18 траўня 2024, Субота, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронца патрабуе пакараць тэлеканал ОНТ

5
Праваабаронца патрабуе пакараць тэлеканал ОНТ

Тэлеканал ОНТ «вынес прысуд» у справе Юліі Балыкінай да суда.

Пасля прагляду сюжэту на ОНТ, у якім вядучы назваў абвінавачанага забойцам да вынясення прысуду, праваабаронца Андрэй Палуда звярнуўся да міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч, паведамляе ПЦ «Вясна».

6 красавіка 2016 года на тэлеканале АНТ у выпуску навінаў выйшаў сюжэт, падчас якога вядучы заявіў: «Скончанае расследаванне гучнай справы, забойцу лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай могуць прысудзіць да выключнай меры пакарання, сёння пра гэта паведамілі ў Следчым камітэце. Даведзена, што мужчына знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў, і ў сварцы 12 разоў ударыў спартоўку малатком і г.д.». Такім чынам, затрыманы прадстаўлены з самага пачатку як злачынец, нягледзячы на тое, што пакуль невядома, якую пастанову вынесе судовая інстанцыя».

Дарэчы, падчас сюжэту журналіст спасылаецца на інфармацыю, атрыманую ад Следчага камітэта, аднак падчас вывучэння відэа з брыфінгу, прысвечанага падзеі заканчэння расследавання забойства Юліі Балыкінай, прадстаўленага на сайце Следчага камітэта, парушэнняў прэзумпцыі невінаватасці з боку Следчага камітэта не выяўлена.

Андрэй Палуда нагадвае Лілі Ананіч, што «прэзумпцыя невінаватасці - фундаментальны прынцып, гарантаваны артыкулам 26 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога «ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі ягоная віна не будзе ў вызначаным законам парадку даведзеная і ўстаноўленая прысудам, які ўвайшоў у законнае дзеянне. Абвінавачаны не абавязаны даводзіць сваю невінаватасць».

Пры гэтым прэзумпцыя невінаватасці - не толькі канстытуцыйная гарантыя, але і норма журналісцкай этыкі.

Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь падазраванай з'яўляецца «фізічная асоба, у дачыненні да якой маюцца довады ва ўчыненні злачынства, да выстаўлення ёй абвінавачвання», абвінавачанай, паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца «фізічная асоба, у дачыненні да якой вынесена пастанова аб прыцягненні да адказнасці яе ў якасці абвінавачанай».

Кожны чалавек з'яўляецца невінаватым, пакуль у дачыненні да яго не будзе вынесеная канчатковая пастанова, якая не падлягае абскарджанню. У адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, асоба, у дачыненні да якога вынесены канчатковы прысуд, называецца асуджанай - «калі прысуд цалкам або часткова абвінаваўчы» або апраўданай, «калі прысуд цалкам апраўдальны».

Такім чынам, не журналіст вызначае, хто з'яўляецца злачынцам, таксама гэтым правам не надзеленыя ні міліцыя, ні пракуратура. Гэта прэрагатыва належыць суду і нікому больш. Да вынясення канчатковага прысуду кожны грамадзянін, які праходзіць паводле справе ў якасці падазронага, абвінавачанага ці падсуднага, знаходзіцца пад абаронай прэзумпцыі невінаватасці. Журналіст абавязаны правільна і пісьменна выкарыстоўваць тэрміны, якія вызначаюць юрыдычны статус асобы, у дачыненні да якой распачаты крымінальны пераслед.

Андрэй Палуда перакананы ў тым, што сюжэт тэлеканала АНТ вельмі моцна ўплывае на фармаванне грамадскай думкі аб асобе абвінавачанага, і, улічваючы, што суддзі таксама частка грамадства, гэта можа ўплываць на пастанову суддзі падчас судовага паседжання. Суд такім чынам падпадае пад моцны ўплыў з боку вельмі рэйтынгавага ў нашай краіне сродку масавай інфармацыі - тэлеканала АНТ, у сюжэце якога да абвяшчэння прысуду ў катэгарычнай форме выказваліся меркаванні аб вінаватасці абвінавачанага.

Праваабаронца прапануе Міністэрству інфармацыі вынесці тэлеканалу АНТ пісьмовае папярэджанне і правесці тлумачальную працу з прадстаўнікамі тэлеканала аб недапушчэнні ў будучыні такіх выпадкаў.

Выпадкі непрафесійнага падыходу журналістаў да асвятлення такіх падзей нярэдкія. Напрыклад, у 2013 годзе намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч звяртаўся з такой жа праблемай да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі. Нагодай для звароту стаў сюжэт у перадачы «Таямніцы следства», у якім вялася гаворка пра забойства ў Магілёўскай турме, учыненае Рыгорам Юзэпчуком і ягонымі саўдзельнікам. У кантэксце адмоўных характарыстык асобы злачынцы некалькі разоў паказвалася яго нацыянальная прыналежнасць: «з цыганом Юзэпчуком было ўсё зразумела», «з малаадукаваным цыганом Юзэпчуком», «са слоў цыгана», «асуджаны цыган Юзэпчук» і г.д.

Тады кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі адказаў праваабаронцу, што: «створаная мастацкая камісія, якая прааналізавала праграму «Таямніцы следства», пра якую ідзе гаворка ў Вашым лісце, правяла гутарку са стваральнікамі праграмы і прыйшла да высновы, што аўтары сапраўды дапусцілі прафесійную неабачлівасць, акцэнтуючы ўвагу на нацыянальнай прыналежнасці злачынцы. Але гэта зроблена не мэтанакіравана. Як і грамадства, супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі з павагай ставяцца да грамадзян цыганскай нацыянальнасці, больш за тое, падтрымліваюць стасункі з творчымі калектывамі цыганоў... «Далей паведамляецца, што размова аб недапушчальнасці праяў знявагі да ўсялякай нацыянальнасці праведзеная з усім аддзелам крымінальных навін».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках