3 траўня 2024, Пятніца, 10:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рабочыя полацкага «Шкловалакна» перашкаджаюць звольніць прафсаюзнага актывіста

1
Рабочыя полацкага «Шкловалакна» перашкаджаюць звольніць прафсаюзнага актывіста
Фота: ximik.info

Адміністрацыя прадпрыемства хоча пазбавіцца ад таго, хто «стварае праблемы».

Актывіст Свабоднага прафзвязу Мікалай Шарах атрымаў паведамленне, што з ім не будзе прадоўжаны працоўны кантракт, паведамляе «Радыё Свабода».

На знак падтрымкі рабочага лідара аднадумцы пішуць у адміністрацыю «Шкловалакна» лісты пратэсту, а мясцовыя актывісты СПБ падалі заяўку на пікет.

«Калі з Мікалаем не прадоўжаць кантракт, то 29 красавіка ў яго апошні працоўны дзень. Таму 28 красавіка мы наважылі арганізаваць пікет у цэнтры горада. Наша мэта - дамагчыся, каб Мікалай Шарах не стаў беспрацоўным, бо ў кіраўніцтва прадпрыемства няма законных падстаў для ягонага звальнення. Імкненне адміністрацыі ААТ «Полацк-Шкловалакно» пазбавіцца ад прафсаюзнага актывіста можна растлумачыць толькі адным: дыскрымінацыяй паводле прыкметы сяброўства ў незалежным прафзвязе і нежаданнем мець на прадпрыемстве чалавека, які стварае «праблемы» для кіраўнікоў - дапамагае рабочым адстойваць свае працоўныя правы», - распавёў арганізатар пікета Віктар Стукаў, кіраўнік «пяршоўкі» СПБ на прадпрыемстве «Полацк-Шкловалакно».

Абвестку аб непадаўжэнні кантракта Мікалай Шарах атрымаў у канцы сакавіка. Ён працуе памочнікам майстра ў цэху вытворчасці шкловалакна, мае больш за 30 гадоў стажу і найбольшы досвед працы ў сваім цэху, а таксама дзве вышэйшыя адукацыі - тэхнічную і юрыдычную.

Апошні раз кантракт з ім быў укладзены на пяць гадоў. Праз месяц актывісту споўніцца 58 гадоў. Паводле калектыўнай дамовы з прадпрыемства нельга звольніць работніка, якому засталося менш за тры гады да пенсіі.

Аднак адміністрацыя пайшла на хітрасць, прадаўжае Віктар Стукаў:

«У калектыўнай дамове было сказана, што работніка перадпенсійнага ўзросту нельга звольніць, калі ён не меў рабочых спагнанняў цягам апошняга года. Аднак 1 сакавіка, якраз напярэдадні падзеяў з Мікалаем, у калектыўную дамову ўнеслі змены - запісалі, што спагнанняў нельга мець за ўвесь тэрмін за апошні рабочы кантракт. У выпадку Мікалая - гэта 5 гадоў, і за гэты тэрмін адміністрацыя знайшла пару зачэпак - спазненне на працу на 10 хвілін ў 2014 годзе, парушэнне інструкцыі ў ахове працы ў 2012 годзе, і нават прагул у 2012 годзе - калі Мікалай ездзіў на семінар за мяжу.

Дарэчы, яго самога ў якасці прадстаўніка СПБ не пусцілі на пасяджэнне камісіі ў працоўных перамовах, якая прыняла гэтыя змены», - падзяліўся Стукаў.

На думку Віктара Стукава, змены, унесеныя ў калектыўную дамову, незаконныя, бо заведама пагаршаюць становішча працаўніка. Гэта супярэчыць Працоўнаму кодэксу.

Мэты пікету ў падтрымку Мікалая Шараха - распавесці жыхарам Полацка аб парушэннях заканадаўства на прадпрыемстве і сабраць подпісы пад калектыўнай скаргай у адміністрацыю. Удзельнікі пікету будуць патрабаваць, каб апошнія змены ў калектыўнай дамове былі скасаваныя, і каб кантракт з актывістам СПБ быў падоўжаны на законных падставах.

Акрамя гэтага, актывісты СПБ пачалі кампанію лістоў пратэсту да адміністрацыі прадпрыемства з патрабаваннем прадоўжыць кантракт з Мікалаем.

Гісторыя з непадаўжэннем кантракту на ААТ «Полацк-Шкловалакно» ужо не першая. Некалькі гадоў таму, таксама з парушэннямі, быў звольнены кіраўнік «пяршоўкі» СПБ Віктар Стукаў. Цяпер ён «вызвалены старшыня»: кіраваць прафсаюзнай суполкай на прадпрыемстве прадаўжае, але аднавіцца на працы нават праз суд Стукаву не ўдалося. Цяпер адміністрацыя хоча пазбавіцца і ад ягонага намесніка Мікалая Шараха.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках