Памерла Ганна Вольская
78- 23.03.2016, 12:04
- 26,669
Сёння ад анкалагічнай хваробы пайшла з жыцця Ганна Вольская, жонка вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага.
Ганна Вольская нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года.
Скончыла Інстытут культуры. У 1995-1996 гадах працавала ў рэкламным аддзеле легендарнага «Радыё 101.2», дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. У шлюбе ў іх нарадзілася дачка Адэля, якой сёння споўнілася 18 гадоў, паведамляе сайт «Беларускай асацыяцыі журналістаў».
Ганна некаторы час была дырэктарам гурту NRM, з'яўлялася нязменным прадусарам музычнага праекта «Крамбамбуля» і сольных альбомаў Лявона Вольскага, выступала сааўтарам сцэнарыя, прадусарам і нават акторкай у некалькіх праектах для тэлеканала «Белсат» («Снежны завулак», «Назад у будучыню»). Сябра ГА «БАЖ» з 2009 года.
Рэдакцыя charter97.org горка смуткуе разам са сваякамі і сябрамі Ганны.
Як паведаміла сяброўка сям'і Вольскіх Вольга Бабак, цела Ганны Вольскай сёння адвязуць у Свята-Елізавецінскі манастыр.
Заўтра, 24 сакавіка, адбудзецца адпяванне і паніхіда.
Адпяванне пройдзе з 09:45 да 10:45, паніхіда з 11:00 да 13:00.
Пасля труну павязуць на пахаванне ў Заслаўе.
Манастыр знаходзіцца па адрасе вул. Выгоцкага, 6 (раён Навінак, побач з Далгінаўскім трактам).