18 траўня 2024, Субота, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва ўкраінскую Раду ўнесены закон аб абароне беларускіх добраахвотнікаў

7
Ва ўкраінскую Раду ўнесены закон аб абароне беларускіх добраахвотнікаў

Народны дэпутат Ігар Гузь звярнуўся да кіраўніцтва Украіны з патрабаваннем не выдаваць замежных грамадзян, якія ваявалі на Данбасе.

12 красавіка народны дэпутат Украіны Ігар Гузь разам з беларускімі добраахвотнікамі з тактычнай групы «Беларусь» пры «Добраахвотніцкім украінскім войску» Янам Мельнікавым і Іллём Хрэнавым правялі брыфінг у сценах Вярхоўнай Рады Украіны.

Як паведамляе прэс-служба дэпутата, Ігар Гузь звярнуўся да кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы і праваахоўных органаў з патрабаваннем не выдаваць дазвол на экстрадыцыю замежных грамадзян, якія ваявалі за Украіну на Данбасе. Дэпутат адзначыў, што нядаўна ў бацькоў беларускіх добраахвотнікаў прайшлі ператрусы, на іх сем'і працягваецца псіхалагічны ціск. Са слоў дэпутата, «беларускі КДБ і сам Лукашэнка хочуць і спрабуюць паўплываць на ўкраінскую ўладу, каб вярнуць добраахвотнікаў у Беларусь, а там адпаведна іх чакаюць суды».

Народны дэпутат паведаміў, што ён з калегамі ў парламенце ініцыюе падачу законапраекта аб мараторыі на экстрадыцыю грамадзян замежных дзяржаў, якія ваявалі за Украіну.

«Гэта - прынцыповае пытанне, і мы павінны абараніць хлопцаў, якія рызыкуюць жыццём за цэласнасць і суверэнітэт украінскай дзяржавы. Многія з іх страцілі там жыццё. І што атрымліваецца? Наша дзяржава пагражае добраахвотнікам пайсці на супрацоўніцтва з карнымі органамі Рэспублікі Беларусь і здаць гэтых хлопцаў у турму. Прашу кіраўніцтва дзяржавы не гуляць у такія гульні. У найбліжэйшы час мы ўнясём адпаведны законапраект у Вярхоўную Раду», - заявіў дэпутат.

Ян Мельнікаў распавёў, што ён на фронце з самага пачатку вайсковых дзеянняў на ўсходзе Украіны, ваяваў за Краснаармейск і Аўдзееўку. «Дзякуючы нам, гэтыя гарады засталіся ўкраінскімі. Затым быў у гарачых кропках у вёсках Пескі і Белакаменка. Мы прыехалі на дапамогу брацкаму народу. Мы разумеем, што сёння Украіна, якая ўзяла на сябе ўдар, бароніць не толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы ўсёй Усходняй Еўропы. Мы змагаемся на ўкраінскім баку, баронячы свабоду Беларусі. Але цяпер падпалі пад рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў».

Ілля Хрэнаў дадаў: «Такіх як мы шмат у іншых добраахвотніцкіх батальёнах. Просім дапамогі ва ўкраінскіх уладаў у стварэнні легалізаванага дабравольніцкага батальёна, дзе будуць сабраныя ўсе замежныя добраахвотнікі, якія прыехалі абараняць цэласнасць і суверэнітэт украінскай дзяржавы».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках