарэгістраваных у Беларусі беспрацоўных склала 1 адсотак эканамічна актыўнага насельніцтва краіны. Год таму іх было ўдвая менш. Да канца 2016, паводле прагнозаў чыноўнікаў, колькасць беспрацоўных вырасце яшчэ на 1 адсотак. Песімістычна настроеныя экспэрты прагназуюць рост да 5-6 адсоткаў. Аднак не факт, што рэальнае павелічэнне колькасці беспрацоўных стане набыткам галоснасці праз існую ў Беларусі сістэму ўліку і назначэнне дапамогі, адзначаюць аналітыкі. Справа ў тым, што, з іх словаў, гэтая сістэма не матывуе беларусаў афіцыйна рэгістравацца ў якасці беспрацоўных.

Узровень беспрацоўя «нібыта нізкі»

У Беларусі нібыта нізкі ўзровень беспрацоўя, бо мы яго няправільна вымяраем, у нас публікуюцца звесткі толькі паводле зарэгістраванага беспрацоўя, заявіла ў інтэрв'ю DW навуковая супрацоўніца Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BEROC Кацярына Барнукова.

Яна тлумачыць, што нават у тых краінах, дзе плацяць годную дапамогу страціўшым працу і не прымушаюць іх прыбіраць вуліцы, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных не адлюстроўвае ўсяго маштабу праблемы - людзі афіцыйна не рэгіструюцца з розных прычынаў.

У Беларусі тым больш няма падстаў для рэгістрацыі: дапамогі да смешнага нізкія, і, акрамя таго, зарэгістраваным беспрацоўным загадана браць удзел у грамадска-карысных працах. Да таго ж, дадае экспэрт, мясцовыя біржы працы малаэфектыўныя ў пошуку новых працоўных месцаў і перакваліфікацыі.

Для выяўлення рэальнага ўзроўню беспрацоўя існуе методыка Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), заснаваная на апытанні працоўнай сілы, прадаўжае Барнукова. Ёй вядома, што ў Беларусі такія апытанні праводзіць Мінпрацы, «але іх вынікі трымаюцца чамусьці ў таямніцы, мяркую, што прычына - значнае перавышэнне колькасці беспрацоўных у параўнанні з афіцыйным адным адсоткам».

Рост афіцыйнага беспрацоўя ў апошні год экспэрт звязвае не толькі з эканамічным крызісам і з тым, што ў беспрацоўных адсутнічае матывацыя рэгістравацца, але і з увайшоўшым у дзеянне ў 2015 годзе прэзідэнцкім дэкрэтам аб барацьбе з дармаедствам.

Улады Беларусі наважылі змагацца з сацыяльным утрыманствам, абавязаўшы грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў, плаціць штогод спецыяльны падатак. Яго сума ўвязаная з базавай адзінкай, на сёння гэта блізу 200 еўраў у эквіваленце.

Напраўду ганарыцца няма чым

Дзяржава пакуль ганарыцца нізкім беспрацоўем, але напраўду ганарыцца няма чым: акрамя рэальных і афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі расце схаванае беспрацоўе: няпоўная занятасць на прадпрыемствах, адпачынкі за свой кошт і іншае, патлумачыла ў інтэрв'ю DW Жанна Тарасевіч, сустаршыня праўлення Бізнэс саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.

Дзеля справядлівасці, адзначае Тарасевіч, «дзяржава пра гэта ўжо думае, і нейкі рух у бок развязання праблем ужо ёсць, але пакуль - толькі ў планах».

Цяперашняя сістэма ўліку беспрацоўных у Беларусі калі не абсурдная, то як мінімум далёкая ад дасканаласці, і мяняць яе трэба абавязкова, перакананая Тарасевіч. Цяпер атрыманне статусу беспрацоўнага абстаўленае вялікай колькасцю умоў, спалучанае з афармленнем масы дакументаў, але галоўнае - сума дапамогі ў найлепшым выпадку не дацягвае і да 20 даляраў у эквіваленце, у найгоршым - не перавышае 10.

Адпаведна беспрацоўныя не імкнуцца стаць на ўлік. А раз так, то пры цяперашняй сістэме статыстычнага ўліку ў РБ такі чалавек не ўважаецца за беспрацоўнага і тады атрымлівае статус дармаеда. Зрэшты, прызнае Тарасевіч, ёсць варыянт ігнаравання гэтай праблемы. Некаторыя беларусы, напрыклад, рэгіструюцца рамеснікамі і нібыта вяжуць шалікі або макрамэ.

Махаць венікам або лапатай у мароз не хочацца

Беспрацоўныя неахвотна дзеляцца сваімі праблемамі і планамі. Але тыя гісторыі, якія яны гатовыя распавесці, прынцыпова падобныя. Будаўнік Іван афіцыйна працуе некалькі месяцаў на год, «калі трапляецца высокааплатная праца, рабіць за капейкі каму хочацца?»

Разам з калегамі ён арганізаваў брыгаду, якая добра, з ягоных словаў, зарабляе ў цёплы час года, калі беларусы актыўна будуюць лецішчы, дамы, робяць рамонт у кватэрах. У міжсезонне Іван, з ягоных слоў, жыве на раней заробленыя грошы - ён можа сабе гэта дазволіць, бо сям'і ў яго пакуль няма.

Нядаўна Іван прачытаў у інтэрнэце, што менчукам, якія сталі на ўлік у якасці беспрацоўных, патрэбна цягам паўгода раз на месяц выходзіць на грамадскія працы, а ў цёплы час года - два разы на месяц. Як правіла, гаворка ідзе пра ўборку вуліц: узімку ад снегу, летам ад смецця, восенню і вясной ад апалага лісця.

У крайнім выпадку, дадае Іван, ён гатовы заплаціць «падатак на дармаедства», бо «гэтыя грошы пры добрым раскладзе я часам і за дзень зарабляю». А махаць венікам або лапатай у мароз неяк не хочацца, кажа нідзе афіцыйна не працуючы мянчук.

Без рэформаў не абысціся

Дапамога ў беспрацоўі, упэўнены экспэрт у эканоміцы Антон Болтачка, павінна быць як мінімум такой, каб на яе можна было пражыць, а страхаванне ад беспрацоўя - мінімізаваць наступствы балючых рэформаў і дапамагчы беларусам, якім складаней за ўсё адаптавацца да новых умоў.

За апошнія мінімум паўгода-год сітуацыя на рынку працы толькі пагоршылася, канстатуе экспэрт і робіць выснову: пакуль ужытыя захады не працуюць, і калі сітуацыю не мяняць, то яна прадоўжыць пагаршацца. Пры гэтым, панаракаў Болтачка, рэфармаваць сістэму ўліку беспрацоўных і пераглядаць сумы дапамог пры цяперашніх прыярытэтах дзяржавы - інвеставанні сродкаў у стратныя прадпрыемствы - немагчыма.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках