16 траўня 2024, Чацвер, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі ствараюць прафзвяз «Салідарнасць»

12

Асноўная мэта прафзвязу - абараняць прадпрымальнікаў ад пераследу ўладаў за акцыі пратэсту.

Група прадпрымальнікаў, якая вядзе барацьбу за скасаванне ўказу №222 Аляксандра Лукашэнкі, пачала збіраць 50 тысяч подпісаў, якія неабходныя для звароту ў Канстытуцыйны суд Беларусі, да Лукашэнкі і ў «палату прадстаўнікоў» нацыянальнага сходу. Мэта - дамагчыся касавання ўказу №222, які абавязаў прадпрымальнікаў гандляваць толькі з выкарыстаннем сертыфікатаў на ўсе тавары, у тым ліку прывезеныя з Расеі, паведамляе «Радыё Свабода».

11 красавіка ініцыятыву агучылі прадпрымальнікі Анатоль Змітровіч, Алесь Макаеў, Мікалай Аўтуховіч, Аляксандр Абрамовіч, Мікалай Чарнавус, Міхаіл Латышаў, Таццяна Кірычэнка і іншыя, якія называюць сябе «Камітэтам выратавання прадпрымальніцтва».

Таксама прадпрымальнікі абвясцілі аб намеры стварыць свой уласны прафзвяз пад назвай «Салідарнасць».

«Такая знакамітая назва была абраная, каб людзі і ўлады ведалі, за што мы змагаемся», - растлумачыў прадпрымальнік з Ваўкавыску, былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Іншыя дадалі, што асноўная мэта прафзвязу - абараняць прадпрымальнікаў ад пераследу ўладаў за пратэстныя дзеянні. Затрымку са стварэннем прадпрымальніцкай «Салідарнасці» актывісты патлумачылі падзелам руху на розныя плыні, адну з якіх ўзначальвае Анатоль Шумчанка.

Прадпрымальнік Анатоль Змітровіч распавёў аб стратэгіі прадпрымальніцкага руху, якая дзейнічае незалежна ад «Перспектывы» пад кіраўніцтвам Анатоля Шумчанкі.

«Гэтая стратэгія складаецца з трох кірункаў. Першае - гэта інфармацыйны. Тут пачнём са звароту да Лукашэнкі і ў Канстытуцыйны суд. Але, каб яго разгледзелі, нам трэба сабраць 50 тысяч подпісаў. Таксама звернемся ў Цэнтрвыбаркам з прапановай увесці прадпрымальнікаў у выбарчыя камісіі і прапануем сваіх прадстаўнікоў на Усебеларускі сход.

Другі кірунак - мабілізацыйны. Тут мы маем намер максімальна павялічыць структуру, адкрыць нашы філіялы ў абласных і раённых гарадах.

І, нарэшце, маем намер, стварыць свой прафзвяз пад назвай «Салідарнасць», узяць удзел у выбарах у «палату прадстаўнікоў» нацыянальнага сходу. Будзем вылучаць сваіх прадстаўнікоў, тым больш, што подпісы за вылучэнне ў асяроддзі прадпрымальнікаў збіраць зручней», - распавёў Змітровіч.

Са словаў прадпрымальнікаў, сваю стратэгію яны плануюць рэалізаваць цягам шасці месяцаў - і дамагчыся за гэты час скасавання ўказу №222 і іншых актаў, якія перашкаджаюць «прадпрымальнікам выжываць».

«Гаворка ідзе не толькі пра прадпрымальнікаў. Усім жыць стала вельмі цяжка, асабліва ў рэгіёнах. Людзей бяруць на заробак усяго 1,5 мільёна рублёў, дык яшчэ і за гэтыя грошы ціснуць», - распавёў прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках