27 красавiка 2024, Субота, 8:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Гуркоў звольнены з Мінспорту, яго могуць не адправіць на ЧС

28
Віталь Гуркоў звольнены з Мінспорту, яго могуць не адправіць на ЧС
Віталь Гуркоў - лаўрэат прэміі «Хартыі-97»
ФОТА: CHARTER97.ORG

Сусветна вядомы баец Віталь Гуркоў можа не паехаць на чэмпіянат свету, які стартуе 19 траўня ў Швецыі.

«Цікава, ці знойдуць грошы чыноўнікі з Федэрацыі на спартоўца, ад якога яны пазбавіліся праз яго музычную дзейнасць. Час ідзе, а яснасці няма. Або нам на канцэртах скрыначку паставіць з надпісам «Гуркову на чэмпіянат»?» - напісаў спартовец у адкрытай супольнасці ў Viber.

Нагадаем, што ў сакавіку гэтага года баец, які таксама займаецца музыкай, нечакана прапусціў некалькі гастроляў у складзе групы Brutto, вярнуўся на рынг і ўпэўнена перамог на чэмпіянаце Беларусі па муай-тай. Як раз на гэтых спаборніцтвах адбіралі ўдзельнікаў сусветнага першынства. Здавалася б, дзесяціразовы чэмпіён планеты і сусветная зорка муай-тай Віталь Гуркоў павінен быць адным з першых у спісе кандыдатаў на паездку ў Швецыю.

Растлумачыць сітуацыю спартоўца папрасіла Еўрарадыё. Цягам гутаркі высвятляецца і тое, што дзяржава ўжо не плаціць Заслужанаму майстру спорту заробак.

«Раней я быў на стаўцы ў Міністэрстве спорту. Штомесяц атрымліваў заробак, а да таго ж ведаў, што на мяне заўсёды ёсць фінансаванне. Але некаторыя сябры Беларускай федэрацыі муай-тай і кікбоксінгу выжылі мяне са штатнай каманды. Таму на мой выезд трэба шукаць дадатковыя грошы, і цяпер мая паездка на чэмпіянат - пад пытаннем. Фінансаванне дагэтуль не знайшлі. Хоць я ў добрай форме. Без пытанняў перамог на чэмпіянаце Беларусі, хоць адпрацаваў акуратненька, каб зноў адчуць рынг і прадыхацца. Таму што пасля траўмы ў мяне баёў не было», - выказваецца баец.

- Усё ж як так атрымалася, што вы больш не маеце стаўкі ў Мінспорту?

- Афіцыйна я сышоў паводле пагаднення бакоў. Пытанні да мяне пачаліся з таго часу, калі стаў выступаць у складзе Brutto. Спачатку гэта ўсім падабалася. Да таго ж усе ведалі пра маю пазіцыю наконт прасоўвання беларускай мовы і ўдзелу ў культурным жыцці краіны. Падчас гастроляў я браў адпачынак на ўласнае жаданне і выязджаў. Музычная дзейнасць не перашкодзіла мне перамагчы на чэмпіянаце Еўропы.

Потым я чарговым разам стаў чэмпіёнам Беларусі, павінен быў ехаць на чэмпіянат свету-2015, але траўмаваўся. У той час змяніўся старшыня Федэрацыі муай-тай і кікбоксінгу. Ім стаў генерал-маёр унутраных войскаў МУС Юрый Караеў, чалавек новы. Гэтым, напэўна, скарысталіся нядобразычліўцы. На адным з пасяджэнняў Федэрацыі абмяркоўвалі артыкулы з разнастайных сайтаў. Была там і мая фатаграфія з капай, на якой намалявана «Пагоня». Сітуацыю выставілі так, што ў нацыянальнай камандзе я вораг, ці ледзь не экстрэміст і апазіцыянер. Мяне доўга схілялі напісаць заяву на ўласнае жаданне. Я гэтага не зрабіў. У выніку мы дамовіліся з Караевым, што я дапрацую да канца кантракту і пайду. У Мінспорту былі шчыра здзіўлены, прапаноўвалі застацца. Але пастанова мной ужо было прынятая.

- Чаму вы ў такой сітуацыі не супраціўляліся?

- Таму што мне сказалі, што не будуць падпісваць сацыяльныя адпачынкі, і мая канцэртная дзейнасць на гэтым скончыцца. Нягледзячы на спартыўныя вынікі, бюракраты заўсёды могуць знайсці, да чаго прычапіцца.

- То бок, вы ўважаеце, што гэта быў у нейкім сэнсе палітычны пераслед?

- Я не ведаю, што гэта было, але мне не аднойчы выказвалі прэтэнзіі за гістарычныя перапосты ў Фэйсбуку. З галоўным трэнерам каманды Сцяпанавым на гэты конт у нас была спрэчка. Яго пазіцыя такая, што ўсе мы савецкія людзі. Я рос ужо ў незалежнай Беларусі і савецкім чалавекам сябе не ўважаю. Другі момант, у прэзідыуме Федэрацыі з'явіліся незразумелыя людзі, якія, як мне стала вядома ад таго ж Сцяпанава, сочаць за маімі перасоўваннямі, манітораць інтэрнэт і збіраюць на мяне кампрамат. Чалавек, пра якога я кажу, спрабаваў дыскрэдытаваць мяне фатаграфіяй з інтэрнэту, на якой бачная мая капа з «Пагоняй». У той жа час ён, мяркую, не мае паняцця, што такое трэніравальны працэс і муай-тай.

Чаму такіх людзей ставяць у кіраўніцтва Федэрацыі, не разумею. Але яны займаюць месца самых аўтарытэтных трэнераў, якія куюць вынік, для якіх муай-тай - гэта не пагуляцца, а жыццё.

- Як вы тлумачылі тое, чаму ў вас на капе гістарычны герб «Пагоня»?

- Мяркую, што не трэба нашы нацыянальныя сімвалы прыпісваць апазіцыі ці яшчэ каму-небудзь. Яны належаць беларускаму народу, гэта частка нашай гісторыі. Такога меркавання прытрымліваецца, напэўна, кожны адэкватны чалавек. Нядаўна гэтую тэму абмяркоўвалі нават у праграме «Клуб рэдактараў» на Першым нацыянальным. Канкрэтна мяне «Пагоня» матывуе, дапамагае перамагаць.

- Здаецца, у вас ніколі не пыталіся пра стаўленне да сцяга...

- На міжнароднай арэне сёння Беларусь ведаюць афіцыйна пад гэтым сцягам. Я ад яго не адмаўляўся, успрымаў лаяльна і не раз ўздымаў, узыходзячы на вышэйшую прыступку п'едэстала як баец нацыянальнай каманды Беларусі. Цяпер не той момант, каб падзяляць беларусаў на прыхільнікаў бел-чырвона-белага або чырвона-зялёнага сцягоў. Трэба аб'ядноўвацца і разам развязваць складанасці, з якімі сутыкнулася краіна. Тыя людзі, якія сёння беларусаў раз'ядноўваюць, на вялікі рахунак б'юць па суверэнітэту краіны.

Сяргей Міхалок і Віталь Гуркоў падчас выступлення

- Ці гатовыя вы сёння біцца з любым самым моцным байцом планеты? Не толькі на чэмпіянаце свету, але і на прафесійным рынгу?

- Так. Усе рэзервы ў мяне для гэтага ёсць.

- А што з групай Brutto? Гастролі працягнуцца?

- Натуральна. Нават падчас гастроляў я працягваю трэніравальны працэс і праводжу майстар-класы. Калі я выходжу на рынг, значыць, я ўпэўнены, што знаходжуся ў належнай форме.

Галоўны трэнер каманды: Канчатковую пастанову будзем прымаць на зборах

У Беларускай Федэрацыі кікбоксінгу і тайскага боксу журналіста накіравалі наўпрост да рулявога каманды Міхаіла Сцяпанава. Трэнер тлумачыць, што ў алімпійскі год тайбаксёры маюць праблемы з фінансаваннем і вельмі ўважліва падыходзяць да пытання выбару ўдзельнікаў чэмпіянату свету.

«Мы адправім на чэмпіянат свету наймацнейшых. Віталь Гуркоў і трэніруецца, і спявае. Калі я ўбачу яго на зборах, стане ясна, ці ёсць сэнс везці яго на чэмпіянат свету. Мне не зусім спадабалася, як ён выступіў на чэмпіянаце Беларусі. Ён быў трохі мацнейшы за другі нумар каманды, але я не сказаў бы, што на галаву. Канчатковую пастанову будзе прымаць прэзідыум Федэрацыі», - кажа Сцяпанаў.

Скандальную сітуацыю з выключэннем Гуркова са складу штатнай каманды тайбаксёраў трэнер тлумачыць асабістым выбарам байца і яго музычнай дзейнасцю ў гурце Brutto:

«З ім была праведзеная размова: выбірай, спортам будзеш займацца ці музыкай. Ніхто яго не выжыў, ён пайшоў сам. Да гэтага прапусціў чэмпіянат свету ў Тайландзе».

- Паведамлялася, што Гуркоў тады быў траўмаваны.

- Да нашага лекара ён не звяртаўся. А падчас чэмпіянату свету паехаў у Лондан скакаць з «Ляпісам Трубяцкім» на сцэне (чэмпіянат праходзіў з 13 да 23 жніўня, Гуркоў выступаў у Лондане 18 кастрычніка).

СТАРШЫНЯ ФЕДЭРАЦЫІ ЮРЫЙ КАРАЕЎ І МІХАІЛ СЦЯПАНАЎ

Міністэрства спорту: Пытанне толькі ў фінансах - атрымаецца знайсці грошы ці не атрымаецца

У Мінспорту заявы Віталя Гуркова сталі нечаканасцю, хоць канкрэтна гэтую ўстанову баец не крытыкуе. Падчас атэстацыі нацыянальнай каманды, дзе баец страціў сваю стаўку, ён не выказваў прэтэнзій.

Дакладна вядома, што ў гэты момант Гуркоў уваходзіць у так званы пераменны склад нацыянальнай каманды. Уваходзіць у пастаянны склад ён не можа таму, што не стаіць на стаўцы ў Мінспорту.

«Пытанне толькі ў фінансах - атрымаецца знайсці для Гуркова грошы на чэмпіянат свету ці не атрымаецца», - адзначылі ў Мінспорту.

Бюджэт на паездку тайбаксёраў у Швецыю разлічваўся ў рублях. З таго часу наша валюта аслабла, а плаціць арганізатарам спаборніцтваў трэба ў еўрах. У тым ліку і таму грошай не стае.

Усе сродкі кінутыя на Алімпіяду-2016. Муай-тай хоць і папулярны від спорту, але не ўваходзіць у алімпійскую праграму, таму пры цяперашніх абставінах лагічна, што Федэрацыя сутыкнулася з няпростай задачай знайсці поўнае фінансаванне на паездку нацыянальнай каманды. Але пытанняў да спартовых функцыянераў стае, бо Гуркоў далёка не радавы баец, а адзін з самых тытулаваных спартоўцаў ва ўсёй гісторыі чэмпіянатаў свету ў муай-тай.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках