3 траўня 2024, Пятніца, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забруджаныя радыяцыяй глебы адновяцца толькі да 2400 года

21
Забруджаныя радыяцыяй глебы адновяцца толькі да 2400 года
ФОТА: GREENPEACE.ORG

Аднак Лукашэнка патрабуе як мага хутчэй узараць, засеяць і засяліць тэрыторыі, пацярпелыя ад катастрофы.

«Беларусь зрабіла правільна, пайшоўшы шляхам рэабілітацыі тэрыторый, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», - заявіў сёння ў час наведвання Гомельскай вобласці дыктатар.

З ягоных слоў, забруджаныя пасля аварыі на ЧАЭС землі на ягоны ўказ ўжо даўно засяляюць і засейваюць.

«Сёння ў Ельскім раёне амаль не засталося зямель, якія трэба вяртаць да жыцця. Ужо няўдобіцы разаралі», - ганарыцца сабой Лукашэнка.

«Вазьміце Добрынь: 50 чалавек у дзіцячым садку, яшчэ столькі ж гатовыя хутка туды прыйсці. Значыць, ёсць перспектыва, ёсць жыццё», - запэўнівае дыктатар.

Аднак, як высветліў сайт charter97.org, нават на дзяржаўных сайтах, прысвечаных праблематыцы наступстваў на Чарнобыльскай АЭС, можна знайсці дзясяткі контраргументаў тэорыі Лукашэнкі пра бяспеку і развіццё зямель, пацярпелых ад аварыі.

Так, напрыклад, на афіцыйным сайце chernobyl.gov.by гаворыцца пра праблему назапашвання ў глебе небяспечных элементаў.

«Праз 100 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС, у 2086 годзе, агульная актыўнасць глебы на забруджаных тэрыторыях Рэспублікі Беларусь будзе ў 2,4 разы вышэйшай, чым у пачатковы пасляаварыйны перыяд», - гаворыцца ў справаздачы аб наступствах аварыі на ЧАЭС.

Пры гэтым зніжэнне α-актыўнасці глебы чакаецца толькі пасля 2400 года.

Аднак Лукашэнку пляваць на заключэнне спецыялістаў - паводле ягоных словаў, «за пяцігодку, якая пачалася, пры ўсіх праблемах і цяжкасцях, мы канчаткова развяжам усе пытанні, звязаныя з поўднем нашай краіны, каб гэтыя землі забыліся пра былую трагедыю».

Што тычыцца засялення забруджаных зямель, то высновы экспэртаў тут несуцяшальныя:

«Эканамічны крызіс паставіў радыеактыўна забруджаныя тэрыторыі ў асабліва складаныя сацыяльна-эканамічныя варункі. На іх асабліва значна выяўляюцца агульныя рысы крызісу: спад вытворчасці, адток з гэтых раёнаў насельніцтва, неразвітасць спажывецкага сектара, нізкі ўзровень задавальнення патрэбаў у сацыяльна-бытавым і медыцынскім абслугоўванні насельніцтва.

У такіх варунках практычна немагчымае ні хуткае самааднаўленне пацярпелых тэрыторый, ні наўпроставая рэстаўрацыя размешчаных на іх аб'ектаў гаспадаркі», - гаворыцца ў справаздачы спецыялістаў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках