7 траўня 2024, aўторак, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крамлёўскія экспэрты: Эмбарга ў дачыненні да Захаду было памылкай

17

Дзяржаўныя аналітыкі нарэшце заўважылі, што «забароненая прадукцыя ўсё адно паступае на расейскі рынак праз іншыя краіны ЕАЭС».

Выбар прадуктаў харчавання ў якасці асноўнай зброі ў санкцыйнай вайне Расеі і Захаду выявіўся спрэчным, у тым ліку праз тое, што забароненая прадукцыя ўсё адно паступае на расейскі рынак праз іншыя краіны ЕАЭС, уключаючы Беларусь.

Да такой высновы прыйшлі экспэртна-аналітычныя цэнтры кансалтынгу пры органах дзяржаўнай улады Расеі, піша сайт naviny.by.

У жніўні 2014 года Расея ў адказ на эканамічныя санкцыі забараніла ўвоз харчавання з краін ЕЗ, Нарвегіі, ЗША, Канады і Аўстраліі. Меркавалася, што страціўшы расейскі рынак, краіны, якія трапілі пад эмбарга, не змогуць знайсці іншыя рынкі і будуць мець страты.

Аднак негатыўны ўплыў контрсанкцый на эканоміку гэтых краін быў абмежаваным. Агульны экспарт у 2015 годзе ў параўнанні з 2013 годам у грашовым выразе знізіўся ўсяго на 7%. Пры гэтым асноўнай прычынай падзення экспарту стала зніжэнне коштаў.

«Эмбарга наўрад ці змагло прычыніць сур'ёзную шкоду эканоміцы гэтых краін: харчовыя плыні хутка пераарыентаваліся з расейскага рынку на рынкі іншых краін. Зрабіць ім гэта было не складана з улікам невялікай удзельнай вагі Расеі ў іх экспарце і наяўнасці шырокай экспартнай сеткі ў іншых краінах», - гаворыцца ў «аператыўным маніторынгу эканамічнай сітуацыі ў Расеі», падрыхтаваным экспэртамі Інстытута эканамічнай палітыкі ім. Гайдара, Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы і Усерасейскай акадэміі замежнага гандлю Мінэканамразвіцця.

Пры гэтым, адзначаюць экспэрты, цалкам абмежаваць працэс паступлення харчавання з краін, якія знаходзяцца пад эмбарга, немагчыма. Гэтаму спрыяе адмова іншых членаў ЕАЭС прыняць аналагічную расейскай пастанову.

Акрамя таго, гаворыцца ў маніторынгу, нават у варунках зніжэння курсу расейскага рубля, росту ўнутранага кошту імпартных прадуктаў і неабходнасці пошуку вакольных шляхоў пастаўкі прадуктаў харчавання ў Расею па-ранейшаму прадстаўлялі эканамічны інтарэс.

«Прадукцыя з краін, якія трапілі пад эмбарга, усё ж паступае на рынак ЕАЭС, а адтуль - у Расею», - канстатуюць экспэрты.

Як гэта адбываецца, яны дэманструюць на прыкладзе гародніны і садавіны. Так, сярод краін ЕАЭС самы буйны спажывец гэтых прадуктаў - Расея. Аднак пасля абвяшчэння эмбарга плынь паставак у ЕАЭС гародніны і садавіны з ЕЗ не толькі не скарацілася, але, наадварот, адчувальна вырасла.

«Можна дапусціць, што павелічэнне росту паставак у ЕАЭС магло адбыцца праз павелічэнне попыту ў гэтых дзяржавах (выключаючы Расею). Аднак гэты дадатковы попыт не мог запатрабаваць павелічэння паставак з ЕЗ у 2-6 разоў», - мяркуюць экспэрты.

Так, паводле звестак Белстата, спажыванне гародніны ў 2015 годзе ў Беларусі вырасла ўсяго на 300 г на чалавека, а спажыванне садавіны знізілася на 4,5 кг на чалавека. У 2013 годзе блізу 700 тысяч тон яблыкаў у Расею паступіла з Польшчы. У 2015 годзе прыкладна такая ж колькасць паступіла з Беларусі. Такая сітуацыя назіраецца ў Казахстане.

«Такім чынам, дададзеная колькасць гародніны і садавіны, якая паступае з ЕЗ у ЕАЭС, магла быць спажытая толькі ў Расеі», - гаворыцца ў маніторынгу.

Яго аўтары прыходзяць да высновы, што выбар прадуктаў харчавання ў якасці асноўнага зброі ў санкцыйнай вайне выявіўся спрэчным. У тым ліку праз тое, што частка харчавання ўсё адно паступае на расейскі рынак праз ЕАЭС, бо эмбарга ўведзенае толькі ў Расеі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках