26 красавiка 2024, Пятніца, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарадца міністра энэргетыкі Літвы: У нас ёсць пяць пытанняў да ўладаў Беларусі

5
Дарадца міністра энэргетыкі Літвы: У нас ёсць пяць пытанняў да ўладаў Беларусі
Мантас Дубаускас

Літва паслядоўна крытыкуе Беларусь за будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы на адлегласці прыкладна ў 50 км ад Вільні.

Таму што, са словаў літоўскіх чыноўнікаў, Менск вельмі скупа падае інфармацыю аб АЭС, Вільня звяртаецца па дапамогу ў міжнародныя арганізацыі і нават збіраецца фізічна блакаваць пастаўкі энэргіі з Астравецкай АЭС у Літву.

На пытанні карэспандэнт charter97.org у Вільні адказаў Мантас Дубаўскас, дарадца міністра энэргетыкі Літвы.

- Якую пазіцыю займае Літва і іншыя краіны балтыйскага рэгіёну аб пабудове ў Беларусі ў Астраўцы атамнай электрастанцыі?

- Перш за ўсё, нас турбуе, што Беларусь падчас будаўніцтва не прытрымліваецца ні міжнародных нормаў па атамнай і радыяцыйнай бяспецы, ні нормаў аховы навакольнага асяроддзя. Міністр энэргетыкі Літвы Рокас Масюліс з міністрамі энэргетыкі Польшчы, Латвіі і Эстоніі абмеркавалі сітуацыю, што парушае нормы будаўніцтва АЭС у Астраўцы. У выніку 14 красавіка пасля саміту ў Рызе, у якім узяў удзел Масюліс, віцэ-прэм'ер, міністр эканомікі Латвіі Арвілас Ашэрандэнс і эстонскі міністр эканомікі і інфраструктуры Крыстэн Міхал заявілі, што сітуацыя, калі праект атамнай станцыі ў Беларусі не адпавядае міжнародным патрабаванням, цалкам непрымальная.

- Патрабаванні Літвы да Менска што да будаўніцтва АЭС?

- З пачатку 2009 года мы беспаспяхова спрабуем атрымаць адказы на наступныя пытанні:

1) Чаму для будаўніцтва выбралі пляцоўку на адлегласці 50 кіламетраў ад Вільні;

2) Якім чынам прадугледжваецца выкарыстанне вод ракі Нёман для астуджэння рэактараў АЭС і які ўплыў гэта зробіць на экасістэму ракі;

3) Ці можа рэактар вытрымаць удар падаючага самалёта ў выніку тэракту;

4) Уплыў эксплуатацыі станцыі ў нармальных варунках і ў крытычных варунках на навакольнае асяроддзе Літвы і яе жыхароў;

5) Якім чынам будзе развязвацца пытанне ўтылізацыі выкарыстанага ядзернага паліва (наколькі вядома, у Беларусі няма ні досведу што да ўтылізацыі, ні прыдатнай інфраструктуры).

Таксама мы стала нагадваем нашым беларускім партнёрам аб тым, каб яны запрасілі камісію міжнароднага агенцтва ў атамнай энэргіі (МАГАТЭ), экспэрты якой маглі б ацаніць, ці не былі парушаныя нормы пры выбары пляцоўкі для будаўніцтва атамнай станцыі.

Далей, хоць у 2011 годзе Беларусь і Расея з аднаго боку і Еўрапейская Камісія з другога падпісалі дэкларацыю, паводле якой абавязаліся выканаць стрэс-тэсты атамнай станцыі паводле еўрапейскіх стандартаў, гэтага не адбылося дагэтуль.

- Якія захады збіраецца ўжыць Літва, калі Беларусь і далей прадоўжыць ігнараваць патрабаванні Вільні?

- Перш за ўсё, мы прадоўжым актыўна абмяркоўваць гэтае пытанне на ўзроўні Еўрапейскага Звязу ў рамках МАГАТЭ і іншых міжнародных арганізацыях. Таксама будзем супрацоўнічаць у пытанні АЭС у Астраўцы з суседнімі краінамі, каб выпрацаваць агульную пазіцыю.

21 красавіка літоўскі аператар размеркавальных сетак "Litgrid" разам з навукоўцамі з Каўнаскага ўніверсітэта падрыхтаваў рапарт, у якім даследаваліся тэхнічныя магутнасці ў абмежаванні паставак электраэнэргіі з атамнай станцыі ў Астраўцы ў Літву. Міністэрства энэргетыкі Літвы ў гэты момант інтэнсіўна вывучае высновы рапарту і ў найбліжэйшай будучыні падрыхтуе далейшы план дзеянняў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках