19 траўня 2024, Нядзеля, 14:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: «Вясна» заўсёды будзе разам з беларусамі

2
Алесь Бяляцкі: «Вясна» заўсёды будзе разам з беларусамі
Алесь Бяляцкі
ФОТА: FACEBOOK

26 красавіка 1996 года ўважаецца за дзень узнікнення праваабарончай ініцыятывы «Вясна-96», якая пазней ператварылася ў Праваабарончы цэнтр «Вясна».

У гэты дзень актывісты арганізаваліся для пошуку затрыманых удзельнікаў акцыі «Чарнобыльскі шлях - 1996».

Падзеі вясны 1996-го апісаў у сваіх успамінах старшыня праваабарончага цэнтру Алесь Бяляцкі:

- «Вясна 96-га года запомніцца назаўжды шэрагам значных спантанных акцый, якія прайшлі ў «свядомым» Менску, бунтам вольнасці незадаволеных менчукоў.

Вясной 96-га Лукашэнка наважыўся даць бой вулічнай дэмакратыі. І калі акцыі 15 Сакавіка (Дзень Канстытуцыі), 24 Сакавіка (святкаванне Дня Незалежнасці) і 2 красавіка (дэманстрацыя пратэсту супраць саюзнай дамовы) прайшлі адносна спакойна, то 26 красавіка, на «Чарнобыльскім шляху», міліцыя атрымала дазвол на гвалт.

26 - 27 красавіка было арыштавана некалькі сотняў чалавек. Юрый Хадыка і Вячаслаў Сіўчык трапілі ў следчы ізалятар, яны абвясцілі галадоўку, якую трымалі па тры тыдні, пакуль іх, пад ціскам Ельцына, не выпусціў Лукашэнка.

27 красавіка было арыштаванае амаль усё кіраўніцтва БНФ. За кратамі апынуліся Юрый Хадыка, Вячаслаў Сіўчык, Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і іншыя. Было адчуванне, што можа наступіць і наступная хваля рэпрэсій і мы пойдзем услед за арыштаванымі. Але ўлады праз некалькі дзён адкруцілі назад, і Вячорка з Баршчэўскім былі выпушчаныя.

Трэба было нешта супрацьпастаўляць гэтаму дзяржаўнаму гвалту. Неўзабаве на сядзібе БНФ на маю ініцыятыву была сабраная група людзей, у якую ўваходзілі Галіна Вашчанка, Мая Кляшторная і яшчэ некалькі чалавек, якая распачала тэрміновыя дзеянні ў зборы інфармацыі пра затрыманых, пошук дапамогі сем'ям. Хутка такую дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання - макароны, алей, крупы - мне перадаў адзін з маіх добрых знаёмых, прозвішча якога пакуль яшчэ рана называць. У музеі Багдановіча мы з супрацоўнікамі музея фасавалі гэтыя прадукты ў поліэтыленавыя пакеты з фірмовым знакам музея, а затым раздавалі пацярпелым і іх сем'ям. Так, завезлі добрую сціжму харчоў дадому сем'ям Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка, якія яшчэ знаходзіліся ў турме.

З 1996 года ў мяне захавалася копія заяўкі на пікет ля Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, падпісанай мною і яшчэ адным менскім дэпутатам Уладзімірам Несцеравым, дзе мы прасілі дазволіць нам правесці пікет 28 жніўня з 11.00 да 16.00 з тэмай «Спыніць пераслед грамадзянаў паводле палітычных матываў». Напалоханыя грамадскай актыўнасцю ўлады пачалі перашкаджаць нават у правядзенні чыста культурных акцый. Так, 25 траўня ў дзень памяці Максіма Багдановіча ля ягонаг помніка, дзе традыцыйна збіраліся людзі і музей Максіма Багдановіча праводзіў традыцыйную імпрэзу з выступамі і музычнай часткай, былі затрыманыя некалькі чалавек, а на мяне, на той час яшчэ дырэктара музея Максіма Багдановіча, як на арганізатара «несанкцыянаванай акцыі» склалі пратакол і спрабавалі асудзіць.

Такім быў пачатак дзейнасці Праваабарончага цэнтра «Вясна». Таксама першапачаткова я ствараў хроніку рэпрэсаваных, першы варыянт якой з'явіўся ў кніжцы «Менская Вясна 96», а затым яна рэгулярна папаўнялася ў «Беларускіх ведамасцях», якія ў эміграцыі пачаў выдаваць Зянон Пазняк. Фіксацыя парушэнняў правоў чалавека стала адной з галоўных задач.

15 чэрвеня 1999 году арганізацыя была зарэгістраваная як Грамадскае аб'яднанне «Праваабарончы цэнтр «Вясна». Уяўляе сабой рэспубліканскае аб'яднанне з цэнтрам у Менску і рэгіянальнымі арганізацыямі ў большасці вялікіх гарадоў Беларусі.

Пастановай Вярхоўнага суда Беларусі 28 кастрычніка 2003 года за ўдзел у назіранні пад час прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Праваабарончы цэнтр «Вясна» быў беспадстаўна пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі, а 6 сакавіка 2004 года быў прыняты ў Міжнародную федэрацыю за правы чалавека (FIDH).

«20 гадоў «Вясны» для мяне азначаюць 20 гадоў найноўшай гісторыі Беларусі. Усё, што адбывалася з нашай арганізацыяй - яе ўзлёты і падзенні, трагічныя і радасныя моманты - непадзельна звязаныя з нашай гісторыяй.

«Вясна» на сённяшні дзень - частка нашага грамадскага і гістарычнага працэсу. Яна значыць больш, чым проста недзяржаўная арганізацыя. Можна сказаць: «Вясна» - гэта больш, чым праваабарончы цэнтр.

Асноўны стратэгічны кірунак нашай працы захоўваецца, і мы будзем трымаць руку на пульсе нашага грамадства і жыць жыццём беларускага народа. Гэта значыць, што ягоныя поспехі і праблемы будуць нашымі поспехамі і праблемамі», - заявіў Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю charter97.org.

Рэдакцыя charter97.org віншуе «Вясну» з 20-годдзем і жадае па-сапраўднаму вясновай энэргіі і поспехаў у праваабарончай дзейнасці.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках