5 траўня 2024, Нядзеля, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

САХР правёў масавыя ператрусы ў менскіх антыфашыстаў

6
САХР правёў масавыя ператрусы ў менскіх антыфашыстаў
ІЛЛЯ ВАЛОВІК
ФОТА З САЙТА NN.BY

Двое актывістаў антыфашысцкага руху знаходзяцца цяпер у ізалятары на Акрэсціна.

Раніцай 22 сакавіка адбылося больш за 20 ператрусаў у кватэрах менскіх антыфашыстаў, паведамляе «Наша Нiва».

Вядома, што ў ізалятары на Акрэсьціна на гэты момант знаходзіцца Ілля Валовік і яшчэ адзін хлопец, які просіць не называць ягонае імя.

Жонка Валовіка Алена паведаміла «Нашай Нiве», што да іх у кватэру супрацоўнікі ГУБАЗіК разам САХР уварваліся а 7:20 раніцы.

«Мы яшчэ спалі, - кажа Алена. - Людзі былі ў касках, з аўтаматамі».

Ператрус звязаны з крымінальнай справай, якая заведзеная амаль 2 гады таму. 29 чэрвеня 2014 года адбылася бойка на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава, а потым невядомыя разбілі шыбу ў тралейбусе. Алена распавядае, што яе мужа і многіх знаёмых ужо дапытвалі раней паводле гэтай справы. Але цяпер яе зноў аднавілі. Справа заведзеная паводле артыкула 339 «Хуліганства».

З кватэры Валовіка канфіскавалі кампутары, друкаваную прадукцыю, налепкі, таксама забралі вопратку.

Алена цяжарная. Пасля ператрусу яе забралі ў лякарню з падазрэннем на магчымасць выкідка. Найбліжэйшы тыдзень яна правядзе ў лякарні.

Ілля Валовік працаваў трэнерам. Ён чэмпіён Беларусі ў лоў-кіку 2010 года ў вагавой катэгорыі да 66 кілаграмаў. Удзельнічаў у антыфашысцкім руху, быў заўзятарам футбольнага клуба «Партызан». Валовіка некалькі разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Напрыклад, яго арыштоўвалі перад чэмпіянатам свету ў хакеі ў Менску. Таксама стала вядома, што паводле гэтай жа крымінальнай справы ператрусы і канфіскацыі прайшлі яшчэ як мінімум у 20 кватэрах. Першапачаткова былі затрыманыя 4 чалавекі, але дваіх адпусцілі. Другі затрыманы пакуль не хоча, каб афішавалі ягонае імя.

Тры дні з моманту затрымання сканчаюцца раніцай у пятніцу. Далей тэрмін знаходжання пад вартай будзе ці падоўжаны, ці іх адпусцяць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках